Вы тут

Як не дапусціць атлусцення ў дзіцяці


Сусветная арганізацыя аховы здароўя канстатуе, што за апошнія 40 гадоў адбыліся кардынальныя змены ў тым, што датычыцца прадуктаў харчавання, порцый, паводзін і спажывання. І калі гэта тэндэнцыя (есці шмат, прычым каларыйнай ежы) не зменіцца, то колькасць дзяцей і падлеткаў з лішняй вагой і атлусценнем да 2022 года перавысіць колькасць дзяцей з дэфіцытам масы цела. Паглядзіце на сваё дзіця: вам не здаецца, што яно занадта ўкормленае? І на ўсялякі выпадак зверцеся з табліцай вагі для яго ўзросту. Ёсць запасы — прымайце меры, пакуль не позна.


— Унаследаванне атлусцення — частая праблема ў сем'ях, дзе хоць бы адзін з бацькоў мае лішнюю вагу. Імавернасць захворвання дзіцяці ў такім выпадку набліжана да 40 %, — кажа загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Любоў ЛОНСКАЯ. — Лішняя вага ў абодвух бацькоў павялічвае рызыку атрымання ў спадчыну праблемы ўжо да 80 %. Парушэнні ў дзіцяці функцыянавання залоз унутранай секрэцыі правакуюць узмоцненае адкладанне тлушчу. Але ў 95 % выпадкаў атлусценне ў дзяцей — вынік нездаровага харчавання і дрэннага прыкладу бацькоў.

Лішняя вага ўносіць дысбаланс у работу ўсяго арганізма, і з кожным годам дзіця ўсё больш ператвараецца ў хранічна хворага чалавека, прычым не толькі з лішняй вагой, але і іншымі праблемамі. Атлусценне — гэта фактар рызыкі развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу, дыслепідэміі, артэрыяльнай гіпертэнзіі і сардэчна-сасудзістых хвароб, парушэнняў рэпрадукцыйнай функцыі, анкалагічных хвароб.

Дыета «Святлафор»

У перыяд зніжэння вагі харчаванне павінна быць нізкакаларыйным, а на этапе падтрымання дасягнутага выніку каларыйнасць павінна адпавядаць узросту дзіцяці. Для дзяцей падыходзяць метады абмежавання ці змяншэння ў рацыёне высокакаларыйных прадуктаў без абмежавання аб'ёму ежы. Адным з такіх метадаў з'яўляецца дыета «Святлафор» з раздзяленнем на нізка-, сярэдне- і высокаларыйныя прадукты. Ежу «зялёнага колеру» (нізкакаларыйную) можна ўжываць без абмежаванняў. Гэта гародніна (капуста, агуркі, памідоры, перац, кабачкі, баклажаны, радыска, рэдзька, морква, стручковая фасоля, зялёны гарошак), грыбы, ягады, зеляніна, салата, злакі, вотруб'е, соевыя прадукты. Прадукты «жоўтага колеру» патрабуюць умеранага ўжывання. Гэта крупы, хлеб і макарона з мукі грубага памолу, бульба, кукуруза, буракі, некаторыя бабовыя, поснае мяса, грудка курыцы і індычкі, яйкі, трусяціна, нятлустыя гатункі рыбы, нятлустае малако, тварог, сыры, фрукты (акрамя вінаграду, бананаў, фінікаў), фруктовыя непадсалоджаныя сокі. Прадукты «чырвонага колеру» выключаюць ці зводзяць да мінімуму. Да іх адносяцца маргарын, сметанковае масла, тлустыя мяса і рыба, сала, ікра, каўбасныя вырабы, смятана, вяршкі, сыры тлустых гатункаў, цукар, шакалад, цукеркі, мёд, варэнне, торты, пірожныя, салодкія фрукты, дыня, какава, салодкія фруктовыя напоі, фаст-фуд.

