Вы тут

Як працуе паштовы кур'ер?


...Сіні фургон Renault Dokker тармозіць каля аддзялення «Бізнес-пошта» на сталічнай вуліцы Маякоўскага. З кабіны выходзіць усмешлівы малады кур'ер Іван Карповіч. «Пачакайце крыху, зараз аднясу пасылкі», — кажа ён, адчыняючы дзверцы фургона і пачынаючы насіць адзін за адным пакункі ў аддзяленне. Іх назбіралася гэтым разам каля дзясятка.


Графік работы ў паштовага кур'ера вельмі шчыльны. Таму стараемся не затрымліваць Івана Карповіча больш чым на 15 хвілін. Усё-такі экспрэс-дастаўка дакументаў і тавараў павінна быць тэрміновай.

— Я працую паштовым кур'ерам ужо амаль паўтара года. Да таго быў простым кіроўцам. Мне вельмі падабаецца пастаянна знаходзіцца ў руху, гутарыць з кліентам, гэта прыносіць мне пазітыў, добры настрой. Кожны дзень мяне чакае нешта новае. Мне б не падабаўся рытм работы накшталт «прыйшоў на завод — адпрацаваў змену ля станка — і сышоў дадому пасля гудка».

З нядаўніх часоў колькасць заказаў у кур'ераў павялічылася. «Белпошта» запусціла паслугу «Лёгкі шопінг». Што гэта такое? Калі вы набылі тавар у магазіне, то паштовы фургон прывязе яго вам дадому. Але калі вы хочаце адправіць пакупку родным і блізкім у іншы населены пункт, скажам, напярэдадні свята, — праблем тут таксама няма. Праўда, пра гэта неабходна загадзя паклапаціцца. Калі па Мінску тавар будзе дастаўлены на наступны дзень, то ўжо куды-небудзь на ўскраіну Беларусі яго прывязуць праз 1—2 дні. Каштуе гэта няшмат — дастаўка па Мінску пачынаецца ад 5 рублёў, а вось за прывоз у іншы населены пункт са сталіцы — ад 10 рублёў.

— Апішыце свой працоўны дзень.

— Ён пачынаецца а 8-й раніцы. Пасля таго як я з'явіўся на рабоце, абавязкова праходжу медыцынскі агляд. Аўтамабіль аглядаюць механікі. Потым я адпраўляюся да кліентаў па загадзя спланаваным маршруце. У іх лік уваходзяць буйныя фірмы, прадпрыемствы, арганізацыі, інтэрнэт-крамы. Напрыклад, па Мінску ёсць фармат адпраўленняў унутранай паскоранай пошты з дастаўкай «у дзень прыёму». Я іх забіраю ў кліента і на працягу 3—4 гадзін дастаўляю атрымальніку.

Напрыклад, сёння я прывёз пошту з суда і з адной фірмы. Далей я паеду ў іншыя бізнес-пошты, якія таксама трэба абслугоўваць. За гэты час тут пасылкі апрацуюць, я іх забяру, і яны паедуць далей па маршруце па месцы свайго прызначэння. Адзінае «але» — мой маршрут пракладзены толькі па Мінску. Але мае калегі ездзяць па ўсёй Беларусі.

— Цікавы ў Вас аўтамабіль. Ён здаецца маленькім, але вельмі ўмяшчальны.

— Так, лічыцца, што гэты «француз» найбольш прыстасаваны пад паштовыя фургоны. Ён маленькі, камфортны, вёрткі. На ім вельмі зручна прабірацца цераз унутрыквартальныя запаркаваныя праезды. І, як бачыце, тут могуць змясціцца некалькі дзясяткаў паштовых адпраўленняў. Было б толькі куды везці!

— Ці наклала праца кур'ера на вас адбітак?

— Я стаў дабрэйшы да людзей. Паколькі работа на сто працэнтаў звязана з імі, то становішся больш гаваркі.

Штодня я праязджаю па Мінску ад 100 да 150 кіламетраў. Мой маршрут абслугоўвае больш фірмы, якія па суботах і нядзелях не працуюць. Нягледзячы на электронны дакументаабарот, аб'ём пісьмовай карэспандэнцыі не змяншаецца. І нават падаецца, што крыху прырастае.

— Ці ёсць у вас найбольш загружаныя гадзіны?

— З 14 да 18 вечара. Пасля абеду збіраецца ўся патрэбная карэспандэнцыя, якую офісныя супрацоўнікі нарыхтавалі ў першай палове дня. Да таго ж і становішча на дарогах таксама ўскладняецца: усе едуць дадому з работы! Але праблемны ў нас толькі адзін дзень — пятніца пасля абеду ў цёплую пару года, калі з горада народ масава выбіраецца на дачы.

Мне вельмі спадабалася працаваць напрыканцы снежня, развозіць навагоднія падарункі. Дзеці сустракаюць кур'ераў, расказваюць ім вершы. Гэта так прыемна! І разумееш, што такой, здавалася б, незаўважнай працай ты прыносіш людзям радасць.

Аўтамабільная тэма не пакідае Івана Карповіча і ў вольны час. Ён любіць працаваць з рарытэтнымі экзэмплярамі. Нядаўна з сябрам аднавіў «Масквіч-407». А яшчэ раней яму ўдалося вярнуць да жыцця 60-гадовы матацыкл «Дняпро».

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.