 10 сакавiка 2010 года № 9 (15612)Пукст, нам цябе недастаткова!
Лікуйце, аматары-"нефарматары"! Самы эпатажны музычны выканаўца
Беларусi Сяргей Пукст прэзентаваў паэтычны зборнiк "Чужой воздух".
Імпрэза адбылася ў галерэi сучаснага мастацтва "Ў". Пазнаёмiцца
з паэзiяй таленавiтага музыкi сабралiся яго прыхiльнiкi. Сяргей
Пукст застаўся адданым сабе: вечарына была прасякнутая... глупствамi
i драйвам. Госцi не скупiлiся на пытаннi, але Сяргей больш радаваўся
цыдулкам. Прыемна, як-нiяк!
"Мае самыя значныя разважаннi сканцэнтраваныя ў кнiзе, — кажа Сяргей.
— Я напiсаў гэтыя вершы ў часы, калi яшчэ думаў над тым, як наогул ствараюцца
вершы. Пазнаёмiўся з прынцыпам шырокай метафары Марынэцi: чым шырэй
метафара, тым яна дакладней. У маёй паэтычнай творчасцi дзейнiчае
прынцып "арэляў". Гэта значыць, я параўноўваю два станы, дзве сiтуацыi.
У зборнiку вы не знойдзеце нi знакаў прыпынку, нi вялiкай лiтары. Пунктуацыя
— гэта непатрэбная рэч для паэзii...
"Пукстаманы": Сяргей, цi ёсць у вас нейкiя адхiленнi ў псiхiцы?
Сяргей Пукст: Кожны чалавек, якi пiша, мае нейкiя адхiленнi. Здаровыя людзi не
пiшуць.
П: Вашы любiмыя пiсьменнiкi?
С.П.: Велiмiр Хлебнiкаў i Андрэй Платонаў. Кожны радок з Платонава прымушае
задумацца, а ўвогуле я паважаю футурыстаў.
П.: У тузiне хiтоў з'явiлася беларускамоўная версiя вашай песнi "Триумф
воли". Цi збiраецеся вы i далей у сваёй творчасцi выкарыстоўваць беларускiя
тэксты?
С.П.: Па-першае, я хачу падзякаваць Андрэю Хадановiчу. Ён так удала падабраў
словы, што пераклад атрымаўся больш ёмiстым за арыгiнал. Гэта ўнiкальны
выпадак. Тут рэверанс у бок перакладчыка.
П.: Не хацелi б вы самарэалiзавацца ў кiнематографе?
С.П.: Цяпер я ствараю музыку для фiльма Андрэя Кудзiненкi "Масакра".
П.: Цi праводзiце вы цяпер кватэрнiкi?
С.П.: Так. Сачыце за навiнамi ў маiм блогу.
П.: Сёння колькасць музычнай прадукцыi, якая выпускаецца, вялiкая, а
вось якасць — нiзкая. Як вы гэта пракаментуеце?
С.П.: Гэта вельмi доўгая размова. Але калi ў двух словах, то тэндэнцыя такая:
гук важнейшы за наватарства. Сустракаецца шмат банальнасцi, якая назаляе.
П.: Каго вы лiчыце лепшым за сябе ў музыцы?
С.П.: Шмат каго. Але з беларускiх выканаўцаў — нiкога... Хiба Iван Кiрчук
з "Троiцы". У мяне няма культуры, але ёсць драйв!
Канцэрт, як i абяцаў сам Пукст, быў нядоўгiм, але, як заўсёды з запалам,
драйвам. Хiба кожны выканаўца прычэпiць сабе заечы хвосцiк i апране
кажух? Сяргей выходзiў на бiс ажно чатыры разы. I з кожным разам публiка
крычала ўсё гучней: "Пукст, нам цябе недастаткова!"
Пасля выступлення музыка раздаваў усiм ахвотным аўтографы. Адзiн
з "пукстаманаў", якому не хапiла грошай на кнiгу, папрасiў распiсацца
на дваццацiрублёвай купюры. Што скажаш — якi выканаўца, такiя i фанаты!
Чакаем новых "некультурнасцяў" i глупстваў ад фенаменальнага i непаўторнага
Сяргея Пукста.
"Пукстаманы" Каця Радзюк i Аксана Манчук.
|