Сайт для бабулi
Вiртуальнае iнтэрв’ю
З героем гэтага матэрыялу мы нiколi не бачылiся. I нават не размаўлялi — у звычайным сэнсе. Проста аднойчы, у чарговы раз блукаючы па сусветнай павуцiне, натрапiла я на цiкавы сайт (http://dobraja. ambiont. com). «Ёсць у Горацкiм раёне Магiлёўскай вобласцi вёска Добрая, — пiсаў невядомы аўтар. — Там жыве мая бабуля, Марыя Андрэеўна Нябесная. Гэты сайт — мой маленечкi падарунак ёй». Уразiла нават не тое, што клапатлiвы ўнук падарыў 85-гадовай бабулi старонку ў Iнтэрнэце. Проста такое чуйнае стаўленне да народных традыцый i сямейных паданняў, беларускай мовы i ўласных каранёў сёння сустрэнеш не часта. У асобных раздзелах змешчаны гiсторыя сям’i, бабулiны ўспамiны пра калектывiзацыю, Вялiкую Айчынную вайну, гiсторыi з вясковага побыту, дыялектны слоўнiчак, мiнi-зборнiк прыказак i прымавак — адна за адну цiкавейшыя...Я напiсала стваральнiку сайта, ён мне адказаў. Так мы i пазнаёмiлiся з Паўлам Няхаевым. Павел — практычна мой аднагодак, скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмiю, жыве i працуе ў Горках. На жаль, сустрэцца нам пакуль што так i не выпала — занятыя абое, таму гутарка атрымалася «завочнай», вiртуальнай. Але ад таго, спадзяюся, не менш цiкавай. Сайтаў беларускiх вёсак (i аматарскiх, i «афiцыйных») у Iнтэрнэце зараз ужо хапае. Але вось каб сайт для бабулi адкрыць — з такiм я сутыкнулася ўпершыню. Таму адразу накiнулася на Паўла з пытаннем: адкуль ногi ў iдэi растуць? Iдэя ўзнiкла не адразу, а калi ўжо сабраўся пэўны матэрыял. Бабулiны ўспамiны я пачаў запiсваць дзесьцi год таму; першай была гiсторыя пра «Маланнiна сала». Яна так i прасiлася быць запiсанай — мела выразную кампазiцыйную будову, цi як гэта яшчэ назваць. Калi запiсаў вершык пра калектывiзацыю, якi бабка вывучыла ў дзяцiнстве, захацелася даведацца, хто аўтар — але ў Iнтэрнэце я нiчога не знайшоў. Падумаў: «Трэба вывесiць тэкст, магчыма, нехта ведае аўтара». Пасля: «А чаму б не апублiкаваць i ўсё астатняе?». Пацiху запiсваў, рабiў накiды структуры сайта, думаў над дызайнам. Канкрэтных тэрмiнаў запуску не планаваў — толькi ўвосень, калi перанёс свой сайт да iншага хостынг-правайдара i з’явiлася магчымасць адкрываць дадатковыя субдамены (як быццам сайт унутры сайта), тады i сабраў усё цалкам. Сайт пачаў працаваць з 14 лiстапада 2004 года. Дарэчы, Павел бачыў у «Звяздзе» артыкул пра так званыя «вясковыя сайты» i ўдакладнiў для нас, што Магiлёўская вобласць таксама «адзначылася» ў Iнтэрнэце мiнiмум 2—3 сайтамi. «Яшчэ я сустрэў вельмi цiкавы (хоць i жахлiвы на выгляд) сайт — чалавек з Быхава ў пошуках продкаў сабраў базу даных па жыхарах раёна аж да ХVII стагоддзя! Толькi вось сайты гэтыя складана адшукаць, бо iхнiя аўтары, як правiла, хiтрыкамi вэб-будаўнiцтва не валодаюць i не ведаюць, як зрабiць, каб старонку можна было лёгка адшукаць». — Павел, твой сайт зроблены вельмi якасна, на iм лёгка арыентавацца. Ты зрабiў такi цуд на чыстым натхненнi, альбо давялося атрымлiваць спецыялiзаваную адукацыю? — Дзякуй. Не шэдэўр дызайну, канешне, але як быццам няблага атрымалася. Што ты, якая «спецадукацыя»! Я па спецыяльнасцi эканамiст-мiжнароднiк. А вэб-дызайн давялося асвоiць, калi рабiў уласны сайт (нейкi час займаўся фатаграфiяй i