Вы тут

Сакрэты прафесіі майстра лесу


«Усё думаю паспрабаваць уключыць падчас работы крокамер. Калі пералік дрэў робіш, бывае, так набегаешся, што ў канцы дня ногі гудзяць», — усміхаецца Дзмітрый АКУЛОВІЧ. Майстрам лесу ў Лагойскім лясгасе ён працуе крыху менш за год. Ужо асвоіўся, хоць першыя месяцы было няпроста. «Складана напачатку весці дакументацыю і бухгалтэрыю. Запаўняць накладныя і пісаць справаздачы нас ва ўніверсітэце не вучылі», — жартуе хлопец.


На ра­бо­ту ў ляс­гас Дзміт­рый Аку­ло­віч тра­піў па раз­мер­ка­ван­ні.

З раніцы падмарожвае. Затое ў лесе сапраўдная зімняя казка: на галінках сосен асеў снег, і мы, гарадскія жыхары, хутчэй фатаграфуем гэты пейзаж для «Інстаграм».

У Козырскае лясніцтва хлопец, выпускнік факультэта тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці БДТУ, трапіў па размеркаванні. Прафесію выбраў з пасылу бацькоў.

— Тата цесляром працуе, я з ім з дзяцінства ў лес ездзіў, вось і пацягнула ў гэту сферу. Займацца машынамі ці сельскай гаспадаркай мне было б нецікава, — дзеліцца суразмоўнік.

На пачатку працоўнага дня Дзмітрый размяркоўвае работы паміж леснікамі, завозіць іх на дзялянкі, дзе трэба нарыхтаваць бярвёны. Потым сам едзе адпускаць прадукцыю ці адводзіць лесасекі — адмяжоўвае ўчасткі, на якіх будзе праходзіць наступная высечка. Спецыяліст тлумачыць, што пад яе трапляюць дрэвы, якія дасягнулі «спелага» ўзросту (напрыклад, для сасны гэта 80—90 гадоў). Замест іх абавязкова садзяць новыя.

Дзелавую драўніну ў лясгасе закупляе каля 40 арганізацый. Дровы заказвае, апроч устаноў, яшчэ і насельніцтва. Калі вясковец хоча сам нарыхтаваць іх на зіму, то таксама павінен звярнуцца ў лясніцтва.

— Мы едзем на ўчастак, тачкуем дрэвы (замяраем іх дыяметр, каб потым разлічыць аб'ём лесаматэрыялу), на працягу аднаго-двух дзён афармляем дакументы. А пасля сочым, каб усё было зроблена па правілах і чалавек не ўзяў лішняга, — тлумачыць нам нюансы Дзмітрый.

Са­мым скла­да­ным для ма­ла­до­га спе­цы­я­ліс­та  ака­за­ла­ся скла­даць спра­ва­зда­чы і за­паў­няць на­клад­ныя.

За незаконную высечку давядзецца плаціць штраф, а таксама кампенсаваць шкоду, нанесеную лясному фонду. Сумы вялікія, але парушальнікі ўсё роўна ёсць — праўда, пільныя мясцовыя жыхары хутка пра іх паведамляюць.

Сочаць майстры і за тым, каб насельніцтва не звозіла ў лес смецце. Для гэтага ставяць фотапасткі. Дзмітрый прыгадвае, як нядаўна злавілі мужчыну, які прыцягнуў цэлы прычэп хламу. Добра, што выгрузіць не паспеў, — адправілі яго везці ўсё на звалку. Хлопец дзеліцца назіраннямі: звычайна выкінуць смецце не па правілах спрабуюць дачнікі. Мясцовыя жыхары больш берагуць лес.

Побач з будынкам лясніцтва стаіць акуратны драўляны домік. Тут у спецыяльнай «парылцы» сушаць шышкі. Зараз якраз пачаўся сезон іх збору.

— Атрыманае насенне потым перадаюць у гадавальнікі. А ў цяпліцах лясніцтва вырошчваюць дэкаратыўныя дрэвы, — праводзіць для нас кароткі экскурс Дзмітрый.

Клопатаў у майстра лесу хапае ў любую пару года. Вясной ідзе нарыхтоўка бярозавага соку. А з красавіка па кастрычнік — назіранне за пажарнай бяспекай. Работнікі дзяжураць на месцы з васьмі гадзін раніцы да дзесяці вечара. Прымаюць па рацыі паведамленні ад МНС і званкі ад вяскоўцаў.

— У выпадку чаго бочка з вадой і кіроўца заўсёды напагатове. Сур'ёзных пажараў у нашым лясніцтве, кажуць, даўно не было, — заўважае Дзмітрый.

На працы яму даводзіцца прымаць і званкі тых, хто заблудзіў. Каб падказаць, як выйсці з гушчару, хлопец просіць іх знайсці якое-небудзь характэрнае месца. Бывае, чалавек аказваецца побач з шыльдай, дзе напісаны абход лесніка, — тады яго лягчэй сарыентаваць.

Козырскае лясніцтва займае плошчу ў 11 тысяч гектараў. Для яе аб'езду ёсць два УАЗікі. Але хадзіць пешшу ўсё роўна даводзіцца шмат. Дзмітрый быў да гэтага гатовы — тым больш з яго спартыўным мінулым вялікія дыстанцыі не страшныя. У хлопца першы дарослы разрад па біятлоне і лыжных гонках. Цяперашні майстар лесу нават планаваў паступаць у вучылішча алімпійскага рэзерву, але на пашыранай медкамісіі яго «забракавалі». Спаборніцтвы з жыцця Дзмітрыя, праўда, не зніклі. Калі вучыўся, выступаў за ўніверсітэт, сёлета будзе бегаць за лясгас.

Пад­час тач­ка­ван­ня дрэў.

Цікавімся, ці шмат у гэтых мясцінах водзіцца звяроў. Хлопец успамінае, што сустракаў і аленяў, і казуль, і ліс. «Некаторыя нашы работнікі ласёў бачылі, але мне пакуль не трапляліся. Звяры людзей не баяцца асабліва — на 20 метраў да іх падысці можна. Часам нават на УАЗіку пад'язджаеш —стаяць, не ўцякаюць».

Заробкі ў лясніцтве высокія: майстар можа атрымаць да 900 рублёў. Для маладых спецыялістаў прадугледжаны бонусы. Напрыклад, павышэнне службовага акладу на 20 працэнтаў. Тым, хто прыязджае з іншага раёна, даецца жыллё — домік побач з будынкам лясніцтва. А калі работнік арандуе кватэру, то яму часткова кампенсуюць выдаткі — тры базавыя велічыні (гэта 73,5 рубля).

Дзмітрый жыве ў Лагойску ў здымнай «аднушцы». Па яго словах, аднапакаёвую кватэру з добрым рамонтам і мэбляй у райцэнтры звычайна здаюць за 100—120 долараў у месяц, у горшым стане можна знайсці і за 80.

Тэ­ры­то­рыю ляс­ніц­тва Дзміт­рый аб'­яз­джае на УАЗіку,  але ха­дзіць пеш­шу так­са­ма да­во­дзіц­ца шмат.

Хлопец сам родам адсюль. Любіць гэты ціхі гарадок, хоць у ім практычна няма забаў — нават кінатэатра. Але ёсць і іншая прычына, з-за якой малады спецыяліст вярнуўся на малую радзіму, — каханая дзяўчына. Пазнаёміліся яны гадоў сем таму, калі вучыліся ў адной школе. А распісаліся зусім нядаўна — у кастрычніку. Летам Дзімава жонка заканчвае БДПУ імя Максіма Танка, факультэт пачатковай адукацыі, і таксама вяртаецца на адпрацоўку ў райцэнтр.

...Надыхаўшыся хвойным паветрам, ад'язджаем у сталіцу. А малады спецыяліст застаецца на варце прыроды: хутка зімовыя святы, і трэба пільнаваць, каб маладзенькія елкі сустрэлі новы год у лесе, а не ў чужых дамах.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Лагойскі раён

Загаловак у газеце: Майстар лесу не баіцца!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.