Вы тут

Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (2.08.1549 — 28.02.1616)


Узнёс святыні Богу, крэпасці Айчыне, калегію навукам, прыстанак гаротным і ўцекачам ад свету, быў славаю ў вякі, святлом у радзе: зведаў і спазнаў зямлю...»


Калі б мы мелі двух такіх мужоў, без цяжкасці перагналі б Італію». Вось такая пахвала Мікалаю Крыштофу Радзівілу, празванаму Сіроткам ад яго сучаснікаў. Ведаючы зробленае Сіроткам для беларускай гісторыі і культуры, успрымаеш гэтыя высокія словы як заслужаныя.

Сын багатага і ўплывовага магната Мікалая Радзівіла Чорнага Сіротка працягваў ягоную палітычную традыцыю. У маладосці ён даволі актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны. Самастойных рашэнняў ён не прымаў, старанна выконваў «навуку» дзядзькі Мікалая Радзівіла Рудога, які ў часы безгаспадарчасці (1572—1574 гады) фактычна кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім. А неўзабаве і сам Сіротка ўжо «навучае» радных паноў, што ім рабіць, і парады яго даволі слушныя. Сіротка разам з уплывовым магнатам Янам Хадкевічам ад імя Літвы вядзе перамовы з прадстаўніком анжуйскага герцага Генрыка Валуа аб выбранні таго на пасад Рэчы Паспалітай. А пасля абвяшчэння Генрыха каралём едзе ад Літвы ў пасольстве Рэчы Паспалітай у Парыж і асобна ад польскай дэлегацыі зачытвае элекцыйную пастанову пра выбранне таго правіцелем Рэчы Паспалітай. Тыя сем месяцаў, што правіў дзяржавай гэты кароль, Сіротка правёў пры яго двары — гульні, паляванні, баляванні.

І адбылося тое, што павінна было адбыцца: бурлівае і распуснае жыццё падарвала здароўе. Сіротка ўбачыў у гэтым боскае пакаранне за грахі маладосці, тады ён і даў зарок здзейсніць пілігрымку ў Святую зямлю, калі «міласэрны Бог па-ранейшаму здароўе верне». Пазней у сваёй кнізе «Пэрэгрынацыі» Сіротка пісаў: «А як калі чалавек целам хварэе, дарма пра яго старанна дбае, калі пакідае душу без увагі, таксама ж і я, пабачыўшы, што лекары нічога справіць не могуць, усім сэрцам сваім праз споведзь Святую і прыняцце найсвяцейшага таінства звярнуўся да Госпада Бога, пакорліва просячы, каб грахі маладосці маёй дараваў, падказаў бы сэрцу майму, што з яго найсвяцейшае велічы хвалою вечнай было б».

Ажыццяўленне абяцання зацягнулася на гады. Сіротка лячыўся, а паздаравеўшы спяшаўся ў войска на абарону краіны і зноў лячыўся, і пасля зноў на чале свайго атрада далучаўся да войска. «Хоць я чалавек хворы, слабы, але таксама павінен і маю права на гэтую вайну». Яму хацелася ўдзельнічаць у жыцці краіны, не хацеў адчуваць сябе з-за слабага здароўя недарэкам — не дазваляла ні годнасць, ні сумленне. Падчас штурму Полацка ў 1579 годзе Сіротка быў паранены. Толькі ў 1582 годзе, атрымаўшы бласлаўленне ад папы рымскага Рыгора ХІІІ, ён выправіўся ў цяжкую і доўгую вандроўку ў Святую Зямлю, склаўшы загадзя запавет. У красавіку 1583-га Сіротка на караблі адплыў з Венецыі ў Палесціну. Падарожжа было нялёгкае. Сіротка перажыў бурлівыя штормы, спякотны шлях праз пустыню, смяротную небяспеку ад ліхіх рабаўнікоў. Але ў ім прачнуўся даследчык. Нічога вартае ўвагі не абмінаў Сіротка: занатоўваў на паперы і ў памяці. Свет уражваў яго сваёй незвычайнасцю і разнастайнасцю, і пра гэта варта было расказаць людзям.

Сіротка наведаў мясціны, звязаныя з жыццём Ісуса Хрыста, два тыдні пражыў у Іерусаліме, маліўся каля Гасподняй труны. За шчодрыя ахвяраванні Іерусалімскі канвект ордэна бернардзінцаў узвёў Сіротку ў годнасць Рыцара Божай труны. На зваротным шляху Сіротка наведаў Егіпет. Цікаўнасць даследчыка выклікала ў турэцкіх улад падазрэнне ў шпіянажы. Султан выдаў загад схапіць падазронага вандроўніка, але ён своечасова пакінуў тую зямлю.

Гэтая пілігрымка стала для Сіроткі сапраўднай жыццёвай школай. Цяпер ён вучыўся ў самога жыцця. У дарозе Радзівіл неаднойчы сустракаўся з чалавечай высакароднасцю, дабрынёю і дапамогай, таму і сам дапамагаў людзям: выкупіў з турэцкай няволі пяцёра хрысціян.

Вярнуўшыся на радзіму, Сіротка прысвяціў сябе дабрачыннасці. «Даў Бог мне дастатак хлеба, абы яго і спажываў, і з іншымі дзяліўся. Няхай мяне завуць не Радзівіл, а Раджывіл», — гаварыў ён.

Яшчэ ў Іерусаліме вырашыў Сіротка пашыраць хрысціянскую веру і будаваць храмы «адпаведна нашай сіле». Пабачыўшы за мяжой найлепшыя ўзоры тагачаснай культуры, Сіротка сумна адзначыў, што «наш край ёсць ніжэйшы за іншыя краі». І ён усклаў на сябе і цывілізацыйную місію: зрабіць родавы Нясвіж ідэальным еўрапейскім горадам.

Гэта дзякуючы Мікалаю Крыштофу Радзівілу наша архітэктурная спадчына ўзбагацілася храмамі ў Нясвіжы, Міры, Свержані, Дуброве, Чарнаўчыцах, Белай, замкамі ў Нясвіжы, Белай і Алыцы. Сапраўдным шэдэўрам і гонарам беларускай культуры з'яўляецца пабудаваны па замове Сіроткі ў 1587—1593 гадах нясвіжскі касцёл Божага цела — другі пасля рымскага касцёла Іль Джэзу баракальны храм у Еўропе. Аўтарам нясвіжскага касцёла быў запрошаны Сіроткам італьянскі дойлід Ян Марыя Бернардоні, чый талент раскрыўся ў Літве. Па ягоным праекце былі пабудаваныя кляштары і касцёлы бенедыкцінак і бернардзінцаў, гарадская ратуша ў Нясвіжы і славуты Нясвіжскі замак. А сам Нясвіж з драўлянага мястэчка ператварыўся, як па чарадзействе, у мураваны горад з храмамі, школамі, шпіталямі, крамамі. Сіротка паказаў прыклад іншым магнатам, якімі павінны быць іх прыватныя гарады: своеасаблівымі родавымі сталіцамі. І славуты цяпер Мірскі замак набыў сваю рэнесансную шыкоўнасць пры Сіротку. Нагадаем і створаную Сіроткам унікальную энцыклапедычную карту Вялікага Княства Літоўскага, якая знаёміла адукаваны свет з ягонай краінай. Не толькі багаццем, але і сваімі багатымі ведамі дзяліўся Сіротка з людзьмі. Ягоная кніга «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ясна асветленага князя ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю», якая выйшла ў 1601 годзе, зрабілася тагачасным бестселерам. У Нясвіжскім замку Сіротка стварыў карцінную галерэю, бібліятэку і збраёўню. Гэта было сапраўднае захапленне адукаванага калекцыянера, які цаніў рэч за яе ўнікальнасць і мастацкае значэнне.

За культурнай, асветніцкай і рэлігійнай дзейнасцю Сіроткі другараднай выглядае палітычная дзейнасць, а ён быў трокскім, а пасля віленскім ваяводам. Але не пасады, да якіх ён не імкнуўся, а то і адмаўляўся ад іх («Радзівілам я буду, хоць ніякай пасады не буду мець, і досыць мне гэтага»), вызначалі яго значэнне ў дзяржаве, а высокі маральны аўтарытэт. Яго заслугоўвае той, хто на высокай пасадзе не шукае асабістай выгады, а спрыяе дзяржаўным справам. Хоць з-за сваёй сціпласці Сіротка лічыў, што зрабіў вельмі мала і для Бога, і для сваёй краіны, і для людзей.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.

Грамадства

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

​Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай».

Калейдаскоп

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі».