Вы тут

21 лістапада ў Мінску выберуць «Студэнта года»


Фінал Рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года” пройдзе ў Мінскім гарадскім палацы культуры. У ім сустрэнуцца пераможцы абласных этапаў і чатыры прадстаўнікі сталічных ВНУ, якія перамаглі на гарадскім этапе.


БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ:

Паліна ЛІСОЎСКАЯ, студэнтка 2 курса факультэта электронна-інфармацыйных сістэм Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Сярэдні бал паспяховасці — 8,15.

Паліна вельмі пазітыўная і актыўная дзяўчына. З'яўляецца пастаяннай удзельніцай мерапрыемстваў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якія, дарэчы, сама і арганізоўвае, адказваючы за культурна-масавы сектар работы ва ўніверсітэце. Паліна заўзятая актывістка валанцёрскага руху "Добрае сэрца". З нядаўняга часу з'яўляецца таксама ўдзельніцай атрада МААП. Дзяўчына заўсёды гатова падтрымаць любую ініцыятыву. Не адмовіцца выдатна правесці час са сваёй сям'ёй і вялікай кампаніяй сяброў, якія стаяць за яе перамогу гарой.


ВІЦЕБСКАЯ ВОБЛАСЦЬ:

Марыя САЎЧАНКА, студэнтка 3 курса фінансава-эканамічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сярэдні бал паспяховасці — 9,80. 

У 2018 годзе Марыя стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выдатную вучобу яна  паспяхова спалучае з навуковай дзейнасцю. Акрамя таго, Марыя з'яўляецца вакалісткай заслужанага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Камарыкі” і вакальнай групы “Miracle”, якая не раз станавілася пераможцам гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсаў. На працягу ўсяго навучання Марыя рэалізоўвае сябе ў сферы студэнцкага самакіравання. З'яўляецца не толькі членам студэнцкага савета факультэта і каардынацыйнагасавета ўніверсітэта, але і членам Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры Міністэрстве адукацыі. З 2012 года з’яўляецца  актывістам БРСМ.. Цяпер Марыя — намеснік сакратара ўніверсітэцкай першаснай арганізацыі, камандзір студэнцкага педагагічнага атрада “Фартуна” і студэнцкага валанцёрскага атрада “Насустрач”.


ГОМЕЛЬСКАЯ ВОБЛАСЦЬ:

Алеся ГАТАЛЬСКАЯ, студэнтка 5 курса лячэбнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сярэдні бал паспяховасці — 8,91.

“Мяне клічуць Алеся, у перакладзе са старажытна-грэцкай мовы гэта значыць “абаронца”, таму я вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай і паступіць у медыцынскі ўніверсітэт, — кажа сама пра сябе дзяўчына. — Прафесія ўрача патрабуе адказнасці, ветлівасці і дабрыні, і я заўсёды імкнуся ёй адпавядаць! З дзяцінства была вельмі актыўным дзіцем і да гэтага часу маю шмат захапленняў: спорт, рукадзелле, фота… Танцамі займаюся з пяці гадоў. Сёння я студэнтка 5 курса. Ініцыятыўнасць, камунікабельнасць, мэтанакіраванасць і самаўдасканаленне — крэда майго студэнцкага жыцця!


ГРОДЗЕНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ:

Антон ЛЕМЕШ, студэнт 5 курса педыятрычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сярэдні бал паспяховасці — 8,78.

Хлопцу ўласцівы творчы і адказны падыход да ўсіх пачынанняў, які дапамагае яму дабівацца высокіх вынікаў у вучобе, навуцы, КВЗ, спорце і грамадскай дзейнасці.


МАГІЛЁЎСКАЯ ВОБЛАСЦЬ:

Юлія УЗЯНАВА, студэнтка 3 курса інжынерна-эканамічнага факультэта Беларуска-расійскага ўніверсітэта. Сярэдні бал паспяховасці — 9.00.

Юлія — творчая асоба: спявае з двух гадоў, а прафесійна пачала займацца вакалам у 14.  Займаецца спортам, любіць выступаць на розных мерапрыемствах у якасці вядучага, весці інтэрактыў з іншымі людзьмі. Распрацоўвае прататыпы і дызайн сайтаў, інтэрнэт-крам, мабільных дадаткаў. Паступіўшы ва ўніверсітэт, займалася два гады армрэстлінгам, а цяпер займаецца фітнесам для сябе. У людзях цэніць сумленнасць і жаданне развівацца. Як дэвіз па жыцці — “За мару трэба змагацца”


ПРАДСТАЎНІКІ МІНСКА:

Вікторыя ЛАПО, студэнтка 3 курса факультэта камерцыі і турыстычнай індустрыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Сярэдні бал паспяховасці — 8,31.

Дзяўчына з Барысава прагне быць мэтанакіраванай і шчаслівай. Яе круг захапленняў настолькі шырокі, што пасля заняткаў ва ўніверсітэце яна бяжыць на трэніроўкі па танцах, у перапынках можа сыграць вам  “Паланэз” Агінскага на фартэпіяна, а па дарозе дадому зрабіць кучу фотаздымкаў той прыгажосці, якую можа заўважыць не кожны.


Яна ШПІЛЕЎСКАЯ, студэнтка 2 курса факультэта нямецкай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, сярэдні бал паспяховасці — 8,83.

Калі табе патрэбны чароўны кампаньён па выратаванні свету — звярніся да Яны! Усмешка, звонкі голас і мэтанакіраванасць дапамагаюць ёй дасягаць мэтаў і не спыняцца на дасягнутым! Усё, што яна адчувае, дзяўчына ўвасабляе ў музыцы, яе песні не пакінуць абыякавым нікога!


Ігар ГЕЛДЗІНСКІ, студэнт 3 курса факультэта традыцыйнай беларускай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Сярэдні бал паспяховасці — 8,92.

“Які ўсё ж такі я? Для мяне самога часам гэта загадка ... Гаваркі, добры, спагадлівы, і, напэўна будзе дарэчы сказаць, сапраўдны. Ключавое месца ў маім жыцці займае харэаграфія. Дзякуючы ёй і разам з ёй, я рухаюся па жыцці і дасягаю новых мэтаў. За кароткі тэрмін навучання ва ўніверсітэце зарэкамендаваў сябе толькі з лепшага боку. Атрымаў сумленную перамогу на конкурсе “Містар Універсітэт”, стаў стыпендыятам імянной стыпендыі імя Грыгаровіч (БДУКМ). Пачаў працаваць у шоў-балеце “Прайд” Іскуі Абалян. У тэатр музычнай камедыі мяне запрасілі артыстам балета. І, самае галоўнае, я зразумеў, што гэта правільна абраная сцежка.”


Павел ШАЙТАНАЎ, студэнт 3 курса аграмеханічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Крэатыўны малады чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які ўвесь час імкнецца спазнаць новае. Добры і мілы хлопец я з баянам! Жыццёвае крэда —  верыць, самасцвярджацца і марыць!

У цэнтральнай групе БРСМ "Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі" у сацыяльнай сетцы “УКантакце” стартавала галасаванне за найлепшы гумарыстычны ролік фіналіста на тэму "Я — студэнт!”. Менавіта карыстальнікі віртуальнай сеткі і вызначаць пераможцу ў намінацыі "Студэнт года ONLINE”. Галасаванне завершыцца ў дзень правядзення фіналу.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.

Грамадства

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

​Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай».

Калейдаскоп

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі».