Вы тут

Алёна Беланожка: «Чыстая літаратура» наўрад ці пракорміць


Маналог маладой пісьменніцы пра жыццё і творчасць.

«Складана сказаць, калі ў мяне ўсё пачалося. Без літаратурнай дзейнасці сябе не ўяўляю ўвогуле. Я многа чытала і — само сабою — многа пісала ў школе. Заўсёды нешта нараджалася: вершы, сцэнарыі свят. Так што аддзяліць сябе ад літаратуры, сказаць «вось тут я не пішу яшчэ, а тут — пачала», немагчыма. Ды і, напэўна, мала хто можа пра сябе расказваць, што, маўляў, прачнуўся аднойчы раніцай і падумаў: «А стану я пісьменнікам!»

Самы першы мой твор з'явіўся, калі мне было пяць гадоў. Гэта быў верш, прысвечаны Першамаю. Двухрадкоўе пра людзей, якія ідуць і махаюць паветранымі шарыкамі. У сцэнарыях масавых свят і цяпер калі-нікалі вяртаюся да тэмы «людзей з шарыкамі», атрымліваецца, ёсць своеасаблівая пераемнасць. Прадвызначанасць.

Аўтарам у поўным сэнсе гэтага слова я пачала сябе лічыць тады, калі прыйшла ў «Маладосць» у 2008 годзе. Да Вікі Трэнас, тагачаснага рэдактара аддзела паэзіі, прынесла свае вершы. І, калі праз пэўны час пабачыла іх апублікаванымі, мне ў рэдакцыі адкрытым тэкстам сказалі: «Вось, ты цяпер пісьменнік рэспубліканскага маштабу!» Да гэтага, атрымліваецца, усё было непрафесійна: так, самадзейнасць, хобі. А калі мы ўжо друкуемся, набываем публічнасць — гэта трошкі іншае самаўспрыманне. З'яўляецца адказнасць за тое, што пішаш і публікуеш.


Фо­та Канстанціна ДРО­БА­ВА.

***

Калі знаёмлюся з кімсьці, кажу, што я — рэжысёр-сцэнарыст. Гэта для мяне, напэўна, найбольш важна. Сцэнарыст — гэта не тое самае, што пісьменнік, тут свая спецыфіка. Можна не быць пісьменнікам, але пры гэтым рабіць добрыя кампілятыўныя формы сцэнарыяў. У арыгінальных, якія ад першай літары да апошняй кропкі пішаш сам, канешне, здольнасці пісьменніка прыдадуцца. Прыдасца валоданне словам.

Рэжысёр унутры мяне з пісьменнікам не канфліктуе. Ніколі. Рэжысёр проста цісне і дыктуе. Бачыць нейкую лішнюю дэталь — і бязлітасна яе прыбірае. Бо ўсё павінна працаваць на сюжэт, ніякіх лірычных адступленняў. Я ўвогуле лянівы аўтар, не люблю апісанняў. Не маё гэта, не пра мяне. Алёна — усе ведаюць — выкарыстоўвае збольшага дзеясловы. Прыйшоў. Узяў. Перамог.

Але ўсё ж я — рэжысёр-сцэнарыст.

Бывае, што асноўная праца замінае літаратурнай дзейнасці. І даволі часта. На буйныя формы патрэбны час, з наскоку такое не робіцца, трэба пасядзець, падумаць. Выбудаваць сюжэт. Схемку персанажаў накідаць, стрэлачкамі намаляваць іх стасункі, мінімальныя характарыстыкі даць. Такі падрыхтоўчы этап. Гэта, напэўна, спецыфіка працы менавіта сцэнарыста: пакуль не размалюеш для сябе «сетку», не можаш рухацца далей.

Гэтыя прыёмы — набытак з універсітэцкіх часоў, з БДУКіМ, дзе я вучылася па спецыяльнасці «рэжысура абрадаў і свят». Атрымліваецца, я не проста рэжысёр, я, як кажуць, «пляцоўнік», рэжысёр-канцэртнік. Гэта, так бы мовіць, асобная каста. Каста людзей, якія працуюць з блокамі інфармацыі. Задача «наразаецца» перад рэжысёрамі блокаў, а потым, згодна з канцэпцыяй, усё зводзіцца ў адзін стройны сюжэт.

Дык вось, адну кнігу мне асабліва рэкамендаваў мой шаноўны куратар Аляксей Якаўлевіч Камінскі. Гэта была кніга Аляксандра Міты «Паміж пеклам і раем», дзе схематычна, сцісла, вельмі зразумела тлумачыцца, як правільна пішацца сцэнарый. І ўвогуле — як робіцца кіно. Усё карысна і ў літаратурнай, і ў канцэртнай маёй дзейнасці. Уласна, дзякуючы гэтай кнізе і дзякуючы высілкам Аляксея Якаўлевіча з мяне і атрымаўся рэжысёр, сцэнарыст. Аляксей Якаўлевіч, шчыра дзякую вам за ўсё.

***

Адносна працы з тэкстам у мяне так: дзесяць тысяч знакаў за чатыры гадзіны. Інакш кажучы, асноўнае бывае менавіта на падрыхтоўчым этапе. Потым, калі ўсё прапісана, можна механічна адпрацаваць гэта ў тэксце.

Ну а моўныя хібы хай паправіць рэдактар — на тое ён і рэдактар.

Сваю прыгодніцкую аповесць (якая нядаўна друкавалася ў часопісе «Маладосць») пад назваю «Зорка Ракхігархі» я пісала 26 дзён. Твор амаль не правіла: стараюся тыя кавалкі, якія раблю, у той жа дзень перачытаць і «падагнаць», супаставіць з іншымі.

Калі ёсць адладжаная схема тэксту, то, у прынцыпе, можна працаваць з любога боку, прапісваючы эпізоды не ў храналагічным парадку. Галоўнае — разумець, да чаго ў выніку ўсё хочаш прывесці. Мне зручней рабіць усё паслядоўна, бо так можна прасачыць, як артэфакты розныя ў тэксце з'яўляюцца, як змяняюцца персанажы. Бо часам, калі працуеш спачатку над эпізодамі канцоўкі, цяжкавата гэтыя змены адсачыць.

Зручней за ўсё мне пісаць у ложку. Прачынаюся раніцай — і працую з ноўтбукам. Самы прадукцыйны перыяд — недзе з васьмі гадзін да трынаццаці. Я не тое каб жаўранак, проста важная свежая галава, не забітая турботамі, клопатамі і навінамі. Ёсць нейкі «ліміт знакаў» на дзень. Выпішаш гэты ліміт у сацсетках — і на тэкст нічога не застанецца.

***

«Фэйсбук» у мяне ёсць. Дакладней, і раней быў, проста я на пэўны час ад яго адмовілася, але потым вярнулася. Там жа коцікі!

Ну і таксама праз гэтую сацсетку падтрымліваю творчыя, літаратурныя кантакты, адсочваю навіны, умоўна кажучы, «тусоўкі». Але калі прабіваць па пошукавіках, то мяне нібы і няма ў сеціве: мала крытыкі, мала водгукаў. Пішаш як бы ў Сусвет. Наткнецца нехта вачамі — ну і добра. Таму я і не пазіцыяную сябе як пісьменніка, бо пісьменніцтва — гэта заўжды публічнасць, feed-back.

Таму, як ні крыўдна і горка, літаратура ў мяне на другім месцы. Заўжды трэба думаць, як зарабіць.

У сённяшнім свеце пісьменнікам быць няпроста. Шукаеш спосаб апублікавацца, выдаць кнігу. Так, зараз шукаю магчымасці, каб выдаць «Зорку Ракхігархі», працяг «Чамадана з кракадзілавай скуры» (які выйшаў кнігаю ў бібліятэчцы «Маладосці»). Можа, «Чамадан...» — яшчэ не зусім тое, што хацела б бачыць, але «Зорка...» — менавіта тое, што хацела сказаць.

Рукапіс кнігі фантастычных апавяданняў зараз знаходзіцца ў выдавецтве «Мастацкая літаратура»: спадзяюся, у 2019 годзе выйдзе мой томік у новай серыі «Час ХХІ». Гэта зборнік, сёе-тое мільгацела, публікавалася, але ёсць і тры зусім новыя тэксты. Хочацца і кніжку паэзіі выдаць у перспектыве, але пераглядала і зразумела: не ўсё праходзіць выпрабаванне часам. На вартую кнігу паэзіі не хапае матэрыялаў. Але сябе як паэта я «прасоўваю» праз прафесійную дзейнасць: пішу песні (зарэгістравана больш за 150), ладжу сумесныя імпрэзы з кампазітарамі.

Песні, да таго ж, кормяць. Акупляюцца. Асабліва калі гучаць пасля на радыё ці тэлебачанні. А вось «чыстая літаратура» наўрад ці пракорміць.

***

Кожнаму пісьменніку, на маю думку, патрэбны літаратурны агент. Калі сам пішаш і рэкламуеш сябе, сітуацыя з разраду «і танцую, і пяю, і білеты прадаю». Добра, калі дапамагае рэдакцыя, выдавецтва. Але часта бывае, што аўтар друкуецца, а прадаваць, прасоўваць яго творы нібыта і няма каму. І «звесці» з рэдакцыяй або выдавецтвам няма каму, хіба што сам надумае і звернецца. Атрымліваецца, аўтар сам сабой займаецца, сам сабе імідж стварае, а ўсе гэтыя «маркетынгавыя» пытанні адбіраюць вельмі многа часу ад творчасці.

Можа, варта звярнуць увагу на заходніх калег, дзе інстытут літаратурных агенцтваў ужо досыць даўно і дзейнічае.

***

Калі казаць пра мяне як пісьменніка на сённяшнім этапе развіцця, — то «я-сапраўдная», напэўна, у апавяданні «Белы дом». Па-першае, гэта тэкст, да якога ў мяне няма прэтэнзій на моўным і сюжэтным узроўнях. Па-другое, мне імпануе жанр — антыўтопія. Увогуле, і не апавяданне гэта нават, а міні-аповесць на 33 тысячы знакаў. Наогул, антыўтопія і рамантычная фантастыка (не scі-fі) — гэта мне зараз найбольш блізка.

А «я-паэт», напэўна, найлепей праявілася ў паэме «Акіяны» (якую можна, як і «Зорку...», пабачыць на старонках «Маладосці» за гэты год). Можа, нават «я-чалавек» — гэта і ёсць тая паэма. Таму што яна — шчырая».

Чытацкая парада ад Алены Беланожкі: абавязкова пазнаёміцца з аповесцю «Цытадэль» Антуана Экзюперы. «Гэта квінтэсэнцыя жыццёвай мудрасці», — кажа яна.

Запісала Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.