Вы тут

Кніжны кірмаш «Свет кніг» змяніў месца сваёй «прапіскі»


Кніжны кірмаш «Свет кніг», вядомы многім сталічным кнігалюбам, змяніў месца сваёй «прапіскі». Калі раней ён знаходзіўся ў выставачным павільёне «БелЭкспа», то пасля таго як будынак быў знесены, давялося шукаць новае месца для гандлю. Такім чынам, цяпер кніжны кірмаш «Свет кніг» можна знайсці на трэцім паверсе гандлёвага цэнтра «Арэна-сіці», што на праспекце Пераможцаў.


Кніжны кірмаш крыху змяніў сваё аблічча. Цяпер гэта не так званыя «кніжныя развалы», а асобныя гандлёвыя пункты. Гэта 16 павільёнаў, якія працуюць з 10 да 22 гадзін, і 8 павільёнаў з рэжымам працы з 11 да 19 гадзін.

Як расказаў старшыня Рады прадпрымальнікаў кніжнага кірмашу «Свет кніг» Ігар ФЕЙГІН, варта завітаць да іх на кірмаш не толькі дзеля саміх кніг, але і дзеля кантактавання з гандлярамі. Яны абавязкова раскажуць, што лепш набыць, параяць, ды ўвогуле не супраць пагутарыць на якую-небудзь калякніжную тэму. Асаблівая чытацкая атмасфера — вось што таксама важна, мяркуе Фейгін.

Увогуле ж гэты гандаль кнігамі зараджаўся яшчэ ў 1980-я гады, на фоне кніжнага дэфіцыту, які быў у Савецкім Саюзе. Тады пачалі арганізоўвацца гурткі кнігалюбаў, а таксама кніжныя кірмашы. У самым пачатку мінскія аматары чытання збіраліся на беразе ракі Пціч, затым у розных гарадскіх палацах культуры. Традыцыя шанавання кніг не перарываецца вось ужо чацвёрты дзясятак гадоў.

У сваю чаргу старшыня Рады арганізатараў кніжных выставак і кірмашоў краін — удзельніц СНД, генеральны дырэктар «Макбел» Дзмітрый МАКАРАЎ даў параду чытачам: калі ўзнікае жаданне набыць кнігу ў інтэрнэце, не спяшацца рабіць гэта. Варта паглядзець, колькі яна каштуе, напрыклад, у суседняй кнігарні. Справа ў тым, што інтэрнэт-распаўсюджвальнікі часцей за ўсё не працуюць напрамую з выдавецтвамі, таму іх цэны значна вышэйшыя. Так, Дзмітрый Макараў пацікавіўся цэнамі на сайтах і параўнаў іх з тымі, якія выстаўляюць у «Свеце кніг». Вынік аказаўся ну вельмі нечаканы. «Беларусь замкавая» напрыклад, якая заваявала шмат узнагарод на кніжных конкурсах, на сайтах каштуе каля 109 рублёў, у «Свеце кніг» — 49 рублёў.

Варта дадаць, што «Свет кніг» гандлюе, у асноўным, кнігамі расійскіх выдавецтваў. Але час ад часу яны супрацоўнічаюць і з беларускімі выдаўцамі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Свет кніг» на Арэне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.