хацеў змясцiць свае здымкi ў Iнтэрнэце — http://ambiont.com). Справа гэта мне вельмi спадабалася, i зараз будаўнiцтва сайтаў — асноўная крынiца даходаў. Яшчэ падпрацоўваю ў БДСГА, заняткi па мiжнародных эканамiчных адносiнах i сусветным гандлi вяду, але гэта хутчэй з пачуцця патрыятызму да роднай ВНУ. Сайты рабiць больш цiкава i прыбыткова. Дарэчы, займаюся яшчэ адным некамерцыйным праектам — раблю нефармальны сайт студэнтаў i выпускнiкоў нашай спецыяльнасцi (http://gorki-meo.org). Так што тэхнiчнай дапамогi з бабулiным сайтам не патрабавалася. Адзiнае, што знаёмая супрацоўнiца Горацкай карцiннай галерэi дапамагла знайсцi карту раёна i пазычыла дыктафон, за што ёй дзякуй вялiзны. Канчатковае графiчнае рашэнне сайт атрымаў пасля таго, як Павел зрабiў некалькi «велапрабегаў» у вёску i сфатаграфаваў дарожны паказальнiк «ДОБРАЯ». Гэта фота цяпер i сустракае наведвальнiкаў на першай старонцы сайта — разам з партрэтам Паўлавай бабулi Марыi Нябеснай. — Дарэчы, як адрэагавала галоўная гераiня — бабуля, калi даведалася пра твой падарунак? Яна ўвогуле гэты сайт бачыла, цi толькi чула пра яго? — Ну, гiсторыi ж свае яна мне расказвала не спецыяльна для сайта; я рабiў усё «цiха-тайна». Бабка мо тысячу разоў гаварыла, што пра яе жыццё кнiжкi пiсаць можна, аднак калi я расказаў ёй пра сайт, паглядзела на мяне... вельмi выразна: «Навошта табе гэтай дуратою маяцца?». Толькi калi сама пачытала раздрукоўку нататкi, змешчанай на TUT.BY, i водгукi наведвальнiкаў, — «пранiклася». I ўзрадавалася, нават вочы заблiшчэлi. Я ёй растлумачыў, што сайт — гэта нiбы «кнiжка па тэлевiзары, якую хто заўгодна i калi заўгодна можа чытаць». Наведвальнiкам бабуля папрасiла перадаць прывiтанне, «хай жывуць здаровыя». Словам, яна адназначна «за». На жаль, з манiтора камп’ютара Марыя Андрэеўна на сайт так i не паглядзела, «мышкай» не пашчоўкала, на фота не падзiвiлася. А ўсё па банальнай прычыне: у горадзе не была ўжо гады два. «Усё нiяк не магу ўгаварыць яе прыехаць у госцi, — скардзiцца Павел, — кормiць «абяцанкамi». А ў вёску з такой цёплай назвай Добрая аўтобусы ходзяць зусiм не па-добраму: унук ледзь паспявае дабегчы да бабулiнага дома i аддаць сумку з «гарадскiмi» прадуктамi, як трэба ўжо бегчы назад, каб аўтобус не паехаў без цябе... — Бабуля сайт ухвалiла, а якiя водгукi, заўвагi i прапановы паступалi ад iншых людзей — сяброў, наведвальнiкаў? — Ведаеш, мяне рэакцыя на сайт здзiвiла. Тыя, каму я «да запуску» расказваў пра iдэю «бабулiнага сайта», касавурылiся, мякка кажучы, скептычна. А цяпер многiя пiшуць, маўляў, шкадую, што не слухаў, не запiсваў успамiны сваiх старых... Некаторыя кажуць, што абавязкова будуць запiсваць байкi бабуль-дзядуляў — нехта даўно збiраўся гэта зрабiць, ды рукi не даходзiлi, або лiчылi, што бабка/дзедка ў мяне самыя звычайныя, не камандзiры партызанскiх атрадаў i не Героi Савецкага Саюза, дык навошта запiсваць... Унiкальным «бабулiным сайтам» зацiкавiлiся газеты, дый з Магiлёўскага абласнога тэлебачання прапаноўвалi прыехаць i зняць рэпартаж. Аднак Марыя Андрэеўна не пагадзiлася па прычыне прыроднай сцiпласцi. — Павел, прозвiшча тваёй бабулi вельмi прыгожае, гучнае: Нябесная. Ты не даследаваў, адкуль яно пайшло? Можа, на сайце з’явiцца гэта гiсторыя, цi