Вы тут

Як сезонныя немахляры лёгка знаходзяць ахвяр


Днямі давялося стаць сведкай «некрымінальнага» махлярства, дакладней новага яго віду. Зайшла на абед да пляменніцы, якая жыве недалёка ад рэдакцыі. Звоніць ёй бабуля мужа, кватэра якой на два паверхі вышэй, і хваліцца: устанавіла толькі што апавяшчальнік наяўнасці чаднага газу. «Хлопцы ўсё расказалі, паказалі, устанавілі. Зараз да цябе зойдуць. І ты абавязкова ўстанаві, бо ў цябе ж дзеткі малыя, а чадны газ — гэта ж такая небяспека. Ад яго не толькі загінуць можна, але ж і кватэра можа ўзарвацца, хлопцы фоткі паказвалі — адны разваліны застаюцца, калі чадны газ выбухае...» «Развод», — хорам выдыхнулі мы з малой, і памчалі на трэці паверх глядзець на цуда газаўлаўляльнай тэхнікі ды яшчэ з кволай надзеяй злавіць тых «хлопцаў» за руку...


Хлопцы, пэўна, «працавалі» ўжо ў іншай кватэры, а бабуля была перакананая, што зрабіла ўсё правільна і выгадна. (Бабуля, трэба заўважыць, нягледзячы на свае 78, актыўная, нават яшчэ працуе. Карацей, у курсе ўсяго, што адбываецца.) Яна з гонарам, што не дала сябе падмануць, прад'явіла дагавор на ўстаноўку апавяшчальніка — з пячаткай, нават з гарантыяй, квітанцыю аб аплаце і паведаміла, што гэта былі спецыялісты канторы «Дом-газ» (дакументы пільная бабка запатрабавала ў іх яшчэ ў дзвярах і толькі тады пусціла ў кватэру). Кантора працуе з дазволу Мінгаза, хутка ўстаноўка такіх апавяшчальнікаў будзе абавязковай для ўсіх, трэба будзе запісвацца ў чаргу і плаціць значныя грошы, а гэта арганізацыя пакуль прапануе льготныя цэны — акцыя ў іх такая. Дзвесце рублёў — гэта, зразумела, грошы, большая частка пенсіі, але ж пасля давялося б устанаўліваць яшчэ даражэй... «А адкуль у вас тут можа быць чадны газ, калі газавай калонкі, а тым больш печкі ў кватэры няма?» — дапытвалі мы бабулю, стараючыся зразумець логіку выкідвання даволі вялікай сумы. «А з газавай пліты!» Тлумачыць бабцы розніцу паміж СН4 і СО падалося справай няўдзячнай, як і пераконваць у тым, што яе проста абдурылі на дзвесце рублёў. Мы вярнуліся на першы паверх, каб дачакацца «газавікоў», — яны ж пэўна ходзяць па ўсіх кватэрах.

Два чарнявыя хлопцы, якія пазванілі ў дзверы, былі сама ўпэўненасць і рэспектабельнасць. У форменных спяцоўках, з акуратнымі чамаданчыкамі. На патрабаванне прад'явіць дакументы дасталі прыгожыя пасведчанні, дзе значылася «ООО «ДымГаз». Праўда, упэўненасць пачала знікаць на вачах, калі мы здзекліва сталі задаваць пытанні пра ўласцівасці чаднага газу, пра тое, адкуль ён вылучаецца і ці можа ён выбухнуць. А калі сказалі, што зараз пазвонім на гарачую лінію Мінгаза, каб растлумачылі нам, што за «ўпаўнаважаныя спецыялісты» ходзяць па кватэрах, «спецыялісты», кінуўшы на хаду: «Дык, значыць, нічога ўстанаўліваць не будзем?», паспяшаліся рэціравацца.

На гарачую лінію Мінгаза мы ўсё ж пазванілі. Як высветлілася — не мы першыя. Але Мінгаз «ДымГазу» нічога прад'явіць не можа: у газавае абсталяванне «спецыялісты» не ўмешваюцца, дзейнічаюць яны як асобная фірма, якая да іх арганізацыі ніякіх адносін не мае, устаноўка апавяшчальнікаў ідзе ў добраахвотным парадку, ніхто нікога не прымушае — значыць, ніякага крыміналу... Паглядзелі мы і на цэны, якія Мінгаз прапануе (падобны апавяшчальнік раяць устанавіць усім, у каго ёсць газавыя калонкі ці іншыя патэнцыйныя крыніцы СО). Дык вось, апавяшчальнік, які за дзвесце рублёў прымацавалі ў кватэры нашай бабулі, каштуе — увага! — сорак. Бурныя апладысменты вынаходлівасці спецыялістаў, бо і тут да іх не падкапаешся: у нас свабодныя рыначныя адносіны, не хочаш — не купляй...

Гэта ўжо стала звычайнай справай, сезоннай тэндэнцыяй — менавіта позняй восенню вылазяць на «паляванне» такія вось «спецыялісты». У розных сферах: устанаўліваюць цуда-фільтры для вады, рамантуюць вокны, у якіх пры «прафесійным аглядзе» знаходзяць безліч няспраўнасцяў, робяць ну проста жыццёванеабходную «дыягностыку» праводкі. Прадаюць тавары па «суперзніжках» — нядаўна свекрыві калегі «ўцюхалі» набор каструль за сто пяцьдзясят рублёў. Прычым прадавец быў вельмі пераканаўчы: маўляў, тэрмінова пераязджаю ў іншы горад, усяго з сабой не пацягнеш, а грошы таксама не лішнія, таму так танна. Бабуля ўзрадавалася, купіла, а ў інтэрнэт-магазіне ўнучка вечарам знайшла дакладна такія ж па цане шэсцьдзясят рублёў... І, што характэрна, махлярства ім ніяк не інкрымінуеш, бо ўсе зарэгістраваныя, з пасведчаннямі, з ліцэнзіямі, а па якой цане прадаюць і якія маркетынгавыя прыёмы пры гэтым ужываюць — гэта ўжо іх справа...

Цяпер у іх самы «хлебны» час — павярталіся з лецішчаў, папрыязджалі на зімоўку да дзяцей у горад даверлівыя пенсіянеры. Якія, нават калі хата поўная людзей, днём практычна заўсёды застаюцца адны, бо маладыя — хто на працы, хто на вучобе. На вуліцы доўга такім холадам не пагуляеш, тэлевізар надакучыў, а тут прыходзяць прыгожыя, добра апранутыя — не зладзюжкі якія-небудзь, і цябе, старога чалавека, за разумнага лічаць («Вы, напэўна, ужо чулі пра акцыю, якая праводзіцца...» — так звычайна пачынаюць яны размову.) Ну як тут такім прыемным людзям не дазволіць паглядзець тое акно, як не пагадзіцца з імі, што тэрмінова трэба рамантаваць ручкі, шыбы, запоры. Ды яшчэ па нізкіх цэнах...

Я, уласна, дзеля чаго ўсё гэта пішу. Вы яшчэ не званілі сёння бацькам ці іншым немаладым сваякам (нават калі яны жывуць з вамі і бачыліся вы гэтым ранкам)? Патэлефануйце, знайдзіце на гэта пару хвілін. Спытайце, як адчувае сябе, чым займаецца. Заадно і пра «ДымГаз» папярэдзьце. Зрэшты, не гэта, апошняе, тут галоўнае...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Дым у вочы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.