Вы тут

Дар’я Мугака: Сёння ў нашай краіне спрыяльныя ўмовы для мадэльнага бізнесу


Як знакаміты дызайнер стварала нацыянальныя строі і чаму яна любіць апранаць выключна “маленькіх прынцэс”.

8 снежня на кітайскім курорце Санья, што на востраве Хайнань, фінішуе адзін з самых прэстыжных і відовішчных конкурсаў на планеце — «Міс свету — 2018». Нашу краіну прадстаўляе Марыя Васілевіч. Дзяўчаты з 117 краін на працягу месяца ўдзельнічалі ў фотасесіях, спартыўных і творчых спаборніцтвах, сацыяльна значных праектах, афіцыйных, дабрачынных і асветніцкіх мерапрыемствах, якія адлюстроўваюць галоўны пасыл конкурсу — «Прыгажосць з сэнсам».

Адным з самых яркіх момантаў на конкурсе будзе прадстаўленне нацыянальных касцюмаў. Марыя Васілевіч будзе ў вобразе традыцыйнай сувенірнай ляльки. Нацыянальны беларускі строй — твор дызайнера адзення Дар'і Мугакі. Карэспандэнт “Звязды” сустрэўся са знакамітым дызайнерам, якая распавяла як яна стварала нацыянальныя строі і чаму любіць апранаць выключна “маленькіх прынцэс”.


— Дар'я, цяжка было працаваць над убраннем для такога прэстыжнага конкурсу?

— Адказна. Сукенка шылася амаль тры месяцы. Гэтаму папярэднічаў тэндэр, для якога трэба было распрацаваць эскізы, падабраць матэрыялы, зняць меркі. Неабходна было ўлічыць, што ў касцюме ўдзельніцы трэба не толькі прайсціся па подыуме, але і станцаваць нацыянальны танец. Так нарадзілася ідэя сукенкі-трансформера: дэфіле будзе ў спадніцы-максі, якая лёгка ператвараецца ў міні. Нарад выкананы ў сіне-белай каляровай гаме. Бо нездарма нашу краіну называюць сінявокай, а наш кветка-сімвал — васiлёк...

Убранне атрымалася не столькі нацыянальнае, як сцэнічнае. Гэта вобраз нацыянальнай лялькі, якую часта можна сустрэць на паліцах у аддзелах сувеніраў нашых магазінаў. Выдатны сувенір! У такой лялькі часам маецца арыгінальны галаўны ўбор. Для мадэлі я яго распрацоўвала сама, стварала дызайнер Кацярына Фламінская, абутак пад касцюм шылі ў нацыянальным стылі мастакі студыі «Суторы». Словам, у стварэнні гэтага касцюма прымала ўдзел вялікая каманда майстроў.

— У вас ужо быў вопыт стварэння нацыянальных касцюмаў?

— У мінулым сезоне на Тыдні моды я ўпершыню зрабіла калекцыю ў нацыянальным беларускім стылі. Гэта вельмі складаная для мяне тэма! Хоць я ў інстытуце вывучала гісторыю нацыянальных строяў Беларусі, аднак зрабіць нешта ў сучасным стылі для мяне аказалася справай няпростай. Мне падаецца, што зрабіць лепш, як гэта выконвалі нашы продкі нікому ніколі не ўдасца. Я часам гляджу на дызайнераў, якія спрабуюць прыдумаць нешта падобнае, аднак гэта выходзіць у іх непрыгожа і неэстэтычна. Таму я рабіла проста імправізацыю на тэму нацыянальнага беларускага касцюма. Былі пробы, экперыменты, падбіраліся тканіна, аксесуары. На працягу некалькіх месяцаў стваралася гэтая калекцыя. І ў выніку яна атрымалася вельмі паспяховай! Пра яе шмат пісалі ў інтэрнэце, у часопісах, рабілі фотасесіі. З гэтай калекцыяй я ўдзельнічала ў адным вялікім міжнародным фестывалі народных стыляў, дзе дастойна ацанілі і мяне. Затым, у мяня з'явіліся заказчыкі менавіта нацыянальных строяў.

— А з чаго ўвогуле ўсё пачалося? Як нарадзіўся брэнд MUGAKO?

— Яшчэ ў дзяцінстве я не любіла насіць адну і тую ж сукенку, мама апранала мяне вельмі прыгожа, хоць дастатку ў нашай сям’i асаблівага не было. Але бацькі мне ў моднай і прыгожай вопратцы ніколі не адмаўлялі. Брэнд  нарадзіўся ў 2011 годзе па нарадзе бацькі і пры падтрымцы ўсёй маёй сям’і. Над назвай я нават і не думала. Я літаральна адразу зразумела, што гэта будзе MUGAKO, у гонар маёй сям’i, таму што яна для меня — самае галоўнае ў жыцці. Нядаўна я страціла роднага, блізкага мне чалавека — бацьку. Ён быў для мяне верным сябрам і трывалай апорай, падтрымкай. Я за ўсё яму бязмерна ўдзячная. Было вельмі цяжка працягваць тварыць, але мама сказала: “У цябе такое «імя», яно гучыць усюды. Нельга расслабляцца, трэба трымацца на тым жа ўзроўні і надалей павышаць яго”.