карта-схема вёскi, цi аповяд пра спецыфiчны гумар i прозвiшчы жыхароў Добрай? — Я было пачаў рабiць 3d-мадэль бабулiнай хаты, гэткую вiртуальную экскурсiю, аднак зусiм няма часу гэтым займацца. Спадзяюся ўсё ж калi-небудзь скончыць. Ой, а пра спецыфiчныя жарты i даследаванне прозвiшчаў можна было б шмат чаго напiсаць! Асаблiва пра мянушкi, якiя мае кожны жыхар. Гэта вельмi цiкава: чаму, напрыклад, адну бабку завуць не па iменi-iменi па бацьку, а «Пiлаточыха» (бо ў яе муж на лесапiлцы працаваў, пiлы тачыў). Цi такая рэч: звычайна жанчын называюць па iменi мужа, г. зн. Максiмiха — жонка Максiма. А вось ёсць мужыкi, якiх называюць «па жонцы» — Арынавiч, Марынавiч. Магчыма, жонкi — больш выбiтныя асобы? ...Але пра гэта я пiсаць не буду, бо героi даведаюцца i пакрыўдзяцца. Наўрад цi я маю права выцягваць на публiку падзеi з чужога жыцця. А наконт «Нябеснай» — так, прыгожае прозвiшча. Толькi яно бабулi ад мужа перайшло. Я пытаўся ўжо, адкуль у дзеда Васiля такое прозвiшча, ды бабуля i сама дакладна не ведае. Памятае толькi, што бацькi мужа, Нябесныя, жылi на хутары — i, што цiкава, памёрлi практычна адначасова. — Мяркуючы па раздзелу «Родныя», у даследаваннi ўласных каранёў ты дабраўся да прапрадзеда. А яшчэ глыбей капаць (нашым продкам-славянам, кажуць, трэба было ведаць свой род да пятага калена) не збiраешся? — Збiраюся... Спадзяюся, калi-небудзь канчаткова збяруся. — Песнi i прыказкi, якiя ты вывесiў на сайце, напiсаны своеасаблiвай, жывой беларускай мовай. Ты ёй сам добра валодаеш — альбо пры размове з той жа бабуляй патрэбен «перакладчык» у асобе бацькоў? — Не, навошта ж перакладчык? Я ў вёсцы вырас — мы пераехалi туды з Оршы, калi мне было 3 гады, i жылi, пакуль я не пайшоў у школу (тады перасялiлiся ў Горкi). Дый пасля кожнае лета я ў вёсцы праводзiў. Таму ў размовах з бабуляй аўтаматычна пераходжу на дыялект — па-першае, ёй так прасцей, па-другое, самому падабаецца. Такiя ж слоўцы ёсць ёмiстыя! I бабуля, i мацi iншым разам як скажуць што-небудзь! Этымалогiю i значэнне слоў яны часта i самi не ведаюць — толькi з кантэксту можна здагадацца. Вось, напрыклад, выраз «ча ты рягочыш, як зысля?!». Бабка так i не змагла мне растлумачыць, што альбо хто такi гэты «зысля». — Павел, ты ўвогуле даўно зацiкавiўся фальклорам? I цi толькi Магiлёўшчынай гэта цiкавасць абмяжоўваецца? — Я не назваў бы гэта так гучна — «цiкавасць да фальклору». Хутчэй, зацiкаўленасць персанальнай гiсторыяй бабулi i «унiкальным лакальным моўным феноменам». Гэта толькi адзiн з мноства маiх iнтарэсаў, якiм я не займаюся мэтанакiравана i метадычна. Проста ёсць файлiк, куды ўжо некалькi гадоў пры выпадку запiсваю новую «здабычу»: словы i прымаўкi. Мясцовыя показкi, фразеалагiзмы, выразы збiраю ўжо гады 3-4, нават «падсадзiў» на гэту справу аднаго свайго сябра — ён пераехаў у Стаўбцоўскi раён, да бацькоў жонкi, i пачуў шмат новага i незразумелага. — Як створаны табой сайт будзе развiвацца далей: ператворыцца ў вiртуальны музей адной сям’i, а цi мо аб’яднаецца з аналагiчнымi праектамi? — Па-першае, спадзяюся, што сайт увогуле будзе развiвацца. Вельмi складана знайсцi час нават на паездку ў вёску, а хочацца запiсаць як мага больш бабулiных успамiнаў. Гэта галоўнае. Нейкiх глабальных