Вы тут

Матэматыка нот кампазітара Вячаслава Кузняцова


Пачатак сезона Вялікага тэатра оперы і балета радуе яркімі прэм’ерамі. Сярод іх — і новы балет беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова «Анастасія», прысвечаны гістарычнай асобе. Прэм’ера стала падставай для размовы з аўтарам пра суадносіны пачуццёвага і рацыянальнага ў музыцы, пра сучаснасць і тое, ці можна пралічыць поспех твора.


— Напрыканцы кастрычніка ў Вялікім тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера вашага балета «Анастасія». Гэта трэці балет на нацыянальную тэматыку ў цяперашнім рэпертуары тэатра. Як узнікла ідэя яго стварэння?

— Пасля таго, як у тэатры быў пастаўлены мой балет «Вітаўт», кіраўніцтва прапанавала пачаць работу над новым творам. Паўстала пытанне, на якую тэму будзе балет. Доўга думалі і вырашылі спыніцца на гісторыі Анастасіі Слуцкай. Увогуле ж гераіня вядомая, яе біяграфія вельмі цікавая, па драматургіі якраз падыходзіць для балета. Партыя Анастасіі атрымалася вельмі насычаная, гераіня з самага пачатку, з першай ноты ўвесь час у руху. На напісанне твора пайшло дзесьці паўтара года. Працаваць было вельмі цікава.

— З чаго пачынаецца работа над балетам?

— Пачатак — гэта лібрэта, літаратурны тэкст твора, у якім выпісаныя асноўныя драматургічныя ідэі. Яго напісаннем займаецца прафесійны лібрэтыст. Мая задача як кампазітара — напісаць музыку, якая была б яркая, эмацыянальная, падкрэслівала б характар герояў. Паступова лібрэта абрастае тонкімі адгалінаваннямі. Таму што ёсць гістарычная праўда, а ёсць мастацкая выдумка: як бы герой павёў сябе ў той ці іншай сітуацыі, што ён пры гэтым адчуваў. Эмоцыі павінны быць перабольшаныя: не проста каварства, а вельмі вытанчанае, не проста закаханасць, а такія пачуцці, што галоўныя героі могуць узняцца да нябёсаў і лунаць там. Калі ўжо бітва — то сцены і столь павінны падаць. Такім чынам мы ствараем новую тэатральную рэальнасць. Глядач пасля спектакля павінен заставацца з адчуваннем смаку.

— Першы балет вы напісалі ў далёкім 1983 годзе. Ці змянілася вашы адносіны да гэтага жанру за 25 гадоў? З чаго пачыналі і да чаго прыйшлі?

— Калі пачынаў працаваць у гэтым жанры, зусім не думаў пра артыстаў балета — толькі аб музычнай драматургіі. Здавалася, калі музыка ўжо напісана, можна выкарыстоўваць яе як матэрыял для балета. Але ж калі мы пішам твор для якога-небудзь музычнага інструмента, улічваем яго тэхнічныя характарыстыкі, магчымасці. Гэтак жа і ў балеце: варта думаць пра выканаўцаў. Вядома, галоўнае — яркасць і выразнасць, але ўсё павінна быць натуральна і зручна. З вопытам стаў больш задумвацца пра спецыфіку жанру. Любы музычны твор мусіць быць вобразна яркі, але для балета гэта асабліва важна: няма слоў, як у оперы, каб раскрывалі б змест, гэтая функцыя аддаецца музыцы. Таму вобразы павінны быць максімальна рэльефныя.

— А як у цэлым змянілася ваша стаўленне да творчасці?

— Калісьці для мяне была вельмі важная візуальная частка партытуры. Быў перыяд, калі захапляўся графікай, кожны паварот музыкі павінен быў быць візуальна аформлены. На гэта ішло даволі шмат часу, але працэс прыносіў творчае задавальненне. Паступова прыйшло разуменне, што музыка — гэта мова пачуццяў і адмыслова займацца яе вытанчаным упрыгожаннем не варта. Самае галоўнае — перадаць сваю ідэю, а яна можа быць выказана графічна проста. Зразумела, і цяпер афармленне нотнага тэксту з’яўляецца вельмі важным этапам, бо партытура, выкананая прыгожа і рэльефна, гучыць заўсёды добра. Я заўважыў: многія кампазітары з вопытам прыходзяць да яснасці выкладання, якая зусім не азначае прастату ідэй. У юнацтве я лічыў, што галоўнае — быць арыгінальным, ні на кога не падобным. Цяпер думаю, што трэба быць яркім і выразным. Вядома, варта імкнуцца да індывідуальнасці, але здзіўляць у кожным такце ўжо не хочацца.

— Творчасць — гэта суадносіны рацыянальнага і пачуццёвага. У некаторыя перыяды рацыянальнае ў вашых работах прыкметна пераважала. Што на цяперашнім этапе для вас з’яўляецца адпраўным пунктам: канструктыўная ідэя або пачуццёва-эмацыянальны пачатак?

 — Музыка складаецца з нот, працягласцяў — гэта і ёсць матэматыка. А калі напоўніць гэтыя лічбы пачуццямі — атрымліваецца мастацтва.

У некаторых маіх творах і напраўду вялікае значэнне матэматыкі, некаторыя я і зусім вылічваў. Напрыклад, «Цэзій-137» — адна з самых авангардных маіх работ. Я эксперыментаваў з запісам галасоў, прапускаў іх праз разнастайныя фільтры. Але ўсё роўна гучанне гэтых галасоў пры праслухоўванні мы напаўняем эмоцыямі. Самае галоўнае ў музыцы — гэта пачуцці. Разуменне гэтага прыходзіць з узростам.

— Мы жывём у эпоху фарматаў, якія з эстрады трапляюць і ў акадэмічную музыку. Ні для кога не сакрэт, што кампазітар, які піша твор на заказ, вымушаны прытрымлівацца патрабаванняў, якія навязваюцца зыходзячы з фармату. Думаю, гэта прыводзіць да падзення агульнай якасці музыкі, бо мэтай становіцца прыцягненне публікі любымі спосабамі. Як кампазітару з гэтым змагацца? Ці магчымы кампраміс?

— Ёсць такая фраза: «Талент — заўсёды навіна». Для геніяў, якія пакінулі свой яркі след у гісторыі, не існавала фарматаў: што б яны ні рабілі, гэта станавілася законам. Але ў рабоце над буйнымі тэатральнымі жанрамі ёсць свае нюансы. Што такое балет? Гэта сінкрэтычнае мастацтва, якое ўключае шмат кампанентаў: лібрэта, музыка, касцюмы, дэкарацыі, харэаграфія. У працэсе работы ўсе ўдзельнікі занятыя сваёй справай. Бывае, прапануюць унесці праўкі ў музыку. І да гэтых парадаў варта прыслухоўвацца, бо яны датычацца тэхнічных рэчаў, якія кампазітар не заўсёды можа прадугледзець. Вядома, пастаноўка буйнога тэатральнага твора прадугледжвае вялікія фінансавыя выдаткі. І галоўная ўзнагарода — поспех у публікі. Аднак, калі ісці за густамі гледачоў, будзеш паступова апускацца ніжэй і ніжэй. Гэта прыводзіць да сумных вынікаў: разбураць лёгка, а будаваць цяжка. Іншая крайнасць — залішняя мудрагелістасць, якая не заўсёды апраўданая. Прастата ў выразах не азначае прымітыўнасць. Калі матэрыял выкладзены ясна і лагічна, ён знойдзе водгук у слухача, якой бы мовай ні быў напісаны.

— Мяркуючы па апошніх прэм’ерах, гістарычная тэма цяпер вельмі запатрабаваная. Да падзей мінулага вы звяртаецеся не ўпершыню. Што спрабуеце перадаць у гістарычных творах?

— Для мяне самае важнае — перадаць дух часу. У балеце ў гэтым дапамагаюць і сцэнаграфія, і касцюмы, і харэаграфія, але музыка — найбольш няўлоўнае мастацтва, у той жа час здольнае дакрануцца да самых патаемных чалавечых струн. Мы можам толькі здагадвацца, якая музыка была, напрыклад, 500 гадоў таму. Лічу, галоўнае — перадаць атмасферу часу, калі ў працэсе праслухоўвання ствараецца адчуванне шматвяковага паглыблення ў гісторыю. Як гэтага дамагчыся, кожны кампазітар вырашае сам. Каб перадаць гэта адчуванне глыбіні, патрабуецца майстэрства. У гэтым і заключаецца кампазітарская праца.

