Вы тут

Хто стане мецэнатам для кніг?..


Ці просты ён, шлях кнігі да чытача? А таксама шлях аўтара да яго ўласнага выдання? Гэта дарога крыху даўжэйшая, чым можа падавацца на першы погляд.


Нагодай для сённяшняй публікацыі стала навіна, якую пабачыла ў сацыяльных сетках адразу трох (!) сяброў-пісьменнікаў з Украіны. І не тое каб вельмі шмат з якімі аўтарамі з Украіны я сябравала — таму такі збег навін (апярэджу аповед, добрых навін) мяне ўразіў. Дык вось, кнігі гэтых пісьменнікаў і паэтаў, як і многіх іншых іх суайчыннікаў, былі ўхваленыя на закупку для цэнтралізаванай украінскай бібліятэчнай сістэмы. Хтосьці з гэтых аўтараў даволі вядомы ў межах сваёй краіны. Іншыя ж — зусім маладыя творцы, якія паспелі выдаць толькі першую ўласную кнігу. І вось іх ужо рэкамендавалі для бібліятэчных фондаў! Выбарам твораў займалася спецыяльная экспертная рада, якая абрала 741 кнігу, і выдзеліла для гэтай мэты 120 мільёнаў украінскіх грыўняў (9 мільёнаў 107 тысяч беларускіх рублёў).

Думаю, гэта надзвычай добры крок. Па-першае, безумоўна ж, кожнаму аўтару надзвычай прыемная такая ўвага. Гэта і вельмі добры сродак папулярызацыі: у тых мясцінах, дзе раней было мала шанцаў на тое, што пра аўтара хтосьці даведаецца, цяпер у бібліятэках могуць з'явіцца яго кнігі. Па-другое, і ў нас сёння шмат кажуць пра не самы просты час жыцця бібліятэк: іх наведваюць усё радзей і ўсё меншая колькасць чытачоў. Можа, прычына тут не толькі ў развіцці тэхналогій, але і ў тым, што бібліятэкі не надта паспяваюць не тое што за часам, але хоць бы за новымі аўтарамі і кнігамі?.. Безумоўна, такі крок нашых суседзяў будзе карысны для падтрымання іх бібліятэчнай сістэмы. Мяркую, многія падумаюць пра тое, каб зноў завітаць у бібліятэкі, калі даведаюцца, што туды паступілі кнігі самых сучасных, самых актуальных аўтараў.

Што ж маем мы? У адносінах «аўтар — бібліятэка» існуе даволі няпростая схема. Калі пісьменнік ці паэт хоча, каб яго твор пабачыў свет, адзін са спосабаў — самому атрымаць заяўкі ад бібліятэк, якія гатовы былі б набыць яго кнігі. Гэта значыць, што аўтар, цалкам магчыма яшчэ зусім невядомы, павінен завітаць да добрага тузіна дырэктараў бібліятэк і выкарыстаць усю сваю харызму і абаянне, спрабуючы давесці, што ім сапраўды трэба даць згоду на набыццё яго будучай кнігі. Натуральна, якая гэта кніга, бібліятэкар і дырэктар пакуль не ўяўляюць — бо размова вядзецца пра будучыню, а на дадзеным этапе твор яшчэ не выйшаў...

«Каб выдаць кнігу пэўнага аўтара, мы павінны бачыць перспектыву яе рэалізацыі, — кажа дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. — Гэта могуць быць заказы бібліятэк, сеткі «Белкніга», прыватных кнігарняў. У любым разе кніга павінна быць запатрабаванай. Аўтар можа даць нам адрасы бібліятэк, гатовых атрымаць яго выданне, а з бібліятэкарамі мы звяжамся самі».

Мяркую, што далёка не ў кожнага аўтара знойдуцца маральныя сілы, каб выправіцца ў такі паход па бібліятэках. А ў іншых выпадках даволі мала шанцаў, што яго выданні з'явяцца на паліцах публічных чытальняў. Такое вось замкнёнае кола.

Я вельмі радуюся за сваіх украінскіх сяброў, калі чую добрыя навіны пра іх літаратурную сферу. Рэгулярна хтосьці перамагае ў пэўных конкурсах — і атрымлівае магчымасць выдаць першую (ці не першую) уласную кнігу. Вельмі важна і тое, што кнігі ва Украіне вызвалены ад падатку на дабаўленую вартасць. Апошняе істотна спрашчае жыццё іх выдаўцам і агулам умацоўвае кніжны рынак, дадае магчымасцяў палепшыць якасць выпушчаных твораў.

Калі вярнуцца да Беларусі, то згадваюцца багатыя кніжныя зборы Радзівілаў, Сапегаў, Паскевічаў, Храптовічаў, Агінскіх і многіх іншых выдатных родаў, якія існавалі на нашых землях раней. Бібліятэкі займалі свае пачэсныя, даволі прасторныя месцы ў палацах. У пазнейшыя часы ліхалеццяў кнігазборы вывозіліся ворагамі за межы краіны як багатыя, жаданыя трафеі... Будзем жа памятаць і аднаўляць слаўную традыцыю бібліятэк.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.