Вы тут

Падрыхтоўка да II Еўрапейскіх гульняў выходзіць на фінішную прамую


Колькі будуць каштаваць білеты, каго мы ўбачым сярод валанцёраў і ці ўсе аб'екты гатовыя да II Еўрапейскіх гульняў

Да старту самай маштабнай спартыўнай падзеі Еўропы 2019 года засталося менш за 240 дзён, таму падрыхтоўка да Гульняў выходзіць на фінішную прамую. 29 лістапада нарэшце будзе прадстаўлены талісман турніру, а на гэтым тыдні ў Іспаніі адбудзецца Генеральная асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, куды адправілася і беларуская дэлегацыя. Там яна прадставіць практычна фінальную справаздачу аб падрыхтоўцы да ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Першы намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатоль Котаў перакананы, што гэтая справаздача будзе ўспрынята пазітыўна, таму што беларусы ўжо зрабілі вельмі многае, падрыхтоўка, нягледзячы на тое, што графік напружаны, у яго ўкладваецца.


Спартыўныя аб'екты

Усе спартыўныя аб'екты пабудаваныя, апошнім будзе ўведзены ў строй цір імя Цімашэнкі, гэта падзея запланавана на канец года. Будаўнічыя работы там ужо завершаны, цяпер чакаецца мантаж непасрэдна стралковага абсталявання. «Тым не менш на кожным з аб'ектаў трэба правесці пэўныя касметычныя рамонты і, самае галоўнае, адаптацыю іх пад правядзенне Еўрапейскіх гульняў, — расказвае Анатоль Котаў. — Утрыруючы, дзе ўчора была спартзала, сёння павінна быць сталовая».

Зараз завяршаецца падрыхтоўка аператыўных планаў работы на аб'ектах падчас правядзення Гульняў. «Гэта дастаткова сур'ёзныя дакументы, — тлумачыць Анатоль Анатолевіч. — Якія ўключаюць парадак работы аб'екта, узаемадзеянне ўсіх дзейных службаў аб'екта з дырэкцыяй і прыезджага персаналу розных функцыянальных напрамкаў. Усе функцыі ад харчавання да лагістыкі будуць працаваць у нас як гадзіннік».

Білетная праграма

Прэзентацыя талісмана Еўрапейскіх гульняў будзе прымеркавана да старту продажу білетаў на спаборніцтвы, які пачнецца 1 снежня на сайце www.mіnsk2019.tіcketpro.by. Такім чынам, не толькі беларусы, але і жыхары іншых краін змогуць купіць білеты самастойна, за выключэннем Расіі, дзе эксклюзіўныя правы на продаж выкупіў адзін з лідзіруючых білетных аператараў суседзяў — кампанія ponomіnalu.ru.

Таксама ўжо існуюць дамоўленасці па продажах білетаў на іншых тэрыторыях — гэта Іспанія, Францыя, Германія, Швецыя, Данія, Нарвегія, Фінляндыя, Літва, Латвія, Эстонія і Кітай.

Акрамя гэтага, білеты на ІІ Еўрапейскія гульні можна будзе набыць у складзе турыстычных пакетаў у афіцыйнага тураператара кампаніі «Цэнтркурорт» і афіцыйнага турыстычнага агента кампаніі «Вакол света».

Начальнік упраўлення па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Максім КАШКАЛДА паведаміў, што агульная колькасць пасадачных месцаў на трыбунах падчас Гульняў складзе 375 тысяч адзінак з магчымасцю павелічэння іх да 535 тысяч у залежнасці ад попыту і папулярнасці віду спорту. «Нягледзячы на тое, што старт продажу білетаў запланаваны на 1 снежня, перадзаказ білетаў ад турыстычных аператараў, нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, партнёраў і спонсараў складае ўжо каля 46,5 тысячы білетаў, гэта прыкладна 12,5 % ад агульнай колькасці, што нядрэнна», — адзначае Максім Кашкалда.

Дадаткова будзе распрацавана віп-праграма гасціннасці, дзе акрамя білета глядач зможа набыць і доступ у віп-зону.

Продаж білетаў будзе ажыццяўляцца ў тры этапы. Першы стартуе 1 снежня, арыенціровачна ў продаж паступіць 10 % білетаў, дарэчы, гэта будуць найлепшыя месцы. Другі этап стартуе ў пачатку сакавіка, а трэці — у канцы мая 2019 года. Каля 20 % ад усёй білетнай квоты плануецца рэалізаваць замежным грамадзянам.

«Білетная палітыка была распрацавана з улікам розных эканамічных магчымасцяў кожнага гледача, а таксама абапіраючыся на тыя дамоўленасці, якія пазначаны ў кантракце з Еўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі, — расказвае Максім Кашкалда. — Для фарміравання цэнавай палітыкі былі ўзятыя за аснову галоўныя фактары, якія ўплываюць на наведванне гледачом спаборніцтваў. Гэта ў першую чаргу папулярнасць віду спорту, яго ўзровень відовішчнасці, месцазнаходжанне і ўмяшчальнасць спартыўнага аб'екта, дзень і час правядзення мерапрыемства». Самы даступны білет будзе каштаваць 5 рублёў, па такой цане можна будзе схадзіць, напрыклад, на турнір па бадмінтоне. Самы дарагі — 50 рублёў. Цэны білетаў на цырымоніі адкрыцця і закрыцця будуць абвешчаныя ў прэсе ў найбліжэйшы час.

Начальнік упраўлення па маркетынгу таксама адзначыў, што дырэкцыя ахопіць патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, для іх арганізаваны спецыяльныя выдзеленыя месцы і безбар'ерны доступ. Білеты для людзей з дадатковымі патрэбамі можна будзе атрымаць бясплатна ў галоўным білетным цэнтры, папярэдне даслаўшы заяўку на сайт.

Дзеці да сямі гадоў уключна змогуць наведаць мерапрыемствы Еўрапейскіх гульняў бясплатна ў суправаджэнні дарослага, але без дадатковага месца.

Як і паведамлялася раней, замежнікі, якія маюць білеты на спаборніцтвы ІІ Еўрапейскіх гульняў, змогуць наведаць Беларусь без візы. «Гэта распаўсюджваецца на перыяд з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2019 года, замежнікі з білетам змогуць перасячы любую мяжу Беларусі», — заўважае Максім Кашкалда.

Агульная колькасць спартыўных сесій, на якія будуць прадавацца білеты, складае 111, самы насычаны дзень на Гульнях адбудзецца 25 чэрвеня. Па загадзя заказаных білетах арганізатары чакаюць павышаную цікавасць да баскетбола 3х3 і пляжнага футбола, ну і, вядома, асаблівым ажыятажам будуць карыстацца цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў. «Гэта шоу сусветнага маштабу, гледачы ўбачаць велізарную колькасць яркіх элементаў з выкарыстаннем перадавых тэхналогій і спецэфектаў, а таксама зорак сусветнай сцэны, — расказвае Максім Кашкалда. — Гэта ўнікальнае шоу, якое будзе праходзіць адзін раз у жыцці».

Хто стаў валанцёрам

Зараз завяршаецца працэс адбору валанцёраў, у лістападзе будуць праходзіць апошнія інтэрв'ю. На дадзены момант у сістэме рэгістрацыі зафіксавана больш за 12 тысяч заявак, іх колькасць павялічваецца велізарнымі тэмпамі штодня. «З 1 лістапада пачаў працаваць валанцёрскі партал, дзе можна прайсці рэгістрацыю і ўвесь шлях да акрэдытацыі, — расказвае начальнік упраўлення па рабоце з валанцёрамі фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Надзея АНІСАВЕЦ. — Хутка туды будзе загружаны тэст па замежнай мове, і ў пачатку снежня валанцёры будуць атрымліваць радасныя навіны, гэта значыць прызначэнні на пазіцыі. У снежні пачнецца актыўная фаза трэнінгаў, валанцёры павінны будуць прайсці тры блокі навучання, гэта агульныя трэнінгі, функцыянальныя і аб'ектавыя, калі ўжо непасрэдна перад пачаткам Гульняў усе прыйдуць на аб'екты і будуць знаёміцца з камандай».

Цікава, што з 12 тысяч валанцёраў пераважная большасць — гэта дзяўчаты — 77 %, 23 % — мужчыны. Самае распаўсюджанае імя сярод мужчын — Аляксандр, сярод жанчын — Анастасія. Узрост самага дарослага валанцёра — 75 гадоў. Сярод ахвотных дапамагчы ў арганізацыі і правядзенні Гульняў — вопытныя інжынеры, журналісты, фатографы, урачы. Гэта дае зразумець, што найбуйнейшая падзея не пакідае абыякавым нікога.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.