Вы тут

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі


«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну. Жанчыну, якая амаль дзесяць гадоў кіруе адной з найлепшых гаспадарак у краіне. Якая прадстаўляе Мінскую вобласць у верхняй палаце парламента. Якая ўмее прымаць гасцей самага высокага ўзроўню і выклікаць у іх захапленне зробленай справай. Гэтую справу яна робіць не адна, а разам са сваім калектывам. Ёй удаецца кіраваць камандай у 500 чалавек так, каб кіраўнік дзяржавы назваў гаспадарку ўзорнай. Пры гэтым яна пакідае ўражанне чалавека мяккага, інтэлігентнага і паэтычнага. Нагода для сённяшняй сустрэчы з Нінай ЖАЛЯЗНОВАЙ, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства «Азярыцкі-Агра» Смалявіцкага раёна, — свята.

Прафесійнае свята ўсіх людзей, якія працуюць на зямлі.

Якія, як яна сказала, кормяць свет.


І прыродзе патрэбна перадышка

— Ніна Вікенцьеўна, ці адчуваецца перадсвяточны настрой?

— Мне здаецца, што праца аграрыяў сама па сабе святочная. Выходзіш у поле, калі пачынаецца пасяўная — вясна, сонца, адраджаецца зямля, і ты ажываеш разам з ёй. Цвіце канюшына — прыгажосць, ад якой не адвесці вачэй. Радасць ад еднасці з прыродай адчувае кожны, толькі ў рознай ступені. Яе немагчыма нічым замяніць. Для мяне заўсёды час асаблівага ўнутранага ўздыму, калі красуе жыта...

Невыпадкова асноўным земляробчым святам у нашых прадзедаў была Сёмуха (Тройца) — па заканчэнні вясновых палявых работ. Яго яшчэ называлі Зельна, Зелянец, Зялёныя святкі, бо выпадала на перыяд расцвітання ўсёй прыроды.

Мы, дарэчы, у «Азярыцкім-Агра» падтрымліваем народную традыцыю — на Тройцу робім выхадны дзень і амаль усім калектывам з сем'ямі збіраемся на тэрыторыі нашага аздараўленчага цэнтра «Сасновая» з песнямі, танцамі, юшкай, шашлыкамі, ушаноўваем кожнага сумленнага працаўніка незалежна ад прафесіі.

Прафесійнае наша свята выпадае на лістапад. Безумоўна, прыемна атрымліваць віншаванні. Напярэдадні віншуем усіх работнікаў сваёй гаспадаркі ў працоўных падраздзяленнях, кожнаму асабіста ўручаем шчодры «харчовы кошык» і абавязкова ладзім невялікі самадзейны канцэрт для настрою.

— З чым падышлі да трэцяй нядзелі лістапада сёлета? Год для аграрыяў быў цяжкі.

— Так, у параўнанні з папярэднімі гадамі не дабралі валавы аб'ём прадукцыі. Але не лічу гэта катастрофай. Год на год не прыходзіцца. Чалавек імкнецца выканаць узятыя планы, а прырода размярковае па-свойму. З пункту гледжання эканомікі мы спрацавалі добра. За дзевяць месяцаў атрымалі 2 мільёны 433 тысячы рублёў прыбытку. Гэта галоўны вынік нашай работы. Часткова аднавілі свой сельскагаспадарчы тэхнічны парк, як па лізінгу, так і за ўласныя сродкі. Своечасова выплачваем заробкі (сярэдні за дзевяць месяцаў па гаспадарцы — 1130 рублёў) і падаткі, не маем доўгу за энерганосьбіты, разлічваемся з пастаўшчыкамі. Гэта справа гонару. На мой погляд, «неразлікі» — непавага да партнёра. З намі, на жаль, калегі, каго мы выручылі ў свой час кармамі, зернем, бульбай, не разлічыліся.

Справай гонару, лічу, таксама быць прафесіяналам і рабіць работу па-гаспадарску, як для сябе, незалежна ад формы ўласнасці. У гэтым сакрэт поспеху.

Увогуле, лічу, што любы год, калі не было пажару, залевы, буры і вайны, — не цяжкі. За ўсё дзякуй Богу!

Важней за надвор'е

— Пра сакрэт поспеху трошкі падрабязней, калі ласка!

— Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі. Гэта значыць, павінны весці свой бізнес без мітусні, размерана, стабільна. Адна з асноўных праблем у гаспадарках — частая змена кіраўніцтва. Размова не толькі пра дырэктара ці старшыню, але пра агранома, заатэхніка, ветэрынарнага ўрача, інжынера... Які б разумны ні быў новы кіраўнік, ён не можа адразу ўхапіць усе нюансы вытворчасці, быту, характару мясцовасці, усё пралічыць. А пакуль ён унікае, калектыў не здольны працаваць з поўнай аддачай, прабуксоўвае. Катаклізмы надвор'я ў разы наносяць меншую шкоду справе, чым безуладдзе. Бо пры добрым кіраўніку кожны ведае, што яму рабіць, мае сваю адказнасць за справу, каб ланцужок тэхналагічнага працэсу не парваўся. Падчас экстрэмальных умоў і напружанай работы ўсе мабілізуюцца.

Калі мы звозім з палёў сена, ніхто не глядзіць, што ўжо амаль поўнач. Калі ў гарачы час не хапае механізатараў, за руль садзяцца інжынеры і механікі. Таму і аўтарытэт маюць, хоць і зусім яшчэ маладыя.

Палі «Азя­рыц­ка­га-Аг­ра».

Да таго ж, работа на зямлі патрабуе пераемнасці пакаленняў. Нездарма ў сялянскіх сем'ях асаблівая пашана была старэйшаму мужчыну ў родзе. Ён ўжо не меў сіл араць або малаціць, але кіраваў, быў галоўным «менеджарам». Бо ведаў, адкуль пачынаць касіць, у якую пару сеяць ці саджаць, якую жывёлу лепш пакінуць на племя. Ад яго навучаўся сын, ад таго — унук. І калі перарваць гэты ланцужок, памылкі непазбежныя.

У нас Іван Тарасавіч Ракіцкі працуе кіроўцам 53 гады. Неяк бачу: сапсавалася машына, ён стаіць і пільна сочыць, як яго ўнукі, адзін інжынер, другі ў той час быў энергетыкам у гаспадарцы, круцяць, рамантуюць, ажно галовы мільгаюць. «Во, — кажу, — Іван Тарасавіч, добрых сабе слесараў знайшлі». А ён адказвае з усмешкай: «Я ж ведаю, як адрамантаваць, ды ўжо спіна не гнецца, а вось ці змогуць гэтыя спецыялісты, пагляджу...» Змаглі. Старэйшы ўнук Сяргей Савіцкі зараз галоўны інжынер гаспадаркі, па неабходнасці замяшчае дырэктара.

А з працавітай сям'і Валерыя Адамавіча Быстрыкі на работу ў жывёлагадоўлю разам з ім ідуць: жонка, двое сыноў і нявестка. Сям'і Таццяны Крэс (абое з мужам Яўгенам працуюць даярамі) часта дапамагае прыгажуня дачка Насця, прадавец крамы. Спрытная, камунікабельная, адным словам, свая. Прыемна бачыць, як крочаць разам на работу механізатары бацька і сын Міхалевічы, механізатар Уладзімір Дрозд з зяцем і сынам, тры браты Няхайчыкі...

Ёсць у поспеху і іншыя абавязковыя складнікі. Ва ўсім свеце аграпрамысловы комплекс складаецца з прыватнага бізнесу. А бізнес здольны развівацца, калі ў яго ёсць місія. Грошы — толькі сродак выканання місіі, пастаўленай мэты. Калі грошы са сродку ператвараюцца ў мэту, мы атрымліваем тупіковую сітуацыю: няма ні грошай, ні справы.

Наша мэта — забяспечыць фермы самымі прадукцыйнымі жывёламі. А гэтых жывёл — найлепшымі кармамі, умовамі ўтрымання, каб мець шмат якаснага прадукту — малака (якога, дарэчы, штодня ў гаспадарцы атрымліваем 55 тон). Нам трэба гэта малако прадаць, каб за выручаныя грошы, у першую чаргу, наладзіць добры быт тых людзей, якія тэхналагічна робяць сваю справу. І тут паўстае пытанне: чаму гаспадарка не можа прадаць атрыманы прадукт таму перапрацоўшчыку, які заплаціць большую цану і своечасова разлічыцца? Гэта, дарэчы, адна з прычын стрымлівання эканамічнага развіцця сельскай гаспадаркі.

Калі коратка, поспех — гэта ініцыятыва плюс прафесіяналізм. І не трэба баяцца памылак.

Сельскай гаспадарцы патрэбен не лятун

— Якія якасці вы цэніце ў работніках сяла больш за ўсё?

— Працаздольнасць, стрэсаўстойлівасць, добразычлівасць. Прафесійныя навыкі можа набыць кожны. Я бясконца рада сённяшняму свайму калектыву, бо ўсе галоўныя пасады ў ім занялі маладыя людзі. Яны прыходзілі ў свой час практыкантамі, брыгадзірамі, а цяпер кіраўнікі, прафесіяналы сваіх галін вытворчасці. Ганаруся галоўным інжынерам Сяргеем Савіцкім, яго выдатна дапаўняюць вядучыя інжынеры Аляксандр Яўменчык і Дзмітрый Філіповіч. Вельмі задаволена адказнасцю ў рабоце галоўнага агранома Уладзіміра Лапыцькі, майстра агароднінасховішча Людмілы Бакан. Проста люблю сваіх калег — галоўнага заатэхніка Святлану Коўзан, галоўнага ветурача Дзяніса Мазуру. Нічым не ўступаюць ім Ларыса Міхневіч,Таццяна Станкевіч, Вольга Шымановіч, Мікалай Снегур, Насця Найдзенка. Выдатныя спецыялісты сваёй справы Дзяніс і Андрэй Сняжковы, Ірына Лабанава, Іван Казлоў, Таццяна Чыркун, Валянціна Рудзік са сваімі камандамі...

Наша гаспадарка шматпрофільная: амаль сем тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, дзевяць тысяч гектараў сельгасугоддзяў, сем тысяч пашы, восем гектараў цяпліц, агароднінасховішча, сушыльная гаспадарка, экатурызм... Усе спецыялісты працуюць у звязцы, а зладжаная работа ў камандзе — поспех любой справы.

Сім­ва­ліч­ны ка­ра­вай «Азя­рыц­ка­га-Аг­ра» тры­ма­юць га­лоў­ны ін­жы­нер  Сяр­гей СА­ВІЦ­КІ, пер­шы на­мес­нік ды­рэк­та­ра Алег ЖА­ЛЯЗ­НОЎ  і га­лоў­ны аг­ра­ном Ула­дзі­мір ЛА­ПЫЦЬ­КА.

Мая задача, як я яе бачу, арганізаваць работу так, каб селянін адчуваў сябе чалавекам: меў выхадныя дні, адпачынак у цёплы сезон, магчымасць выхоўваць дзяцей, дапамагаць бацькам і працаваць на асабістай сядзібе. Мы дабіліся гэтага ў цяпліцах, часткова на ферме, пакуль не ўдаецца ў механізацыі. А гэта ж — маладыя мужчыны, якія павінны дадаваць увагу сваім жонкам, чуць патрэбы дзяцей і бацькоў. Мы ідзём да гэтага: паступова мяняем сельскагаспадарчую тэхніку на больш эфектыўную, у людзей будзе вызваляцца час. Але ж патрэбна яшчэ і заробак захаваць.

Бо людзі, якія працуюць на зямлі, не толькі сябе — увесь свет кормяць. Іх здароўе і жыццё берагчы трэба.

— Чым вы моладзь утрымліваеце?

— Асабліва і не ўтрымліваю. Калі нехта хоча сысці, ніколі не ўгаворваю застацца. Людзі мяняюць месца работы: горад блізка, а там можна знайсці больш лёгкую працу, у больш камфортных умовах. З іншага боку, для нас наяўнасць сталіцы побач — вялікі плюс. Гэта займае вольны час людзей. Добрыя транспартныя зносіны дазваляюць змяніць абстаноўку, развеяцца, адпачыць, наведаць магазіны.

Некаторыя сыходзяць у слабейшыя гаспадаркі дзеля кар'ернага росту. Розныя прычыны, у тым ліку і сямейныя.

Але ведаеце, моладзь трэба толькі зачапіць, а там яна і сама будзе падцягвацца. Сёлета мы прынялі двух выпускнікоў-ветурачоў, выпуску яшчэ двух чакаем. Справа ў тым, што вёска — гэта асаблівы свет, краіна ў краіне. У кожнай свой лад, свае звычкі, святы. Людзі адчуваюць сувязь паміж сабой, узаемную адказнасць і салідарнасць.

Разам з тым, я думаю, што сяло саспела для наступнага кроку ў вырашэнні кадравага пытання. Жыллё для спецыялістаў усіх узроўняў, якое дазволена пасля сямі гадоў працы выкупляць, ужо не рашэнне. Бо будаваліся гэтыя дамы ў свой час не заўсёды якасна, і самае галоўнае, тыя, хто іх будаваў, рабіў гэта не для сябе.

Лічу, трэба пасля пэўнай адпрацоўкі — трох-пяці гадоў, даць маладому спецыялісту ўчастак зямлі для індывідуальнага будаўніцтва і льготны крэдыт. Не гаспадарцы крэдыт, а персанальна чалавеку. Няхай ён сабе будуе дом, які жадае, і, калі можа, дадае ўласныя сродкі. А ў гаспадарцы павінна быць эфектыўная вытворчасць, каб чалавек меў магчымасць вяртаць крэдыт і паляпшаць свой дабрабыт. Вось такі падыход затрымае, дазволіць пусціць карані. Прывезці ў пабудаваны на свой густ дом старых бацькоў. Гадаваць там праз гады ўласных унукаў. Гэта важна. Нашай вёсцы неабходна аседласць. Селянін ніколі лёгка не расстанецца са сваёй маёмасцю. Гэта аснова яго жыцця.

— Як работа ў парламенце ўплывае на кіраванне гаспадаркай?

— Работа ў Савеце Рэспублікі дапамагае максімальна аддаць свой патэнцыял на карысць краіны. Безумоўна, гэта вялікая дадатковая нагрузка, разам з тым я рада, што маю магчымасць прадстаўляць свой рэгіён ва ўладзе і данесці пытанні тых, кім дэлегаваная, да самага высокага дзяржаўнага ўзроўню. Мне ўдалося сфармуляваць 16 прапаноў для нашага заканадаўства. Некаторы прапановы ўжо ўлічаны.

Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць усіх аграрыяў і нашых паважаных сумежнікаў са святам. Дай Бог Вам здароўя, натхнення да жыцця і працы!

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Р.S. Калектыў «Азярыцкага-Агра» таксама віншуе свайго кіраўніка Ніну Жалязнову з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Калектыў жадае Ніне Вікенцьеўне здароўя, сіл, радасці ад агульных поспехаў і дасягненняў!

Загаловак у газеце: Чалавек зямлі

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.

Грамадства

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

​Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай».

Калейдаскоп

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі».