Вы тут

Ці патрэбны палігоны цвёрдых камунальных адходаў?


Адразу хачу выказаць словы ўдзячнасці рэдакцыі «МС» за запрашэнне падаць меркаванні па праблеме адходаў, якія ўтвараюцца ў нашай краіне. На маю думку, гэта, бадай, самая складаная з усіх экалагічных праблем. Справа ў тым, што дзякуючы эфекту рассейвання канцэнтрацыя забруджвальнікаў у атмасферы змяншаецца. Тое самае прыкладна адбываецца пры развядзенні забруджвальнікаў у водным асяроддзі. А вось цвёрдыя камунальныя адходы (ЦКА) у нашых умовах за рэдкім выключэннем не знаходзяць іншага месца, як на палігонах. Другасныя рэсурсы (папера, шкло, пластык) пры іх утылізацыі складаюць менш за 20 %. Па вялікім рахунку палігонаў, па сутнасці, быць не павінна. Менавіта такога падыходу і прытрымліваюцца сёння шматлікія развітыя краіны свету. Напрыклад, у Швецыі другасна перапрацоўваецца 50,6 % адходаў, 48,6 % спальваецца для вытворчасці энергіі, а на палігоны трапляе толькі 0,8 %. Заўважу, што гэта краіна мае прыкладна аднолькавую з намі колькасць насельніцтва, а вось плошча яе тэрыторыі больш чым у два разы перавышае нашу. Тэрыторыя ж Беларусі амаль уся антрапагенна пераўтвораная, і рэальна прыдатных зямель (не перагружаных дзейнасцю чалавека) для гаспадарчай дзейнасці практычна не засталося. Не лішнім будзе нагадаць пра чарнобыльскі след, а таксама тэндэнцыю ўсё большага адвядзення зямель пад гарадскую забудову і памяншэння іх для сельскагаспадарчых патрэб. Пэўны ўнёсак у гэты негатыўны працэс робяць і палігоны цвёрдых камунальных адходаў. Таму іншага выйсця, як паглыбляць утылізацыю ўсіх адходаў, у бліжэйшай перспектыве для Беларусі, няма.


Аднак сённяшняя рэчаіснасць сведчыць аб тым, што навукова-тэхнічны патэнцыял краіны, узровень экалагічнай культуры яе насельніцтва не ў стане забяспечыць нават 50 % утылізацыі ўтвараемых адходаў і абысціся без палігонаў немагчыма. У сувязі з гэтым найбольш актуальнай для Беларусі з'яўляецца праблема аптымізацыі выбару месцаў для стварэння палігонаў. Растлумачу, чаму. Па-першае, колькі б каляровых кантэйнераў для раздзельнага збору смецця не ставілі камунальныя службы, змяніць свядомасць людзей вельмі складана. Каб наша дзяржава сапраўды была зацікаўлена ў гэтым, яна б у сродках масавай інфармацыі і найперш на тэлебачанні «забівала» самы спрыяльны час не камерцыйнай, а экалагічнай рэкламай. Нельга скідваць з рахунку і такую акалічнасць: сярэднія памеры жылых памяшканняў у буйных гарадах Беларусі і ў гарадах той самай Швецыі — гэта дзве вялікія розніцы. Вядома, не на нашу карысць. Таму нават фізічна весці сартаванне смецця дома далёка не заўсёды зручна. Не будзем забывацца і пра тое, што кантэйнерны збор смецця арганізаваны сёння нават далёка не ва ўсіх гарадах краіны, не кажучы ўжо пра сельскія населеныя пункты. Па-другое, навукова-абгрунтаваны выбар месцаў для стварэння палігонаў дазволіць кардынальна змяніць іх спецыялізацыю. Замест дробнага сартавання смецця і засыпання зямлёй яго рэшткаў можна будзе масава перайсці на спальванне з мэтай атрымання энергіі. Упэўнены, што тэхнічныя магчымасці Беларусі дазваляюць арганізаваць вытворчасць такіх энергаўстановак рознай магутнасці, якая будзе непасрэдна залежаць ад аб'ёмаў утвараемых адходаў. Па-трэцяе, вялікая колькасць існуючых палігонаў ужо перасягнула сваю праектную магутнасць і можа разглядацца як міна запаволенага дзеяння ў дачыненні да навакольнага прыроднага асяроддзя (значная частка іх не абсталявана патрэбнымі фільтрамі). Пры стварэнні новых палігонаў, калі асноўная частка смецця будзе спальвацца, маштабы такіх прыродаахоўных мерапрыемстваў будуць зменшаны, а значыць, адбудзецца эканомія дзяржаўных сродкаў.

Самае складанае пры выбары месцаў для стварэння палігонаў — аптымальная даступнасць да іх крыніц адходаў. Транспартныя выдаткі па дастаўцы смецця на палігоны будуць вызначальным фактарам пры іх тэрытарыяльнай арганізацыі. Тут можна казаць пра два падыходы такой арганізацыі. Першы — ісці шляхам стварэння меншай колькасці палігонаў, але вялікай іх магутнасці. У гэтым выпадку транспартныя выдаткі па дастаўцы смецця будуць большыя. Другі — ствараць вялікую колькасць палігонаў з меншай колькасцю смецця, у сувязі з чым выдаткі па транспарціроўцы смецця будуць змяншацца.

