Вы тут

Якія парушэнні КДК знайшоў у ухарчаванні ў бальніцах?


Пасля маштабнай праверкі меню бальнічных сталовых мусіць стаць больш збалансаваным і разнастайным

...У Быхаўскай цэнтральнай раённай бальніцы ў меню пацыентаў мяса перыядычна замянялі на сыр ці смятану, яйкі — на малако, сухафрукты — на цукар. У Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі такая страва, як бефстроганаў з соусам, была ў меню 5 разоў на тыдзень, салата з буракоў і біточкі паравыя — 6 разоў на тыдзень... Гэтыя і шматлікія іншыя парушэнні былі знойдзены падчас маштабнай праверкі арганізацыі харчавання пацыентаў ва ўстановах аховы здароўя. Яе вынікі былі разгледжаны на калегіі Камітэта дзяржкантролю.


Як адзначыў старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід АНФІМАЎ, забеспячэнне якасным харчаваннем хворых — гэта не толькі мера сацыяльнай абароны, але і спадарожны элемент аказання лячэбнай дапамогі ў стацыянары.

— Наша праверка паказала, што зацверджаныя нормы харчавання, якія павінны забяспечваць патрэбу хворага ў неабходных рэчывах і калорыях, паўсюдна не выконваюцца. Зразумела, што бальніца — не рэстаран, але пэўная разнастайнасць павінна быць, — адзначыў Леанід Анфімаў.

Аднак якасць харчавання — толькі адзін бок праблемы. Эфектыўнасць выкарыстання дзяржаўных сродкаў, якія ідуць на харчаванне пацыентаў, таксама выклікала пытанні ў правяраючых. Штогод на гэтыя мэты з бюджэту, між іншым, выдаткоўваецца больш за 100 мільёнаў рублёў. І зарабіць тут атрымліваецца шматлікім пасрэднікам.

— Наколькі рацыянальна і аптымальна пабудавана сістэма закупак прадуктаў, як выкарыстоўваюцца немалыя бюджэтныя сродкі, ці няма прабелаў у заканадаўстве, якія дазваляюць камусьці на гэтым нажывацца — з усімі гэтымі пытаннямі давялося разбірацца Камітэту дзяржкантролю. Аналіз паказаў, што калі харчаванне забяспечваецца самімі ўстановамі аховы здароўя, то закупкі харчовай сыравіны і прадуктаў праводзяцца на конкурснай аснове. Калі ж юрыдычнымі асобамі, што спецыялізуюцца на грамадскім харчаванні, якім структуры аховы здароўя пералічваюць бюджэтныя сродкі — то на іх не распаўсюджваецца заканадаўства аб закупках. Але ж тут выкарыстоўваюцца бюджэтныя сродкі. Чаму не ўстанавіць адзіны парадак дзяржзакупак на арганізацыю харчавання ва ўстановах аховы здароўя? Сістэма закупак проста пранізана пасрэдніцкімі структурамі. Ва ўстановах аховы здароўя быццам бы не чулі пра даручэнне кіраўніка дзяржавы аб выключэнні неабгрунтаванага пасрэдніцтва, — падкрэсліў Леанід Анфімаў.

Прадпрыемства «Вітамін», якое арганізуе харчаванне ў сталічных установах аховы здароўя, напрыклад, закупляла айчынныя таматы ў пасрэдніка ў 3,5 раза даражэй, чым кошт вытворцы. яно фарміравала цану на прадукты не ад кошту вытворцы, ад кошту пастаўшчыка — пасрэдніка. У выніку толькі па двух найменнях прадуктаў установы аховы здароўя залішне выплацілі амаль мільён рублёў. На прадпрыемстве «Дыета» (Магілёў) толькі на закупках чатырох найменняў прадуктаў (мяса птушкі, мясныя паўфабрыкаты, разынкі, алей) розніца ў кошце паміж пасрэднікамі і вытворцамі склала 45 тысяч рублёў.

Выявілі правяраючыя і факты недаўкладання сыравіны пры прыгатаванні страў, а таксама крадзяжы прадуктаў. Напрыклад, падчас агляду складскіх і вытворчых памяшканняў «Вітаміну» ў шахце грузавога ліфта былі знойдзены падрыхтаваныя да вынасу смятана, малако, паўфабрыкаты са свініны і яблыкі. У Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 3 з выбраных падчас праверкі сямі страў для даследавання на паўнату ўкладання сыравіны шэсць не адпавядалі нормам. У прыватнасці, у шніцалі натуральным рубленым доля хлеба, утрыманне якога не дапускаецца, складала 20 %.

Былі нараканні ў дзяржкантралёраў і на саміх вытворцаў. Яны часта або ўвогуле не прымаюць удзелу ў працэдурах закупак, або заяўляюць цэны на сваю прадукцыю, якія нашмат вышэйшыя за рыначныя. Паводле інфармацыі начальніка ўпраўлення кантролю спажывецкага рынку, сферы паслуг і за абаротам падакцызных тавараў Камітэта дзяржаўнага кантролю Алены МАСУРНОЎСКАЙ, падчас правядзення закупак Гомельскай гарадской бальніцай № 4 тушак куранят і мясной прадукцыі на аўкцыён не заявіўся ні адзін вытворца названай прадукцыі, а таргі выйграла пасрэдніцкая структура. Мінскі мясакамбінат прапанаваў прадпрыемству «Вітамін «мясны паўфабрыкат са свініны па цане 10,32 рубля з 1 кг, у той час як у рознічнай сетцы яго цана была 8,33 рубля.

Патрабуе перагляду сістэма цэнаўтварэння на харчаванне для устаноў аховы здароўя, адзначылі ў Камітэце дзяржкантролю. Цэны для харчаванне пацыентаў не падпадаюць пад дзяржрэгуляванне, у той час як цэны, напрыклад, на харчаванне для школьнікаў, якое аплачваецца пераважна за сродкі бацькоў, жорстка рэгулююцца дзяржавай.

Па выніках праверкі 261 чалавек атрымалі адміністрацыйнае ці дысцыплінарнае пакаранне. У бюджэт на сёння ўдалося вярнуць больш за 200 тысяч рублёў, якія незаконна выкарысталі ўстановы аховы здароўя. Да пэўнага тэрміну яны абавязаны выправіць выяўленыя недахопы. Да канца бягучага года будуць унесены змены ў пастанову Міністэрства аховы здароўя № 135 «Аб зацвярджэнні інструкцыі аб арганізацыі дыетычнага харчавання ва ўстановах аховы здароўя».

— Будзе ўзмоцнена адказнасць кіраўнікоў устаноў аховы здароўя і саветаў па лячэбным харчаванні, — адзначыла Алена Масурноўская. — А меню ў бальнічных сталовых стане больш разнастайнае і збалансаванае.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.