Вы тут

«Люблю танцаваць больш, чым перамагаць»


Мінчанка Таццяна Крэтушава — танцорка, якая ўжо дзесяць гадоў вучыць ахвотных майстэрству рухаў. Яшчэ ў дзяцінстве дзяўчына зразумела, што яе будучыня будзе звязана з рытмамі і музыкай. З 5 да 12 гадоў жыццё Тані было напоўнена бальнымі танцамі, з 14 і да сёння — сучаснымі. Зараз суразмоўніцы 28, і яна ўпэўнена, што абраны ёй занятак — назаўсёды.


— Бацькі адвялі мяне на бальныя танцы, прычым гэта было не толькі дзеля баўлення вольнага часу: я ўдзельнічала ў розных конкурсах, спаборніцтвах, хадзіла ў групу, дзе былі дзеці, старэйшыя за мяне на гады два-тры (хутка ўсяму вучылася). Бацькі аддавалі апошнія грошы, толькі каб я не спынялася. А я і не збіралася, мне падабалася! Праз нейкі час пачала займацца сучаснымі танцамі — хіп-хопам. У мяне ўсё атрымлівалася. Магчыма, таму, што ў дзяцінстве мышцы яшчэ цалкам не сфарміраваныя і цела лёгка гнулася.

— Калі ты прыйшла да таго, што хочаш вучыць іншых, быць трэнерам?

— Не магу «танцаваць у пустэчу», мне патрэбны глядач. А лепш, каб іх было шмат, таму і стала выкладаць. Адбылося гэта ў даволі раннім узросце — у 18 гадоў. Пасля да хіп-хопа далучыліся больш дзявочыя яго кірункі. Энергіі ў мяне хоць адбаўляй, таму зараз да ўсяго іншага дадала і дэнсхол — выкладаю яго ўжо некалькі гадоў. Рытм, камбінацыі рухаў, настрой... Нібыта родны стыль, якім я займалася ўсё жыццё.

— Як ты сумяшчала рэпетыцыі, выступленні з семінарамі і сесіямі падчас вучобы ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце?

— Ох, як магла! Але ўсё забывалася падчас выступленняў. Я ж вучылася на перакладчыка, думала, буду працаваць па спецыяльнасці. Але зразумела, што танцы люблю больш, бо гатова аддаваць свае сілы гэтаму кожны дзень: і калі хварэла, і ва ўсе дні адпачынку, і ў хвіліны ляноты.

— Ты ўдзельніца і пераможца розных маштабных спаборніцтваў, у тым ліку чэмпіянату Беларусі па сучасных танцах, арганізатарка шоу-батла «Танцавальны накаўт», стваральніца жаночага танцавальнага праекта Sugar. Дух спаборніцтва не знік дагэтуль?

— Чэмпіянаты, прызавыя месцы мне былі цікавыя, калі я хацела прадэманстраваць іншым: вось, глядзіце, як я магу. З часам гэта жаданне прайшло. Хоць нельга сказаць, што сярод танцораў няма канкурэнцыі. У Мінску мы адно аднаго ведаем, ходзім на тусоўкі, мерапрыемствы, ацэньваем узровень майстэрства. Але я люблю танцаваць больш, чым перамагаць. Таму канцэнтруюся на самаразвіцці, аддаю добрую энергетыку іншым людзям на рэпетыцыях і майстар-класах.

— Як ствараецца танец?

— Заўсёды абапіраюся на музыку. У кожнага трэка свой настрой, і я пачынаю выдумляць пад яго розныя камбінацыі. Ці проста пачынаю фрыстайліць. Тыя рухі, якія спадабаліся, запамінаю і раблю харэаграфію. Раней нешта стварала ў галаве, аднак зараз лічу, што трэба рабіць танец, стоячы ў зале. А яшчэ я танцую з усмешкай!

— Ёсць меркаванне, што дэнсхол — выключна для дзяўчат. Гэта так?

— Не зусім. У асноўным ходзяць яны, але наведваюцца і хлопцы. У танцы няма полу і ўзросту, гэта стэрэатып. Мне падабаецца наш час, бо зараз сцёртыя межы стыляў. Можна камбінаваць напрамкі, выказваць розныя эмоцыі. Людзі ўсё менш думаюць: «Я не змагу», часцей бяруць і робяць. Многія вучацца танцаваць з нуля, і калі ў аднаго чалавека цела можа быць пластычным ад прыроды, другому трэба будзе прыкласці шмат намаганняў дзеля добрага выніку. Такія мэтанакіраваныя і працаздольныя людзі часцей за ўсё і дабіваюцца поспехаў у нашай сферы.

— Як ты павышаеш свой прафесійны ўзровень?

— Калі хочаш развівацца, трэба выкарыстоўваць любыя магчымасці. Нават калі мне не па душы які-небудзь напрамак, усё роўна спрабую танцаваць, пераймаць нейкія рухі. Так па-іншаму глядзіш на сваё цела. Лічу, што цяпер лягчэй пракачаць свой скіл (уменне, майстэрства, навык. — Аўт.). Калі пачынала займацца, не было ні майстар-класаў, ні лагераў, ні фестываляў і тусовак. А зараз — на любы густ! У Беларусі вельмі добрыя магчымасці для рэалізацыі танцавальных здольнасцяў.

— Яшчэ ходзіш у трэнажорную залу?

— За апошні час была толькі адзін раз, ды і тое не ведала, што там рабіць. Разумееш, калі танцуеш кожны дзень на працягу дзесяці гадоў, табе ніякая іншая нагрузка на арганізм не патрэбная. Ды ў харчаванні я сябе не стрымліваю, ем усё, што хочацца.

— А чым займаешся ў дні, калі не танцуеш? Такія ўвогуле ёсць?

— Люблю вучыцца, прычым усяму. Напрыклад, аднойчы мне стала цікава, як робяць у салонах прыгажосці манікюр — навучылася. Пасля — як дзяўчаты нарошчваюць вейкі, цяпер я магу рабіць і гэта. Шыць, вязаць — лёгка! Заўсёды кажу, што, калі чагосьці не ўмею, абавязкова навучуся! Вольнага часу амаль што няма: акрамя таго, што вучу танцам ахвотных у некалькіх студыях, я яшчэ выкладаю англійскую мову ў анлайн-школе.

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.