Перакананы, што дакладныя разлікі па выбары аптымальных варыянтаў пляцовак для палігонаў — справа навукоўцаў і спецыялістаў навукова-даследчых устаноў. Самае галоўнае — не забывацца аб тым, што выбар месца для любога аб'екта — гэта абавязковы ўлік разнастайных фактараў: прыродна-экалагічных, сацыяльна-эканамічных, дэмаграфічных і нават геапалітычных.

У вырашэнні праблемы адходаў павінны знайсці месца і іншыя кірункі. Як вядома, матывацыя заўсёды была і будзе важным сродкам любой справы. Аднак калі паглядзець на сучасныя цэны на другасныя рэсурсы, якія збірае і здае насельніцтва на нарыхтоўчыя пункты, ахоплівае не проста здзіўленне, а жах. Тут не трэба быць матэматыкам, каб зразумець, што вытворчасць той самай паперы з драўніны абыходзіцца ў сотні разоў даражэй, чым з макулатуры. І што не менш дзіўна, макулатуру Беларусь вымушана імпартаваць і губляць ужо даводзіцца валютныя сродкі.

Глыбока перакананы ў тым, што наспеў час паступова адмаўляцца ад шэрагу тавараў, якія нясуць небяспеку навакольнаму асяроддзю. Маё пакаленне яшчэ памятае, калі асноўнай тарай для малака былі шкляны посуд і папяровыя пакеты. А што мы назіраем сёння? Вытворцы дадумаліся разліваць у ПЭТ-бутэлькі нават небезалкагольнае піва. Што ўжо казаць пра некаторыя віды вадкіх лекаў. Час ужо пераходзіць ад слоў да справы. Тым больш сёння ўжо ёсць станоўчыя прыклады, калі шэраг краін (нават у Афрыцы) поўнасцю забаранілі ўжыванне пластыкавых пакетаў, посуду і іншых небяспечных тавараў. Тут сапраўды «прамаруджанне смерці падобнае». Не хацелася б, каб у ХХІ стагоддзі палігоны цвёрдых камунальных адходаў сталі ў адзін рад з ваеннымі палігонамі і стралялі ў будучыню.

Вячаслаў САСНОЎСКІ, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт


Жаданне ёсць, а інфраструктура?

Падводзім вынікі апытанкі

Наша другая апытанка, прысвечаная тэме асобнага збору смецця, паказала высокую экалагічную свядомасць яе ўдзельнікаў. Прыхільнікаў гэтага пункту гледжання аказалася ажно 93.4 %! Цікава, што галасы тых, хто сартуе смецце дома, і тых, хто гэтым не займаецца, але хацеў бы пачаць, раздзяліліся пароўну.

А вось інфраструктура за жаданнем апытаных, на жаль, не паспявае. Толькі ў паловы тых, хто прагаласаваў, сметніцы для раздзельнага збору адходаў маюцца непасрэдна ў дварах іх жылых дамоў. Крыху меней — 45 % — зазначылі, што побач з іх пад'ездамі ўсталяваны толькі агульныя кантэйнеры. Рэшта выказалася за незвычайны на першы погляд пункт — вынас смецця ў суседнія двары, дзе можна асобна пазбавіцца ад шкла, металу, пластыку і паперы.

Таксама выявілася яшчэ адна цікавая рэч. Амаль тры чвэрці апытаных не ведаюць, дзе ў іх раёне можна здаць другасную сыравіну і атрымаць за гэта грошы. Яно і зразумела — капітальных будынкаў, дзе б дзесяцігоддзямі збіралі тую ж макулатуру, нават адразу і не прыгадаеш, а шыльды, якія інфармавалі б пра тое, што можна здаць паперу і бутэлькі ў нейкім вагончыку, амаль не сустракаюцца. Вось і знаходзяцца гэтыя кропкі збольшага выпадкова. Таму адзіны варыянт у такой сітуацыі — усё аднесці на сметнік.

Разам з тым 15 працэнтаў апытаных усё ж карыстаюцца пунктамі прыёму другаснай сыравіны. А ў дзясятай часткі рэспандэнтаў у населеным пункце іх няма ўвогуле.

Дзве траціны ўдзельнікаў нашай апытанкі жывуць у сталіцы або абласных гарадах. Пятая частка — у вёсцы, астатнія — у раённых цэнтрах. Палова ўсіх тых, хто прагаласаваў, знаходзіцца ва ўзросце ад 30 да 45 гадоў. Траціна куды старэйшая — ад 45 да 60. Рэшта адносіцца да моладзі.

Наш інтэрактыўны праект з чытачамі працягваецца. Даведацца, наколькі мы «экасвядомыя», можна з новай апытанкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.