— Магчыма, дапамагчы кампазітару адчуць атмасферу таго ці іншага часу можа фальклор. А што для вас народная песня: сыры матэрыял, з якога можна ляпіць, альбо далікатны фарфор, які неабходна беражліва захаваць і паднесці ў першапачатковым выглядзе?

— Я лічу, што фальклор ні ў якой апрацоўцы не мае патрэбы. Народная песня самадастатковая, яна як знойдзены алмаз. Можна яго апрацаваць, зрабіць прыгожую агранку. А можна так падаць, каб падкрэсліць самароднае. На палях часта можна ўбачыць велізарныя валуны. Сам па сабе такі камень — вялікая каштоўнасць, вельмі глыбінны вобраз. Але часта яго размалёўваюць у розныя колеры, пішуць надпісы. І тады ён ператвараецца ў будаўнічы матэрыял. Але навошта? Размаляваны валун перастае быць векавой каштоўнасцю. Гэтак жа і з фальклорам. У ім столькі глыбіні, ён цалкам самадастатковы. А калі мы пачынаем яго апрацоўваць, у рэшце рэшт атрымліваецца штосьці, што мае вельмі далёкае дачыненне да арыгіналу. Я стараюся перадаць архаічнасць фальклору, а не прыводзіць усё да адной роўніцы. Мая функцыя — адчуць дух гэтай песні і перадаць яго ў сваім творы. Гэта не проста інтанацыі, тэмбры або рытмы... Нешта больш глыбіннае, што кожны творца павінен для сябе знайсці. Прасцей, вядома, адкрыць зборнік народных песень, якія даследчыкі ўжо перавялі ў еўрапейскую сістэму, потым прыдумаць туды еўрапейскія гармоніі. Але тады ад народнай мелодыі зусім нічога не застанецца.

— Ці ёсць кампазітары, чый метад работы з фальклорам з’яўляецца для вас узорам?

— Узор — Бартак, Стравінскі, Торміс. Стравінскага ж часта папракалі, што ён дзіўна працуе з фальклорам, а ён проста дух часу шукаў. У гэтым і ёсць адрозненне таленту ад рамесніцтва. Рамеснік усё робіць правільна, не прычэпішся. А майстар кожны раз ідзе не множным, а адзіным шляхам, які яму дыктуе ідэя. Яскравы прыклад — Сяргей Пракоф’еў. Яго творчае крэда можна сфармуляваць так: «даўкае пераадоленне банальнасці». Для сапраўднага майстра кожнае сачыненне — гэта пераадоленне, а не тыраж. Таму мы кажам «пакуты творчасці»: кожны раз даводзіцца пераадольваць тое, што ўжо знойдзена, кожны раз пачынаць усё з чыстага ліста. — Творы сапраўдных майстроў не губляюць актуальнасці з цягам часу. А што для вас сучаснасць? Бо сучаснымі можна назваць творы і Баха, і Бетховена... — У навуцы часта новае вынаходніцтва перакрэслівае старое. У музыцы — не. Мы слухаем старых майстроў — яны сучасныя. Музыка іх настолькі яркая і выразная, што проста здзіўляешся. Сучасная музыка для мяне — тая, пры праслухоўванні якой узнікае адчуванне, што яна напісана не цяпер, а існавала заўсёды. Якая выклікае думкі, што яна невыпадковая, прымушае разважаць. Гэта вельмі важна, па-мойму. Пісаць варта, калі ёсць пра што сказаць. Кожны твор — гэта магчымасць распавесці свету пра свой боль. Трэба гаварыць, калі ёсць такая магчымасць, а паўтараць, што было сказана да цябе, ужо нецікава. Сёння нікога не здзівіш складанай мовай, авангарднымі прыёмамі. Скарыць слухача можна толькі індывідуальнасцю.

Любоў СЫЦЬКО

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.