мэтаў я не стаўлю. Ёсць, канешне, iдэi, аднак на iх рэалiзацыю патрэбны рэсурсы — зноў жа час, грошы i новыя веды. — Як першапраходца, дай, калi ласка, квалiфiкаваную параду аднагодкам, якiя таксама хочуць больш даведацца пра гiсторыю — сваю ўласную i гiсторыю роднай зямлi. З чаго (цi з каго) трэба пачынаць? Квалiфiкаваную параду, кажаш? Не адкладваючы на потым, трэба наведаць сваiх старых i душэўна з iмi пагаварыць. Яны толькi i чакаюць, каб iх выслухалi, бо кожнаму ёсць што расказаць. Паслухалi? Малайцы. А зараз запiшыце — пакуль не выветрылася з памяцi. Калi ёсць дыктафон — тым лепш! Ну, i паспрабуйце размясцiць запiсы ў Iнтэрнэце — гэта абавязкова будзе цiкава для iншых. Многiя зараз вядуць ЖЖ («живой журнал» — нешта накшталт вiтруальнага асабiстага дзённiка. — Аўт.) i iншыя розныя блогi, апiсваюць дробныя здарэннi, нязначныя i пустыя думкi... Замест гэтага паспрабуйце зрабiць сайт з успамiнамi сваiх старых — гэта куды больш карысна. Я — не магу не пагадзiцца. А тым, хто лiчыць занатоўку ўспамiнаў родных справай нецiкавай, рэкамендую спачатку паспрабаваць стварыць такi «бабулiн сайт». Пасля паспрачаемся. Калi будзе аб чым. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. ГIСТОРЫЯ З САЙТА «На Каляды i на Масленку прiхадзiлi музыканты iграць. Сабiраюць з кажнай хаты грошы «на йгру», а то плацiлi зярном цi яшчо чым. На Вялiкадня — за яйцы iгралi. А хто не плоцiць, к таму музыканты ўжо не йдуць, i выганяюць iх тада з другiх хат. I ходзяць па очэредзi па ўсiх хатах — клуба не было. Мы на хутаре жылi, за рякой, дык дзядзькi за мяне заплоцюць (не поўнасцю — я ж пуцанка яшчэ была, гадоў 10 можа), ну дык тады мяня не выганяюць, гуляем, танцуем. Мы, дзетвара, i «гарбацiкамi» дзелалiся, i «карлiкамi». Што такое «гарбацiкi»? Ну, горб прiдзялывалi. Шубы выварачывалi, аблавушкi сама дзiрявыя надзявалi — дзядамi старымi дзелалiся. I карлiкамi: у рукавы ўсодзюць каромiсел, што не разагнешся. Вымажуць вочы, каб ужо не пазнаць, i скачуць... даюць волю «дзядам» — танцуйця. I «Смерць» дзелалi. Возьмуць льняныя простынi (свае — куплёных жа раньшэ дужа не было), у старых баб плаццi доўгiя — палякi вышываныя, з рукавамi, з брындамi — дык гэту брынду надзенуць. З бальшэя белыя рэдчыны вырежуць вочы, маскi такiя дзелаюць. Губы красным намажуць, свечку ў рукi, касу. Ды па хаце ходзiць гэта Смерць — страхата! А тады здзелаюць «кабылу»: два чалавекi стануць, колля на плечы, i дзяругаю тую кабылу накрыюць (адзеялаў жа тады не было, дзярюгу бралi). З шубы рукаў наткаюць, як лыч у кабылы; i вушы здзелаюць, i ўсё... Садзiцца ездак — i ў хату на кабыле етай едуць. Тады ўжо хлопец, калi ўсердзiцца на дзеўку якую, калi яна не хоча з iм прайцi — дык ремень накручываець, бiзун такiй. I плёткаю тую дзеўку так спетаець — можа i да плачу давядзець, калi ня хочыць яна з iм дружыць! Дык дзеўкi тады зашчышчаюцца, надзяюць свае кухвайкi цi якое там адзенне. А патом кабыла — брык! — зарыецца i ляжыць. «У кабылы амiнгiт!» — i завуць «вецiнара». Прыходзiць «вецiнар»: сумка пад пахай, бутылка з вадой, — давай кабылу лячыць. Вадой аблiвае i кабылу, i ўсю эту маладзёж. Ай, гвалт тады — крiчаць, шуцяць. На Каляды дзве нядзелi так вытваряюць! Весела было, счас такога няма...».
|