Вы тут

Кантроль абароны правоў асуджаных актывізуецца


Магчымасць паведамляць пра жаданне наведваць установы крымінальна-выканаўчай сістэмы, а не чакаць дазволу на гэта, плануюць стварыць у Беларусі для членаў камісій грамадскага кантролю. Каб актывізаваць і ўдасканаліць дзейнасць такіх камісій, пашырыць іх паўнамоцтвы, у Міністэрстве юстыцыі сумесна з Саветам Еўропы правялі адпаведны семінар.


Назіральныя грамадскія камісіі створаны ў краіне на розных узроўнях больш як дзесяць гадоў таму з мэтай абароны правоў асуджаных. Яны фарміруюцца, дзейнічаюць і прымаюць рашэнні самастойна, акрэсліла Алена КІРЫЧЭНКА, начальнік упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— Мы імкнёмся ўдасканальваць і пашыраць паўнамоцтвы грамадскіх назіральных камісій. Па ініцыятыве міністэрства гадоў пяць таму, напрыклад, відазмянілі адну з нормаў пастановы Саўміна, якая рэгулюе дзейнасць грамадскіх камісій. Іх прадстаўнікам далі магчымасць гаварыць з асуджанымі без прысутнасці членаў адміністрацый гэтых устаноў. Было б няблага, каб назіральныя камісіі маглі наведваць арганізацыі крымінальна-выканаўчай сістэмы па паведамляльным прынцыпе, а не па дазвольным, як цяпер, бо бываюць жа і экстранныя выпадкі. Магчыма, камісіі змогуць фарміравацца і з членаў прафсаюзаў і праваабаронцаў, а не толькі грамадскіх аб'яднанняў, як цяпер.

Старшыня Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі Таццяна КРАЎЧАНКА запэўніла, што паўнамоцтваў ім збольшага хапае:

— Цяпер прыкладна за тыдзень да планаванага наведвання мы звяртаемся ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС і праз пару дзён атрымліваем адказ. У цэлым ніякіх перашкод па візітах у нас няма. Літаральна ўсё, што мы хацелі б паглядзець, бачым. Мы распрацавалі анкеты, якія раздаём асуджаным, і яны запаўняюць іх пры нас у адсутнасць кіраўнікоў крымінальных устаноў.

Летась члены назіральных камісій розных узроўняў наведалі 22 крымінальныя ўстановы, заўважыў Алег СЛІЖЭЎСКІ, міністр юстыцыі Беларусі:

— Падчас азнаямленчых гутарак уздымаюцца пытанні функцыянавання ўстаноў, умоў адбывання пакарання асуджанымі, медыка-санітарнага стану, арганізацыі вольнага часу і навучання, культурнага і працоўнага выхавання. Члены камісій наведваюць усе памяшканні, дзе размешчаны асуджаныя. Цяпер распрацоўваецца рэгламент работы грамадскіх назіральных камісій.

Дзякуючы прапановам камісій асуджаныя змаглі, напрыклад, дыстанцыйна атрымліваць адукацыю ў розных установах. А практыка работы такога грамадскага кантролю паказала неабходнасць вывучэння і магчымай рэалізацыі сучаснага замежнага вопыту ў гэтай сферы ў Беларусі.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.

Грамадства

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

​Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай».

Калейдаскоп

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі».