Аплаткавыя спатканнi ў Лагiшыне
Лагiшын, адзiны на Пiншчыне гарадскi пасёлак, слаўны перш за ўсё гiсторыяй сваiх
храмаў. У цэнтры яго ўзносяцца купаламi да неба праваслаўная Свята-Праабражэнская
царква i чырвоны каталiцкi касцёл Святых Пятра i Паўла. А людзi тут спрадвеку
жывуць у згодзе i шануюць агульную заступнiцу — Мацi Божую Лагiшынскую.
Абразу больш за 300 гадоў. Цяпер ён знаходзiцца ў алтары касцёла. А першы касцёл
у Лагiшыне ўзвёў у 1634 годзе Пiнскi стараста Альбрэхт Станiслаў Радзiвiл. Пасля
паўстання 1863 года касцёл трапiў у нямiласць, быў перанесены на праваслаўныя
могiлкi, а потым згарэў. На яго месцы у канцы ХІХ стагоддзя пабудавалi праваслаўную
царкву. Але лагiшынскiя католiкi не здраджвалi сваёй веры, i ў 1909 годзе пабудавалi
свой прыгожы храм. Знакамiты ж абраз усё адно захоўваўся ў праваслаўнай царкве.
Ды ў 1938 годзе яго тайком вывезлi ў Польшчу. I толькi 13 гадоў таму Мацi Божая
Лагiшынская вярнулася на радзiму. У маi 1997 года кардынал Казiмiр Свёнтэк правёў
каранацыю цудадзейнага абраза.
Цяпер пакланiцца Мацi Божай заходзяць усе лагiшынцы, бо ўсе лiчаць яе сваёй.
I "Калядныя сустрэчы" сталi агульным святам пасёлка, хоць ужо 15 гадоў iх рыхтуюць
i ладзяць актывiсты Лагiшынскага аддзела "Саюза палякаў на Беларусi". Як сказала
кiраўнiк гэтай грамадскай арганiзацыi Янiна Лукашэвiч, "сустрэчы" сталi не проста
культурным мерапрыемствам, а знакавай штогадовай падзеяй для ўсяго Лагiшына. "Калядныя
сустрэчы", iншая iх назва "Аплаткавыя спатканнi", праводзяцца пасля 7 студзеня,
калi Раство наступае для ўсiх жыхароў пасёлка. А ўдзельнiкi гуртка па вывучэннi
польскай мовы рыхтуюць святочную тэатралiзаваную праграму на тэму Раства Хрыстова.
Кожны год праграму паказваюць новыя ўдзельнiкi, таму кожны раз пiшацца новы сцэнарый.
Вiтаюцца iмправiзацыi, фантазiя i творчая навiзна юных сцэнарыстаў. Абавязковым
элементам свята па традыцыi з'яўляецца абмен i частаванне аплаткамi — асвечаным
хлебам.
З цягам часу гасцей "Калядных сустрэчаў" становiцца ўсё болей. Сёлета на 15-ы
святочны вечар прыехалi ў лiку iншых загадчыкi аддзелаў адукацыi i культуры Пiнскага
раёна, прыйшлi старшыня Лагiшынскага пасялковага Савета, кiраўнiкi мясцовых устаноў
адукацыi. Ну а месцiчы прыходзiлi сем'ямi. Галоўнае, паводле слоў Янiны Лукашэвiч,
удзельнiкi iмпрэзы вельмi старалiся i змаглi запалiць гледачоў святочным настроем.
Усе частавалiся аплаткамi, вiншавалi адзiн аднаго з калядамi, жадалi шчаслiвага
i ўдачлiвага года.
Янiна Бранiславаўна — настаўнiца. I як кiраўнiк грамадскай арганiзацыi яна будуе
працу найбольш з асветнiцкiм ухiлам. Вясковы дзiцячы гурток па вывучэннi польскай
мовы, якi, дарэчы, яна сама i вядзе, быў не раз адзначаны на раённым i абласным
узроўнi. Бо навучэнцы гуртка неаднойчы з конкурсаў, алiмпiяд прывозiлi дыпломы
i граматы. Вось i не так даўно вучанiцы Лагiшынскай школы Таццяна Чэмбург i Юлiя
Дубнавiцкая занялi прызавыя месцы на конкурсе знаўцаў польскай мовы. Моладзь з
задавальненнем вывучае мову сваiх продкаў, адзначае Янiна Лукашэвiч. I не толькi
мову, але i гiсторыю. У Лагiшыне з 2003 года дзейнiчае клуб аматараў польскай
кнiжкi. Аб'яднанне створана пры мясцовай бiблiятэцы. Сябры клуба не толькi чытаюць
польскую лiтаратуру, але i ездзяць на экскурсii па гiстарычных мясцiнах Польшчы
i Беларусi. З арганiзацыяй экскурсiй па Польшчы, як правiла, дапамагаюць польскiя
фундатары. Але як заўважыла кiраўнiк грамадскай арганiзацыi: "Мы нiколi нiчога
не просiм, лiчым гэта непрымальным для сябе. Калi прапаноўваюць нейкую дапамогу
лiтаратурай, метадычнымi матэрыяламi, асветнiцкiм турызмам — прымаем з падзякай.
Астатняе робiм самi. Усе нашы 58 сяброў арганiзацыi штомесяц здаюць членскiя ўзносы.
Гэта зусiм невялiкая сума. Але яе хапае, каб адзначыць некага сувенiрам у юбiлейны
дзень, правесцi сумесную вечарыну на свята, альбо аказаць невялiкую дапамогу ў
сувязi з сумнай падзеяй". Янiна Бранiславаўна таксама распавяла аб тым, што iхняя
суполка, як i ўсялякая грамадская арганiзацыя, мае свой статут. I самае важнае
— свае традыцыi.
Адна з iх — душэўныя вечаровыя сустрэчы, дзе ўшаноўваюць юбiляра. Такiя вечарыны
ўсiм палюбiлiся, асаблiва людзям сталага i сярэдняга ўзросту. Да iх рыхтуюцца.
Хто прыносiць свой фiрмовы пiрог, а хто выконвае песню, якую абавязкова ўсе падхоплiваюць.
Як сказаў карэспандэнту "Звязды" начальнiк аддзела па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў Брэсцкага аблвыканкама
Аляксандр Мурашкiн, Лагiшынскi аддзел "Саюза палякаў на Беларусi" — адзiн з прыкладаў нефармальнай
работы грамадскага аб'яднання ў глыбiнцы. Па-першае, гэта заслуга ўсiх членаў
суполкi, якiя даўно захоўваюць традыцыi. А па-другое, заслуга цяперашняга кiраўнiка,
якая здолела аб'яднаць людзей iдэяй гiсторыка-культурнай асветы i шмат зрабiць
у гэтым кiрунку. Лагiшынцы — нязменныя ўдзельнiкi фестываляў нацыянальных культур
рознага ўзроўню. Добра, што ў грамадскую работу ўцягваецца моладзь. Моладзь удзельнiчае
ў вельмi важнай патрыятычнай справе. Разам з Янiнай Бранiславаўнай лагiшынскiя
старшакласнiкi, студэнты на канiкулах даглядаюць магiлы салдатаў Першай сусветнай
вайны на мясцовых могiлках.
Святлана ЯСКЕВIЧ. |