— Не памылюся, калі скажу, што адна са шматлікіх граней вашага таленту — унікальная калекцыя вячэрніх сукенак “для прынцэс”. Яе дэманстрацыя — гэта казачная, незабыўная атмасфера. Непаўторнае як само відовішча, так і яркая, шматколерная палітра калекцыі. Якія тканіны выкарыстоўваеце для распрацовак мадэляў адзення, якія элементы інкрустуюцца і ў чым увогуле фішка ад MUGAKO?

— Так, значную перавагу я аддаю стварэнню дзіцячай вопраткі, у прыватнасці для дзяўчынак рознага ўзросту. Ад самых маленькіх “прынцэс” — малечы ад аднаго года — да сапраўдных ледзі. Усе мадэлі сукенак я выконваю толькі ў адным экземпляры і ніколі ўжо іх не паўтараю. Кожны элемент раблю сама ўручную з некалькіх матэрыялаў. Часта выкарыстоўваю каменьчыкі. Гэта і для асаблівай адметнасці, і для раскошы! Аднак усё павінна быць у меру, з густам і па правілах.

Любая маленькая ці юная асоба на свой густ зможа знайсці ў мяне для сябе святочную сукенку з дзівосным дызайнам і вытанчаным аздабленнем з самых лепшых, часам і нечаканых матэрыялаў. Напрыклад, гэта можа быць атлас, французскі гіпюр, пяшчотны фацін, шыфон, карункі... Альбо рознакаляровыя паеткі, бісер, жэмчуг, шыкоўнай прыгажосці стразы. І сапраўдныя крышталікі Свароўскі.  Мне падабаецца дэкарыравать любую тканіну так, каб рэч хацелася доўга разглядаць, каб яе карцела апрануць і, нарэшце, купіць. Але больш за ўсё мяне захапляюць карункі! Менавіта яны прысутнічаюць літаральна на кожным вырабе з бісерам, з паеткамі, бліскучыя, матавыя. Для таго, каб атрымаўся аб’ёмны дэкор на сукенцы, я спалучаю некалькі карункаў — атрымліваецца накшталт аплікацый. Такім чынам я магу, напрыклад, з трох карункавых узораў зрабіць арыгінальную адмысловую карцінку-дэталь.

— Дар’я, а ці не было ў вас жадання займацца лініяй брэндавага адзення для жанчын?

— Я спрабавала займацца вопраткай для дарослых жанчын, калі толькі адчыніла студыю. Аднак мне, калі казаць шчыра, не вельмі гэта спадабалася. Тут няма такога палёту для маёй творчасці, фантазіі. У асноўным да цябе прыходзяць кліенты-жанчыны ўжо з нейкімі сваімі ўстойлівымі стэрэатыпамі. Вось яны паглядзелі на малюнак і задаюць адно і тое ж пытанне: “А вы можаце пашыць вось таксама?” А я ніколі ў жыцці не зраблю гэтак, як там, на тым малюнку! Мне проста гэта не цікава! Мне падабаецца прыдумляць вобразы самой. І мой самы яркі, любімы вобраз — гэта дзяўчынка! Прынцэса з казкі! Тут я сама сабе мастачка!..

У год MUGAKO прэзентуе тры грандыёзныя калекцыі. Зразумела, усе яны дэманструюцца на подыуме. Стыль адзін — вячэрні, але ўсе мадэлі розныя і экслюзіўныя — выконваюцца ў адным экземпляры. А таму да мяне людзі звяртаюцца толькі з заказамі на індывідуальны ўбор. Гэта, як правіла, тыя, кто хоча браць удзел у нейкіх конкурсах, у тым ліку і міжнародных, альбо выступаць на эстрадзе...

— Цікава, а адкуль вы чэрпаеце натхненне, думкі, ідэі для стварэння ўсяго гэтага “новaга свайго”?

— У мяне часта пытаюцца: адкуль у цябе столькі фантазіі? Натхненне — з'ява тонкая. Напэўна справа і ў тым, што ў мяне заўжды прыўзняты настрой, асабліва калі бачу новыя тканіны. Я заўсёды ў пошуку раскошных, арыгінальных матэрыялаў. Мне вельмі падабаецца эксперыментавать і ствараць нешта незвычайнае. Для меня гэта як напісаць карціну. Па кожнай сукенцы можна зразумець, які быў у дзень яе стварэння ў мяне настрой.

Дар’я, згадзіцеся, што забяспечаных людзей, якія могуць плаціць немалыя грошы за экслюзіўнае брэндавае адзенне, хай сабе і вельмі рэдка, у нашай краіне не так і шмат. Ці ўплывае гэты фактар на рэнтабельнасць вашага бізнесу?

— Згодна з вамі. Сёння ўсё ўпіраецца ў грошы, як ні круці. Мець уласную справу — не танная забава. Аднак ледзь не кожны другі хоча весці свой бізнес, быць паспяховым… Але гэта не значыць, што ты ўклаў нейкую суму грошай — і ўсё закруцілася. Не будзе круціцца, не стане працаваць тваё жаданне. Шчыра скажу, спачатку і я так думала: “Ёсць адукацыя, досвед, талент — застаецца знайсці толькі грошы… — разважала я. — Куплю тканіны класныя, пашыю неверагодныя ўборы — і ўсё пойдзе як па маслу”. Ды не. І дзякуй Богу, што памылялася толькі, як кажуць, на першых парах. Я своечасова зразумела: трэба максімальна напружыцца, тытанічна папрацаваць, нягледзячы на тое, што ўсё астатняе як быццам ёсць. Яшчэ побач са мной быў добры настаўнік — мой тата. Ён навучыў правільна паводзіць сябе. А знаеце, як? Гэта гісторыя пра канапу. Я толькі пачынала сваю дзейнасць і аднойчы папрасіла яго: “Татка, я хачу канапку, такую прыгожую, у мой новы салон!” А ён адказаў: “Я мог бы табе, канешне, усё купіць. Толькі ты спачатку зарабі хоць на гэтую канапку. Заробіш — заб’еш адразу два зайцы: і дакажаш сабе, што змагла ўсё ж вытрымаць першыя іспыты, і новую стыльную мэблю ў свой салон купіш!” Мне нічога не заставалася, як гэтак і зрабіць… Ведаеце, я тую канапку, вядома, купіла, ды і не толькі яе.  Яна ў мяне стаіць, радуе вока, але я на ёй ніводнага разу яшчэ не сядзела. У мяне няма на гэта часу! У любых умовах трэба вельмі шмат працаваць. Тады i не будзе праблем з рэнтабельнасцю.

Толькі праз некалькі гадоў развіцця ды станаўлення, пры затраце вялікіх сіл і часу мая мара ажыццявілася. У мяне ёсць свой шоу-рум з подыумам і з такімі неабходнымі люстрамі! І гэтая мая памятная канапка….

— Вы лічыце, што ў нашай краіне дастаткова спрыяльная атмасфера для развіцця такога напрамку ў бізнесе, як стварэнне і развіццё цэнтраў моды?

— Як там ні было б, а людзі хочуць прыгожа, арыгінальна і з густам апранацца. Тым больш,  што дзякуючы перадавым сучасным тэхналогіям, на рынку з’яўляюцца модныя і якасныя матэрыялы, з якіх цяпер можна ствараць унікальныя калекцыі. Таксама хуткімі тэмпамі развіваюцца і пляцоўкі дэманстрацыі ды рэалізацыі прадукцыі. Яшчэ гадоў пяць таму такога не назіралася. Сёння ў нашай краіне як ніколі спрыяльныя ўмовы для мадэльнага бізнесу, толькі бяры і стварай! Але пры гэтым, вядома, патрэбныя базавыя навыкі. Усім даступныя сацыяльныя сеткі, дзе знаходзіцца спажывец рознага ўзросту. І калі ты прапаноўваеш варты таго продукт, яго можна прадаць не выходзячы з дому. Цяпер той самы час, калі адкрытыя ўсе магчымасці для шматлікіх напрамкаў бізнесу. Вядома, у многіх сферах вялікая канкурэнцыя, але гэтага не варта баяцца, бо менавіта дзякуючы ёй з’яўляюцца тавары яшчэ лепшыя. Я рэкамендую ўсім, хто робіць толькі першыя крокі ў нашай галіне: “Самааддана працуйце, развівайце свой тавар і, калі ён і сапраўды будзе дастойным, дык не застанецца незаўважаным на рынку. Калі не цяпер, дык калі?!

— Дар'я, вернемся да конкурсу прыгажосці, які фінішуе заўтра. Як думаеце, ці дапаможа ваша ўбранне перамагчы нашай Марыі Васілевіч? Як мне падаецца, ваш асабісты поспех нейкім чынам перадаецца некаторым вашым кліентам — менавіта ў вашых уборах яны становяцца пераможцамі ў многіх конкурсах. Што можаце сказаць?

— Ведаеце, у мяне не раз пытаюцца: як атрымоўваецца, што ў тваіх вырабах дзіця абавязкова атрымоўвае высокую ўзнагароду: гран-пры альбо першыя месцы? Я ад чыстага сэрца адкрыю вам свой “сакрэт”: проста я ўкладаю ўсю сваю душу, энергетыку, сілы ў кожную мадэль, у кожную дэталь. А наконт конкурсу прыгажосці… Наша Марыя ўжо паспяхова ўвайшла ў топ-30 “Міс топ-мадэль свету". Ці гэта не поспех?  Я думаю, што ў нас велізарныя шанцы на перамогу. Бо наша краіна вартая.

— Вялікі дзякуй, Дар’я, за такую змястоўную гутарку, поспехаў Вам надалей!

Гутарыла Юлія Савіцкая

Фота Юрыя Віславуса, з асабістага фотаархіва Дар'і Мугака

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.

Грамадства

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

​Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай».

Калейдаскоп

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі».