Вы тут

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады


Урбаністычная прастора, якая б экалагічна арыентаваная яна ні была, — тэрыторыя бетону, шкла і металу, шматпавярховых комплексаў, сцен стрыманых колераў. Тым больш яркімі і жыццярадаснымі выглядаюць на гэтым фоне праявы вулічнага мастацтва: муралы на фасадах, крэатыўна аформленыя дзверы, сцены, лесвіцы, трансфарматарныя будкі, пралёты мастоў, упрыгожаныя трафарэтамі агароджы.... Аб'ектам стрыт-арту можа стаць хоць бы звычайная лава, гіганцкі валун або аўтобусны прыпынак — успомнім «прыпынак Адамовіча» ў Глушы, пра які раней пісала наша газета. Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем, вядомым таксама як KОNTRА, — адным з тых, дзякуючы каму беларускія гарады (і не толькі) пазбаўляюцца шэрасці.


«Мне здаецца, якраз медыя і раздзялілі паняцці графіці і стрыт-арт, — гаворыць удзельнік мастацкай суполкі «TАKTАK» Аляксандр Kоntrа, з якім мы сустракаемся літаральна на рабочым месцы — у амаль завершаных інтэр'ерах сталічнай кавярні. — Насамрэч гэта часткі цэлага, і розніца хіба ў тым, што графіці — перадусім шрыфты, жаданне пазначыць сваю тэрыторыю, а стрыт-арт бліжэй да жывапісу, ім займаюцца не толькі пачаткоўцы, але і высокапрафесійныя мастакі, а калі гаворка пра муралы, то малюнкі абавязкова з падтэкстам, з пэўным пасылам, які мастак нясе гледачам».

У беларускіх рэаліях ёсць і яшчэ адно адрозненне: графіці, як правіла, выконваюцца несанкцыянавана і гарадскімі ўладамі разглядаюцца як дробнае хуліганства, у той час як муралы найчасцей малююць на законных падставах, з дазволу і адабрэння раённай адміністрацыі. Зразумела: мала каму хочацца, каб малюнак, над якім даводзіцца працаваць не адзін дзень, адразу зафарбавалі «ЖЭС-артам», таму ўзгадненне — хоць і не самы хуткі, але затое надзейны шлях захаваць вулічную карціну на доўгі час.

— З чаго пачынаўся стрыт-арт для вас, калі ўлічыць, што за плячыма — архітэктурны факультэт БНТУ?

— Шчыра прызнаюся, мастацкай адукацыі ў мяне няма, — усміхаецца суразмоўнік. — Сваю першую работу я намаляваў у 2000-м, калі яшчэ жыў у вёсцы ў Брэсцкім раёне. Мы з хлопцамі захапіліся брэйк-дансам і хіп-хоп-культурай. Хтосьці потым пачаў танцаваць, хтосьці, начытаўшыся артыкулаў у «Музычнай газеце», сам спрабаваў пісаць хіп-хоп-тэксты, а нас з сябрамі зацікавілі малюнкі. Ну і аднойчы рашыліся самі намаляваць штосьці падобнае.

— У вёсцы да гэтага паставіліся прасцей, чым у горадзе, альбо таксама абазвалі хуліганамі і загадалі зафарбаваць вашы штукарствы?

— Нашмат прасцей. Наша тусоўка складалася са звычайных, нічым не адметных хлопцаў — толькі што добра вучыліся, былі такімі, ведаеце, «ботанамі». А тут зрабілі малюнак на сцяне стадыёна — яна была жудасна пабеленая, страшная, словам, сапсаваць яе было немагчыма — і наступным ранкам уся школа, уключаючы настаўнікаў і дырэктара, сабралася паглядзець. Адразу скажу: нічога нам за гэта не было, палічылі хлапечым свавольствам, але аднагодкі запаважалі.

— Першую сур'ёзную работу прыгадаеце?

Клецк.

— Партрэт Уладзіміра Караткевіча, намаляваны ў 2014-м у межах мастацкай акцыі Must Асt — Must аrt у Рагачове. А самая любімая?.. Не ведаю, сёння — адна, заўтра — другая, бо я не люблю стаяць на месцы. Ёсць работа, якую я толькі мару зрабіць, але яшчэ не падступіўся, — ідэя звязана з маёй бабуляй, эскіз ужо даўно ёсць, але я ўсё чакаў, пакуль напрацую вопыт, удасканалю як след тэхніку.

Мінск.

— Аляксандр, памер мае значэнне? Што прасцей маляваць: вялікі мурал на фасадзе шматпавярховага дома альбо, скажам, «абгортку» для трансфарматарнай будкі ці пад'езда?

— Ведаеце, каб «хайпануць» — ох, не люблю гэта слова, — выклікаць ажыятаж, неабавязкова рабіць малюнак вялікіх памераў. Напрыклад, чым праславіўся Bаnksу (вулічны мастак, рэжысёр і палітычны актывіст з Англіі, твару якога ніхто не бачыў, а некаторыя вострасацыяльныя арт-работы ацэньваюцца ў мільёны долараў. — Аўт.)? Маленькімі работамі, якія маюць сатырычны пасыл... Таму мне цікава займацца самымі рознымі кірункамі, ад дызайну ўпакоўкі да ілюстрацый, ад паштовак да муралаў, і кожны новы вопыт чымсьці ўзбагачае, ён цікавы і карысны.

— Пасля фэстаў вулічнай культуры Urbаn Mуths і Vulіса Brаsіl стрыт-арт, прынамсі ў Мінску, многія прынялі і ўпадабалі. А наколькі складана ўзгадняць, атрымліваць ад горада дазвол на кожную работу?

— Калі ты маеш ідэю і можаш яе абгрунтаваць, растлумачыць, то не вельмі цяжка. Я заўжды за пошук кампрамісу архітэктуры і стрыт-арту, за тое, каб работа ўпісвалася ў кантэкст, была дарэчы. Мяжа паміж тым, чаго жадае мастак, да чаго ён імкнецца, і тым, чаго хочуць жыхары горада і людзі, якія ўзгадняюць прапанаваныя праекты, вельмі тонкая, і я разумею абодва пункты гледжання. Часам уласнае «я» перамагае, і мастак вырашае, што больш не будзе выконваць, скажам так, камерцыйныя работы для кагосьці, каб «не станавіцца маскультам». Аднак я не прытрымліваюся такіх перакананняў — і няхай лепш мяне выкрэсліваюць са спісаў беларускага стрыт-арту і запісваюць у афарміцелі, але я сам вырашаю, чым хачу займацца, не імкнуся за скандальным імем. Калісьці мяне вабіла графіці, быў цікавы ўвесь гэты адрэналін забароненасці, потым быў пэўны застой, потым — перыяд захаплення архітэктурай, дызайнам і г. д. Галоўнае — я знайшоў унутраную гармонію, і мае работы не маюць палітычнага падтэксту, не ўтрымліваюць нейкай «жэсці», якая шакіруе альбо раздражняе. Мне падабаецца, калі людзі ў розных гарадах, ад Валожына да Клічава, ад польскага Хэлмна да нашай Маларыты, выходзячы на вуліцу і гледзячы на мае работы, могуць проста ўсміхнуцца і ўзняць сабе настрой.

Гэтым летам я маляваў у Хэлмна, гэта правінцыйны гарадок недалёка ад Гданьска, а мая напарніца Маша Рудакоўская — у Мураўленка, гэта Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга Расіі, і я, проста седзячы на рыштаваннях, дзеля цікавасці паглядзеў у «Гугле», што паміж намі каля 5 тысяч кіламетраў.

Клічаў.

— Адна з вашых візітовак — «птушыная» серыя. 

— Калі Карына Салавей з ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» прапанавала мне  сумесны праект, міжволі давялося стаць арнітолагам, — смяецца мастак. — Мне здаецца, гэта вельмі крутая ідэя — увекавечыць у кожным раёне сваю птушку-сімвал: зімародкаў у Валожыне і Івянцы, вушатую саву і гогаля ў Мінску, сойку ў Клічаве, жаўрука-смецюха ў Маларыце... Важна, што сродкі на гэтыя праекты штораз збіраюцца талакой, іх ахвяруюць самі людзі, якія хацелі б пабачыць такія муралы на фасадах, мясцовыя ўлады таксама ідуць насустрач, — і вялікі дзякуй усім, хто падтрымлівае гэты праект і дазваляе працягваць яго.

Акрамя таго, сёлета мастакі творчага дуэта TАKTАK паўдзельнічалі яшчэ ў некалькіх цікавых праектах: у Глушы з'явіўся прыпынак Алеся Адамовіча, а ў Стоўбцах — чатыры велізарныя паштоўкі-муралы на шматпавярховых дамах, звязаныя з рознымі порамі года, чатырма коласаўскімі мясцінамі (Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня) і радкамі паэта. Чым больш дэталёва прапрацоўваеш малюнак, тым больш часу патрэбна на яго выкананне. На кожны з муралаў у Стоўбцах спатрэбілася да 6-7 дзён, а на рэалізацыю ўсяго праекта — каля паўгода; трэба было як след інфармацыйна падрыхтавацца, каб зразумець ідэю, падабраць фарбы, сабраць у галаве «канструктар», як гэта будзе выглядаць.

Мінск.

Колькі часу «жыве» стрыт-арт? Графіці супрацоўнікі камунальных службаў могуць замаляваць і праз дзве гадзіны, а лёс муралаў залежыць перадусім ад якасці фарбаў — напрыклад, расійскія і кітайскія хутка выцвітаюць, іспанскія або нямецкія не страчваюць яркасці да 7—10 гадоў.

— Стрыт-арт — больш пра ідэю, мастацкую самарэалізацыю, чым пра камерцыю?

— Для мяне самога было дзіўна, але стрыт-арт можа быць цалкам прыбытковым заняткам. Але варта памятаць, колькі часу і сродкаў ідзе на стварэнне аднаго мурала: эскіз, узгадненні, нятанная фарба, матэрыялы і г. д. Канешне, ёсць сезоннасць, позняй восенню і зімой ніхто не будзе рабіць муралы, але тым цікавей выношваць новыя задумы і чакаць наступнага сезона, а ў перапынку займацца чымсьці іншым.

Польскі Хэлмна.

— Неяк вы давалі майстар-класы для дзяцей у школах і дзіцячых дамах. Як уражанні?

— Насамрэч з дзецьмі вельмі цікава працаваць, нават весялей, чым з некаторымі мастакамі. Помню, зрабіў контуры будучага малюнка, паказаў, як працаваць з насадкай на балон са спрэем, каб не зафарбаваць сябе і іншых, выдалі мы школьнікам пальчаткі, маскі і далі поўную свабоду дзеянняў. Звычайна за дзень у мяне атрымліваецца «зліць» ад 40 да 80 балонаў, потым проста «памірае» палец, якім націскаеш на кнопку, і сыходзіш ніякі. А дзеці з такім імпэтам узяліся за справу, што зрабілі тое самае за паўгадзіны. Маляваць, як дзеці — гэта яшчэ трэба ўмець і мець талент. Прынамсі, яны робяць гэта ад душы і іх розум яшчэ не забіты бытавымі праблемамі, страхам нешта сапсаваць.

— Многія падлеткі імкнуцца паспрабаваць свае сілы ў стрыт-арце. Дасце некалькі парад пачаткоўцам: што трэба рабіць, а чаго, наадварот, не варта?

Мінск.

— Галоўная парада — малюйце, калі не можаце не маляваць. Для мяне графіці — гэта была не мода, а любоў з першага позірку. Мы з сябрамі прыязджалі на Брэсцкі вакзал і перамалёўвалі ў свае сшыткі выявы на цягніках, якія прыходзілі з Польшчы, а ў школе на перапынках тонамі малявалі эскізы. Так што я ўпэўнены: калі чалавеку падабаецца стрыт-арт, то ён любымі шляхамі знойдзе для сябе інфармацыю і магчымасці, знойдзе фарбы — гэта раней іх было не дастаць, а цяпер — на любы густ. Так што — малюйце, малюйце, удасканальвайцеся і не спыняйцеся. І другая парада: для пачатку, каб набіць руку, можна паўтараць іншыя работы, але потым — не стварайце сабе куміраў, шукайце сваё. Лепш рабіць дрэнна, але па-свойму, і з цягам часу колькасць пяройдзе ў якасць. Наконт таго, чаго не варта рабіць... Я люблю графіці, мне падабалася пачуццё адрэналіну ад таго, што робіш нешта нелегальнае, а потым — напэўна, пасталеў і зразумеў, што за свае ўчынкі трэба адказваць. І таму пачаткоўцам раю: не рабіце чагосьці, калі не гатовыя несці за гэта адказнасць. Маю на ўвазе не толькі работу ў рамках закона, а наогул чалавечую адэкватнасць, уменне дамаўляцца з іншымі. Калі гэтаму навучыцца, да вас пачнуць прыцягвацца такія ж адэкватныя людзі, і жыццё стане нашмат больш простым і прыемным.

Дарэчы

Не блытайце стрыт-арт і графіці: другое — частка першага, але не наадварот. Як жартуюць некаторыя мастакі, розніца ў грашах: графіці — тое, за што ты заплаціш (штраф), стрыт-арт — тое, за што табе заплацяць.

Стоўбцы.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з архіва мастака і з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Па-першае, гэта прыгожа

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.

Грамадства

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

​Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай».

Калейдаскоп

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі».