Вы тут

Гісторыя вёскі Астравы Вілейскага раёна


Фармальна месцам майго нараджэння лічыцца горад Вілейка, а па сутнасці — вёска Астравы. Там 85 гадоў жыў мой дзед Мікалай Антонавіч і 96 — бабуля Ганна Паўлаўна Мамаі (на здымку), помню я і прабабулю Агату Лях, якая пражыла 88... І наогул, калі нехта ў вёсцы не дажываў да 80, — усе казалі, што памёр малады.


Мне цікавай была гісторыя Астравоў, яе мінулае.

Па словах дзеда і яго суседзяў, на месцы цяперашняга аграгарадка Любань была вёска Юхавічы, за якой пачыналася пушча і паўз якую працякала невялічкая рэчка Вужык. У гэтых маляўнічых мясцінах на пачатку пазамінулага стагоддзя вырашыў атабарыцца пан з-пад горада Любліна, але перш яму трэба было рассяліць вёску. Для гэтага пан Любанскі па добрай цане выкупляў у людзей зямлю ці прапаноўваў наўзамен сваю — у значна большым памеры. Да яе можна было браць лес... Яшчэ і на будаўніцтва.

Таму неўзабаве непадалёк ад будучага маёнтка з'явіліся невялікія вёскі Дзядычы, Буракі, Кульшыно, Навікі, Зімодры. У Астравы з Юхавічаў перасяліліся чатыры сям'і — Ляхі, Завадскія, Казановічы і Хадзінскія. З часам вёска, вядома ж, павялічылася. Перад вайной там было 23 сялібы, прычым з адборнага смалістага лесу, які пан перадаваў ва ўласнасць.

І вядома ж, будаваўся сам: на яго землях з'явіўся маёнтак і вялікі парк (ад іх, на жаль, мала што засталося), сістэма сажалак (рыбакі карыстаюцца і сёння), млын, заводы па перапрацоўцы малака, садавіны-агародніны, вытворчасці спірту (асобныя з пабудоў служаць дагэтуль)... Там жа вырошчвалі коней, авечак, быў вялікі статак кароў. Людзі з суседніх вёсак хадзілі туды на работу. Мой дзед Мікола, напрыклад, да 1943 года працаваў на пчальніку.

...Як жылі Астравы ў XІX стагоддзі, не было ў каго распытаць. Успаміны пачыналіся з першай сусветнай. Вёсцы тады пашчасціла: немцаў у ёй не было, а вось рускія кватаравалі. У майго прадзеда Паўла Васілевіча на пастоі былі (і добра плацілі) тры афіцэры. Жыхары Астравоў на тую вайну не трапілі. Дзедаў сусед Аляксандр Лях (сам казаў) купіў паперу, што хворы, і на ўсякі выпадак з'ехаў у Кіеў.

Са здзіўленнем я, помню, даведаўся, што на вайну хадзіў і мой дзед Мікалай, які не мог засекчы курыцу (гэта рабіла бабуля). А тут...

Паводле ўспамінаў, іх з суседам забралі чырвонаармейцы, разам з іншымі навабранцамі з Расіі і Украіны памарылі голадам на палігоне каля горада Дарагабужа, потым тых, хто выжыў (пачалася эпідэмія дызентэрыі) і меў боты, накіравалі на фронт. Адтуль дзед трапіў у палон, але аховы ў лагеры амаль не было, таму ён уцёк і з Баранавічаў пехам прыйшоў дамоў.

...«За польскім часам» Астравы жылі звычайным сялянскім жыццём: дзеці хадзілі ў беларускія школы ў вёсцы Журыхі, а пасля чацвёртага класа — у Любані, бацькі апрацоўвалі зямлю, трымалі скаціну. Лішкі прадукцыі кожны аўторак прадаваліся на кірмашы ў мястэчку Куранец, дзе жыло шмат яўрэяў, якія трымалі лаўкі, майстэрні, шынкі... Дзед любіў пасядзець там, пагаманіць з людзьмі. Бабуля ў гэты час, як сказалі б зараз, займалася шопінгам. Потым забірала дзеда, і яны ехалі дамоў.

Надзейнай крыніцай даходаў быў лес. Кожную вясну ў вёсцы з'яўляўся купец на драўніну і ахвотныя прадавалі дрэвы.

Людзі ў вёсцы жылі працавітыя, на святы збіраліся за адным сталом, шмат спявалі. Дзяўчат з Астравоў ахвотна бралі замуж, у асобныя сем'і прымалі прымакоў. На сыноў бацькі дзялілі сваю зямлю і лес. Каму даставалася мала, ехалі на заробкі. Сын майго прапрадзеда Васіля працаваў у Пецярбургу на Пуцілаўскім заводзе, браў удзел у Кастрычніцкім перавароце, за што потым атрымліваў вялікую пенсію...

За тым жа польскім часам у якасці ўлады ў вёсцы быў солтыс. Ён збіраў падаткі (невялікія, у залежнасці ад колькасці зямлі і лесу), сачыў за парадкам. Двойчы на год на роварах ці брычцы наязджалі паліцэйскія ў прыгожай форме (нават пальчаткі белыя)... Прымушалі бяліць сцены, рамантаваць платы і прыбіральні, правяралі, каб ніхто не вырошчваў тытунь, не гнаў гарэлку.

У верасні 1939 года ў Астравы прыйшла савецкая ўлада. Паводле ўспамінаў, чырвонаармейцы надзівіцца не маглі на заможнасць сялян. Вяскоўцы таксама былі пад уражаннем — ад... нехлямяжасці салдат і афіцэраў.

Самае цяжкае жыццё пачалося з прыходам немцаў. У 1941—1942 гадах партызанскі рух у ваколіцах быў не вельмі актыўны. Нямецкія гарнізоны стаялі ў маёнтку Любань і вёсцы Іжа (летам 1944-га партызаны яе падпалілі, прычым пасля таго як адтуль выйшлі немцы. Яшчэ адну суседнюю вёску Журыхі спалілі ў пачатку вайны, каб там не размясціўся нямецкі гарнізон).

У пачатку вайны немцы дазвалялі за грошы забіраць ваеннапалонных. Іван Казановіч з Астравоў выкупіў тады Івана Цвілікава, які ўсю вайну жыў у вёсцы, а пасля — у Любані.

Туды ж, у маёнтак, немцы прывезлі з Галандыі кіраўніка. Дзед (а ён па-ранейшаму працаваў на пчальніку) пасябраваў з ім і стаў галоўным здабытчыкам дражджэй — яшчэ і для партызан. На завод пры маёнтку вяскоўцы вазілі лішкі малака. Наўзамен немцы давалі соль, мыла, запалкі.

Непадалёк была база партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь». Вяскоўцы пастаўлялі ў атрады ежу, шылі кажухі, вязалі рукавіцы.

Трэба адзначыць, што сваіх партызан людзі ведалі (там былі двое вяскоўцаў), аднак часам у вёску заходзілі і тыя, што рабавалі жыхароў. З хаты прадзеда, апроч іншага, неяк забралі... сярпы. Таму вяскоўцы больш каштоўныя рэчы сталі закопваць.

...Пасля Сталінграда і Курскай бітвы немцы змяніліся: сталі больш лютаваць. У Астравах жыў Пётра Лях, які разам з партызанамі хадзіў на заданні. Летам 1943-га група трапіла ў засаду. Пётру ўдалося ўцячы, але неўзабаве ў вёску прыехалі немцы, знайшлі ў хаце зброю... Пётру, яго шасцігадовага сына і жонку расстралялі.

У жніўні немцы ўсталявалі блакаду, куды трапілі і Астравы. Недалёкія ад іх вёскі Талуць і Сцябіракі былі спалены.

Летам 1944-га немцаў прагналі, усталявалася савецкая ўлада, але спакой наступіў не хутка: амаль дзевяць гадоў у лесе хаваліся паліцаі. Спачатку яны досыць часта заходзілі ў вёску, нахабна бралі ежу і адзенне, аднойчы ледзь не расстралялі дзеда (не любілі «леснікоў»), аднак бабуля яго неяк адмаліла.

У 1948 годзе ў Астравах зрабілі калгас. Землі абагулілі, забралі коней з усім рыштункам. У сялян засталіся толькі прысядзібныя ўчасткі. Жыць стала куды цяжэй. І выехаць людзі не маглі, бо ім не давалі пашпарты. Выручала тое, што ў іх былі вялікія сады (Хрушчоўскі падатак на іх ішоў да вёскі доўга, а калі дайшоў, быў хутка адменены). Садавіну здавалі на вінзавод, трохі збожжа на працадні даваў калгас. Грошы плацілі толькі за здадзенае малако.

Сям'я дзеда жыла лягчэй, бо леснікі атрымлівалі зарплату, ім выдавалі муку і надзелы на лясных сенажацях. Маючы сена, можна было трымаць каня, гадаваць цялят. Да таго ж мае бацька і дзядзька (брат маці) штогод збіралі шмат баравікоў. Бабуля сушыла іх у печы, а зімой здавала нарыхтоўшчыкам. Добрую капейку дзед выручаў і за мёд са свайго пчальніка.

У той час хаты абаграваліся дровамі, так што лесніка, які іх адпускаў, усе стараліся пачаставаць. Пасля гэтага дзед часта засынаў на возе, і тады кабылка сама прывозіла яго дахаты, падавала голас, клічучы бабулю. Тая вяла дзеда ў хату...

Менавіта яму я абавязаны тым, што на зямлі ўмею рабіць усё.

Зрэдку дзед ездзіў у камандзіроўкі. Аднойчы з тыдзень быў у Валожынскім раёне. На змену яму прыехаў другі ляснік з Любані, якому жонка загадала звезці з дому шкадлівага ката. Ляснік прывёз яго ў Валожын, а выпусціць пашкадаваў — папрасіў аб гэтым дзеда. Той згадзіўся, але ж выпусціў небараку вёрстаў за колькі ад дома. Такім чынам за паўдня кот «прайшоў» 60 вёрстаў і жыў пасля як сапраўдная знакамітасць.

У 1959-м дзеду споўнілася 60 гадоў, мог бы ісці на пенсію, але не хапала стажу (работа пры іншых уладах у яго не ўлічвалася). Прыйшлося працаваць да 70... Яшчэ і дома, бо да смерці дзед трымаў досыць вялікую гаспадарку.

...Сёння ў Астравах стаіць 16 хат. У нейкія з іх летам прыязджаюць нашчадкі, у нейкія — дачнікі. Зімой там ніхто не жыве. На вёску наступае лес. Пры цяперашняй тэхніцы там можна было стварыць фермерскую гаспадарку ці аграсядзібу, але ахвотных пакуль няма.

Уладзімір Альфер,

г. Вілейка

Загаловак у газеце: Жыла-была вёска

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.