Запавет слуцкага князя даносяць евангельскiя словы
Гэта вялiкая кнiга — сур'ёзнага памеру, тоўстая, у чырвонай вокладцы са срэбрам
— адразу прыцягнула ўвагу. На Мiнскай мiжнароднай выставе-кiрмашы яна выстаўлена
— пад шклом, нiбыта рарытэт, на якi дазволена глядзець здалёк i не дыхаць...
Гэта Вялiкая кнiга. Адна з найвялiкшых святыняў праваслаўнай Беларусi — легендарнае
Слуцкае Евангелле, унiкальны рукапiсны помнiк XVI стагоддзя, якi лiчыцца такiм
жа сiмвалам духоўнага адраджэння нацыi, як i крыж прападобнай Ефрасiннi Полацкай.
Але гэта кнiга, якую можна пабачыць на выставе, — цудоўная копiя, выкананая па-мастацку.
Факсiмiльнае выданне Слуцкага Евангелля стала з'явай у культурным жыццi краiны,
за што калектыў, якi працаваў над iм, атрымаў прэмiю Прэзiдэнта "За духоўнае адраджэнне".
Насамрэч, цяпер мы маем два цуды: сама вялiкая кнiга, якая доўгiя гады лiчылася
страчанай, i яна ж у сваёй другой iпастасi — адноўленая i больш даступная для
людзей.
Святое Евангелле асабiста стварыў у 1581 годзе князь Юрый Алелькавiч, нашчадак
святой праведнай Сафii Слуцкай. Сваёй працай па стварэннi Евангелля Юрый Алелькавiч
засведчыў сваю веру, адданасць праваслаўнай веры i традыцыям сваiх богалюбiвых
продкаў. Фактычна Евангелле стала запаветам Слуцкага князя.
Рукапiс захоўваўся ў рызнiцы Слуцкага Свята-Троiцкага манастыра. Пасля рэвалюцыi
1917 года Слуцкае Евангелле патрапiла ў дзяржаўны музей у Мiнску, а ў 1929 годзе
яго перадалi на захаванне ў дзяржаўны магiлёўскi музей. На пачатку вайны манускрыпт
з iншымi каштоўнымi экспанатамi быў вывезены з музея i бясследна знiк. Разам з
iм быў i крыж святой Ефрасiннi...
Доўгi час Слуцкае Евангелле лiчылася страчаным. Калi б не цуд... Аднойчы прыхаджанка
адной з мiнскiх цэркваў аддзячыла святара за адпяванне роднага — перадала ў дар
старажытны рукапiс. А ў 2003 годзе падчас правядзення дзясятых Мiнскiх епархiяльных
чытанняў Мiтрапалiт Фiларэт прадставiў святыню, якую царква атрымала зноў, — Слуцкае
Евангелле, якое дзiўным чынам захавалася. Цяпер арыгiнал Слуцкага Евангелля знаходзiцца
ў дамавой царкве Сабора беларускiх святых пры Мiнскiм епархiяльным упраўленнi.
Аднак тое, што правамерна належыць царкве, павiнна было стаць здабыткам для ўсiх.
Нацыянальная бiблiятэка Беларусi выступiла з iнiцыятывай стварэння электроннай
копii Слуцкага Евангелля. Уладыка Фiларэт даў сваё блаславенне на ажыццяўленне
такога праекта. Пачалася сумесная навукова-даследчыцкая праца Нацыянальнай бiблiятэкi
Беларусi i Iнстытута мовы i лiтаратуры Нацыянальнай акадэмii навук. Даследчыцкая
праца атрымала назву: "Слуцкае евангелле XVI стагоддзя як помнiк моўнай спадчыны
беларускага народа". У гэтай працы ўпершыню ў айчынным мовазнаўстве праведзены
комплексны лiнгвiстычны аналiз рукапiсу.
Факсiмiльнае выданне Слуцкага Евангелля, падрыхтаванае i выпушчанае выдавецтвам
Беларускай праваслаўнай царквы ў 2009 годзе, — гэта практычна дакладная копiя
рукапiснага помнiка. Нават застаўкi, пачатковыя лiтары загалоўкi аформлены традыцыйным
геаметрычным i раслiнным арнаментам з выкарыстаннем кiнавары i золата. Арнаменты,
выкарыстаныя ў афармленнi пераплёту, адпавядаюць традыцыям слуцкай зямлi XVI—XVII
стагоддзяў. Ашчаднае аднаўленне ўсiх асаблiвасцяў аўтэнтычнага арыгiнала, дакладнае
паўтарэнне здзейснена ў поўнай адпаведнасцi з першакрынiцай.
Але гэта помнiк не толькi для нас. Гэта кнiга цяпер можа стаць выдатнай памяццю
пра нас. Патрыярх Кiрыл быў першы, хто атрымаў яе ў падарунак з рук Прэзiдэнта
ад iмя беларускага народа.
Цяпер выдавецтва рыхтуецца да выдання яшчэ адной вялiкай беларускай святынi —
Полацкага Евангелля.
Дырэктар выдавецтва Беларускай праваслаўнай царквы Уладзiмiр Грозаў:
— Калi iдзе змаганне дабра са злом, то вядома, што ў кожнай армii павiнен быць
свой штандар. Духоўныя сiмвалы — Слуцкае Евангелле, крыж Ефрасiннi Полацкай —
увасабляюць нашу старажытную духоўную традыцыю. Яны ўсяляюць упэўненасць у нашай
перамозе — перамозе дабрынi. Дзеля гэтага працавала наша выдавецтва, калi рыхтавала
факсiмiльнае выданне Слуцкага Евангелля. А цяпер мы ўзялiся за новы ўнiкальны
праект — аднаўленне Полацкага Евангелля: 1164 год, пяро Ефрасiннi Полацкай. Гэта
"белая пляма" ў гiсторыi нашага народа. Яго аднаўленне, апiсанне i ўсё, што было
звязана з iм, — вялiкi падарунак. Таму што шмат гадоў была спроба атрымаць гэтую
святыню i зрабiць набыткам народа. Але толькi цяпер гэта стала магчымым. Мы наладзiлi
супрацоўнiцтва з расiянамi, група нашых навукоўцаў будзе вывучаць гэты помнiк.
Будуць зробленыя электронныя здымкi гэтага фалiянта. Цiкавасць да гэтага рарытэта
бязмежная. Праз яго мы спадзяёмся адкрыць вялiкi пласт нашай гiсторыi.
Ларыса ЦIМОШЫК.
|