Вы тут

Мікрачыпы: сучаснасць ці будучыня?


Тысячы шведаў ужо ўжыўляюць іх сабе пад скуру

Тэхналогіі становяцца ўсё бліжэй і бліжэй да цела чалавека, ад тэлефонаў у нашых кішэнях да разумных гадзіннікаў на нашых запясцях. І вось, некаторыя людзі адкрываюць ім доступ пад скуру. У Швецыі, у краіне, вядомай тэхналагічным прагрэсам, тысячы людзей ужыўляюць сабе мікрачыпы ў далоні. Гэтыя прылады спраектаваны так, каб паскорыць паўсядзённую руціну і зрабіць жыццё больш зручным.


З дапамогай электронікі ў целе будзе прасцей трапляць у дамы, офісы і іншыя памяшканні. Іх таксама можна выкарыстоўваць для захоўвання важных кантактаў на выпадак надзвычайнай сітуацыі, профіляў у сацыяльных сетках і электронных білетаў на мерапрыемствы і чыгуначныя цягнікі ў межах Швецыі. Прыхільнікі маленькіх чыпаў кажуць, што яны бяспечныя і ў значнай ступені абаронены ад узлому, але адзін з навукоўцаў выказаў сваю асцярогу на тэму прыватнасці ў дачыненні да асабістых даных пра здароўе, якія могуць захоўвацца на такіх прыладах.

Гэтыя чыпы памерам з рысавае зерне звычайна ўстаўляюцца ў скуру крыху вышэй вялікага пальца кожнага карыстальніка з дапамогай шпрыца, падобнага на звычайны шпрыц для вакцынацыі. Працэдура каштуе каля 180 долараў ЗША. Так шмат шведаў ужо заняло чаргу на атрыманне мікрачыпаў, што галоўная кампанія, якая займаецца чыпаваннем краіны, адзначае, што не спраўляецца з колькасцю запытаў.

Больш за 4000 шведаў ужо прынялі гэтую тэхналогію, і на рынку зацараваў адзін лідар — кампанія Bіohax Іnternatіonal. Фірма была заснаваная пяць гадоў таму Ёванам Остэрлюндам (на фота), былым прафесійным спецыялістам па пірсінгу цела. Працуючы над гэтым праектам без выхадных на працягу апошніх двух гадоў, у цяперашні час ён распрацоўвае навучальныя матэрыялы, каб наймаць шведскіх урачоў і медсясцёр, якія маглі б разгрузіць яго час. «Мець розныя каркі і токены, якія пацвярджаюць вашу асобу перад самымі рознымі сістэмамі, проста не мае сэнсу, — кажа ён. — Выкарыстанне мікрасхем можа азначаць істотнае спрашчэнне існавання чалавека ва ўсім гэтым пераплеценым асяроддзі».

Многія першыя прыхільнікі прымянення чыпаў выйшлі з квітнеючай стартап-сцэны Стакгольма. Эрык Фрыск, 30-гадовы вэб-распрацоўшчык і дызайнер, кажа, што зацікавіўся тэхналогіяй адразу, як толькі пачуў пра яе, і вырашыў уставіць сабе чып у 2014 годзе. «Ён зусім пасіўны, у яго няма крыніцы энергіі, нічога такога. Калі вы падносіце яго да счытвальнай прылады, чып адпраўляе назад ІD, які паведамляе счытвальнай прыладзе інфармацыю пра сябе, — тлумачыць ён. — Шведы вельмі прагматычныя, а сам чып карысны. І паколькі многія людзі ведаюць адзін аднаго ў тэхналагічнай супольнасці (яна вельмі цесная), тэндэнцыя распаўсюджваецца, людзі бачаць перавагі», — адзначае Фрыск. Калі ён пераехаў у агульны дом у пачатку гэтага года, ён арганізаваў вечарыну з чыпамі для сваіх новых суседзяў. Цяпер яны могуць атрымліваць доступ да будынка XVІ стагоддзя, у якім пражываюць у Старым горадзе Стакгольма, падносячы руку да лічбавага рыдара на дзвярах.

«Гэты чып, па сутнасці, вырашае мае праблемы», — кажа 28-гадовая Сільвія Варсегі, якая таксама выкарыстоўвае яго, каб трапіць на сваё месца працы. Таксама з яго дапамогай яна дзеліцца сваімі данымі на сеткавых мерапрыемствах, пазбягаючы неабходнасці правільна прамаўляць сваё імя. Яна проста кранаецца смартфона іншага ўдзельніка і перадае інфармацыю. «Не бачу ніякіх перашкод для распаўсюджвання чыпаў. Думаю, яны могуць істотна палепшыць жыццё людзей», — адзначае Варсегі.

Найбуйнейшая чыгуначная кампанія Швецыі пачала дазваляць пасажырам выкарыстоўваць чыпы замест білетаў, і кажуць, што чыпы неўзабаве будуць выкарыстоўвацца для ажыццяўлення плацяжоў у крамах і рэстаранах.

Остэрлюнд мяркуе, што ёсць дзве важныя прычыны, па якіх мікрачыпы пачалі набіраць папулярнасць у Швецыі. Па-першае, у краіны ёсць доўгая гісторыя прыняцця новых тэхналогій задоўга да многіх іншых і хуткага пераходу да таго, што можа стаць грамадствам, якое не выкарыстоўвае наяўныя грошы зусім.

У 1990-х гадах урад Швецыі інвеставаў у аказанне хуткіх інтэрнэт-паслуг для сваіх грамадзян і даваў падатковыя льготы кампаніям, якія забяспечвалі сваіх работнікаў хатнімі камп'ютарамі. Добра знаёмыя многім Skype і Spotіfy маюць шведскія карані. «Чым больш вы чуеце пра тэхналогіі, тым больш вы даведаецеся аб тэхналогіях, тым менш вы іх асцерагаецеся», — кажа Остэрлюнд.

Толькі адзін з чатырох чалавек, якія жывуць у Швецыі, выкарыстоўвае наяўныя грошы хоць бы раз на тыдзень. І па даных цэнтральнага банка краіны — Rіksbank, — доля гандлёвых аперацый з наяўнымі знізілася з 40 % у 2010 годзе да 15 % сёння.

Другая тэорыя Остэрлюнда заключаецца ў тым, што шведы менш занепакоеныя прыватнасцю даных, чым людзі ў іншых краінах, дзякуючы высокаму даверу да шведскіх кампаній, банкаў, буйных арганізацый і дзяржаўных устаноў. Шведы прывыклі дзяліцца асабістай інфармацыяй з многімі анлайн-рытэйлерамі і адміністрацыйнымі органамі, якія патрабуюць нумары сацыяльнага страхавання. Нумары мабільных тэлефонаў шырока даступныя ў анлайн-базах, людзі лёгка могуць даведацца зарплаты іншых людзей, запытаўшы ў падатковай даныя.

Остэрлюнд адзначае, што персанальныя мікрачыпы значна цяжэй узламаць, чым многія іншыя крыніцы даных: «Усё можна ўзламаць. Але паколькі гэта мікрачып, з ім гэта будзе вельмі цяжка зрабіць, бо ён знаходзіцца ўнутры вас». Ёсць некалькі гучных крытыкаў шведскага трэнду мікрачыпавання і практычна ніякага рэгулявання з боку дзяржавы.

Аднак Бен Лібертан, англійскі навуковец, які жыве ў паўднёвай Швецыі, лічыць, што трэба пільна сачыць за тым, як будуць разгортвацца падзеі: «Тое, што адбываецца ў дадзены момант, адносна бяспечна. Але калі чыпы будуць выкарыстоўвацца паўсюдна, кожны раз, калі вы хочаце нешта зрабіць і замест карткі выкарыстоўваеце чып, будзе вельмі і вельмі проста атрымаць вашу персанальную інфармацыю». Лібертан, прафесійны мікрабіёлаг, які працуе ў галіне навуковай камунікацыі, кажа, што адной з галоўных праблем з'яўляецца тое, як можна выкарыстоўваць чыпы для абмену данымі аб нашым фізічным здароўі і фізічных функцыях. «Паколькі ён імплантаваны ў ваша цела, чым больш звязанай са здароўем інфармацыі выкарыстоўваецца і перадаецца праз чып, тым больш асцярог выклікае неабходнасць абараняць гэты дадатковы пласт прыватных даных», — кажа ён.

Нягледзячы на гэтую асцярогу, тэндэнцыя, падобна на тое, і не думае ісці на спад. У гэтым месяцы адзін з каворкінгаў (калектыўных офісаў) у Стакгольме праводзіць буйную імплантацыйную вечарыну, на якой тэхналагічны стартап DSruptіve абяцае паказаць «новае пакаленне імплантатаў карыстальніцкага ўзроўню». Прылада будзе ўключаць 2 Кб памяці — у два разы больш, чым у папярэдніх імплантатаў — шэраг новых функцый і святлодыёднае святло, прызначанае для паляпшэння прыватнай інфармацыі. Лямпачкі будуць міргаць, калі хтосьці паспрабуе прачытаць або атрымаць доступ да імплантата.

Остэрлюнд кажа, што больш жорсткія правілы абароны даных, якія ўступілі ў сілу ва ўсім Еўрапейскім саюзе ў пачатку гэтага года, GDPR, таксама могуць паскорыць распаўсюджванне мікрачыпаў. «Гэта самы сур'ёзны набор законаў, якія абараняюць індывідуальную цэласнасць даных», — кажа ён пра GDPR. Але гэты від рэгулявання не існуе на глабальным узроўні, што можа запаволіць распаўсюджванне тэндэнцыі ў іншых месцах. «Я не ўяўляю, што астатняя частка свету прыме GDPR у найбліжэйшы час. Але ўся Еўропа — я маю на ўвазе адзін кантынент — гэта ўжо добры пачатак», — адзначае ён.

Падрыхтаваў Іван КУПАРВАС

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.