Дзень Народзiнаў Калiноўскага прайшоў у Вiльнi незаўважаным?
Карэспандэнт "Звязды" ледзьве адшукаў пад снегам месца гiбелi паўстанца
Другога лютага (паводле новага стылю) 1838 года нарадзiўся Вiнцэнт Канстанцiн
Калiноўскi. Заўчора беларусы адзначалi ягоныя 172-я ўгодкi. Я ў гэты дзень якраз
апынуўся ў Вiльнi — i, вядома, накiраваўся на Лукiшскi пляц, дзе 22 сакавiка (паводле
новага стылю) 1864 года царскiя ўлады павесiлi Кастуся Калiноўскага за арганiзацыю
паўстання.
Якая ж была мая роспач, калi я пабачыў, што знак на месцы пагiбелi Калiноўскага...
знаходзiцца пад метровым сумётам! Я разумею, што дата не круглая. Разумею, што
ў Беларусi i за мяжой так цi iнакш гэтая дата адзначаецца штогод. Аднак у Вiльнi
жыве столькi беларусаў, там вучыцца столькi нашых!.. Няўжо нiкому не дрыгнула
прыйсцi на Лукiшскi пляц i прынесцi сiмвалiчную кветку, запалiць сiмвалiчную свечку?
Бо месца пахавання Калiноўскага дагэтуль дакладна невядома — царская ўлада пахавала
героя цiшком, каб магiла не стала месцам пакланення свядомых беларусаў. Мяркуецца,
што пахаваны Калiноўскi на схiле гары пры вежы Гедымiна. Таму ў якасцi сiмвалiчнай
магiлы людзi прыходзяць на Лукiшскi пляц.
Я не хачу пасаромець нiкога асабiста. Але, шаноўныя вiленскiя беларусы, вам там
блiжэй — давайце памятаць нашых нацыянальных герояў!
Хачу адзначыць пры гэтым, што асадак пакiнуў канкрэтны факт — выгляд сiмвалiчнай
магiлы Калiноўскага ў ягоны Дзень народзiнаў. Агулам жа вiленскiх беларусаў цяжка
папракнуць у няўвазе да нашага нацыянальнага героя — у мiнулым годзе, напрыклад,
нашыя суайчыннiкi змагалiся з вiленскiмi ўладамi за тое, каб гэты знак Калiноўскаму
быў пакiнуты ў прынцыпе, бо яго збiралiся прыбраць.
Аднак, мне здаецца, памятаць пра герояў варта не толькi ў круглыя даты цi хвiлiны
змагання...
Глеб ЛАБАДЗЕНКА.
Фота аўтара. |