У штодзённым рацыёне бялкі павінны складаць ад 12 да 30 % ад агульнай колькасці калорый у суткі. Пры гэтым доля бялкоў жывёльнага паходжання — 60—70 % ад агульнай сутачнай колькасці бялку. Тлушчы з'яўляюцца галоўнай крыніцай энергіі для нашага арганізма, а таксама структурнай часткай нашых клетак і мембранных сістэм. Колькасць тлушчаў у рацыёне дзіцяці з атлусценнем павінна складаць 25—30 % ад агульнай каларыйнасці. Алеі, крыніцу поліненасычаных тлустых кіслот, — сланечнікавы, кукурузны, аліўкавы — можна даваць у колькасці 10—12 грамаў у дзень, пажадана ў натуральным выглядзе (у салаты, вінегрэты). Максімальна абмяжоўваюць прадукты, якія маюць у сваім складзе «схаваныя» тлушчы (каўбасныя вырабы, паштэты, вяндліну, сметанковае марожанае, шакалад, арэхі). Напрыклад, «Доктарская» каўбаса ўтрымлівае 22 % тлушчу, а вэнджаны сервелат — 45 %! Асаблівай увагі патрабуе падбор вугляводаў. Асноўная іх функцыя — забеспячэнне арганізма энергіяй, неабходнай для паўнавартаснай дзейнасці. Агульная колькасць вугляводаў складае ад 40 да 60 % агульнага ўжывання калорый у суткі.

Хітрыкі, якія дапамогуць знізіць апетыт

— Аснова дыеты для дзяцей з атлусценнем — прадукты, якія ўтрымліваюць незасваяльныя (клятчатка і раслінныя валокны) і марудна засваяльныя (крухмал) вугляводы, — кажа Любоў Лонская. — Гэта гародніна, несалодкія фрукты, ягады, бабовыя, вырабы з мукі грубага памолу, крупы. Садавіну трэба ўключаць у рацыён не менш за тры-чатыры разы на дзень, фрукты — не менш за два-тры разы.

Каб знізіць апетыт, з рацыёну дзяцей з атлусценнем варта выключыць прыправы, вострыя, вэнджаныя, салёныя закускі, булёны. Падчас кулінарнай апрацоўкі прадукты не трэба смажыць. У сувязі з тым, што ў поўных дзяцей часта назіраецца затрымка вадкасці ў арганізме, ежа для іх павінна быць крыху недасоленай. Солі лепш ужываць не больш за 4 грамы ў суткі. Колькасць вадкасці павінна складаць не больш за 1,5 літра ў дзень, уключаючы супы, сокі, фрукты.

Дзецям з атлусценнем неабходна правільна арганізаваць рэжым харчавання. Колькасць прыёмаў ежы на працягу дня — шэсць разоў: тры разы варта паўнавартасна паесці і два-тры разы зрабіць перакус. Такое дробнае харчаванне змяншае апетыт, паколькі чарговая порцыя як бы даганяе папярэднюю, ствараючы адчуванне паўнаты ў страўніку. Абавязкова снедаць, бо пропуск сняданку садзейнічае большай прыбаўцы ў вазе. Асноўная каларыйнасць павінна прыпадаць на першую палову дня, калі дзіця больш актыўнае і калорыі, якія яно атрымлівае, больш расходуюцца. Вячэраць варта не пазней за 18—19 гадзін, за 2—3 гадзіны да сну. Калі дзіця скардзіцца на голад перад сном, можна даць шклянку кефіру ці прастаквашы.

Не трэба шмат увагі аддаваць упрыгожванню страў, каб не выклікаць у дзіцяці павышаны апетыт. Таксама важна вучыць дзіця есці няспешна.

— Атлусценне дзяцей — праблема сямейная. Яго лячэнне — працэс стамляльны і вельмі доўгі, які часта суправаджаецца капрызамі і слязамі з патрабаваннем купіць чарговую порцыю марожанага ці чыпсаў, — нагадвае Любоў Лонская. — Але бацькі не павінны расслабляцца і дазваляць капрызам кіраваць уласным розумам, інакш усе поспехі ад дыеты будуць зведзены да нуля!

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Важкая праблема

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.