Вы тут

Пра тое, наколькі важна ведаць гісторыю сваёй сям'і


З Наташкай, стрыечнай сястрой, самай блізкай па крыві — у нас агульныя і дзед, і бабуля, — мы бачымся гады ў рады, а калі дакладней — дык два разы за ўсё наша некароткае ўжо жыццё. Першы раз я дабралася-такі да Дняпра, які тады яшчэ быў Днепрапятроўскам і думаць не думаў, што калі-небудзь зменіць назву. А гадоў з восем назад яны з маці прыязджалі ў Мінск, прабылі тыдзень, з'ездзілі ў Кукшавічы, адкуль родам нашы ўсе... Мы тады, ужо абедзве дарослыя цёткі, вельмі зблізіліся, зразумеўшы, што вельмі падобныя не толькі знешне, абяцалі адна адной, што будзем бачыцца часта, разам адпачываць, ездзіць адна да адной у госці, бо насамрэч — якая там адлегласць.


Але спачатку зацягнулі будзённыя справы, а пасля краіну, у якой жыве сястра, панесла ў шалёным віры, і ўжо ёй стала не да паездак і не да гасцей — спачатку «лопнуў» банк, у якім працавала, пасля дрыжэла за сыноў прызыўнога ўзросту, якіх маглі адправіць у зону канфлікту... Добра, што ёсць сацыяльныя сеткі і іншыя сучасныя сродкі сувязі. Калі пагаворым па відэа, калі проста спішамся — карацей, ведаем адна пра адну не менш, чым калі б жылі побач.

Праўда, апошнія некалькі месяцаў ад стрыечніцы не было навін, толькі на старонцы ў сеціве нейкія дзіўныя спасылкі на выказванні пра разбітае сэрца, пра сумленне, пра адзіноту. Нарэшце прыйшло і поўнае роспачы пісьмо — пра канчатковы разрыў з мужам, з якім ужо даўно не жылі, а проста суіснавалі пад адным дахам (але ўсё ж былі спадзяванні, што неяк наладзіцца), пра тое, што ў сыноў сваё дарослае жыццё, пра тое, што яна адчувае сябе зусім адзінокай і нікому не патрэбнай... Я не ведала, якія словы знайсці, як суцешыць чалавека ў такой безвыходнай роспачы, калі сам на адлегласці, калі не можаш дакрануцца да рукі, зазірнуць у вочы...

А пасля прыйшла здагадка: можа, яе адзінота і роспач яшчэ большыя ад таго, што яна нічога не ведае пра нашы сямейныя гісторыі? Для нас, народжаных у Беларусі, дзякуючы бабулі, маме, цёткам, што жылі побач, яны з маленства былі часткай жыцця, як паўсядзённыя рэчы, як калыханкі, якія гучаць ужо мо для дзясятага пакалення. Яна ж магла іх пачуць толькі ад свайго бацькі, але дзядзька, якога пасля школы занесла на поўдзень Украіны, быў чалавекам не надта рамантычным, таму, калі нешта і чуў, наўрад ці палічыў патрэбным расказваць дачцэ...

І я напісала ёй доўгае пісьмо — гэткую сямейную сагу, у якой ужо не ведаеш, дзе праўда, дзе легенда. Пра прапрабабку Алесю, якая была знахаркай і лячыла людзей травамі і замовамі. Пра яе дачку, прабабку Серафіму і яе мужа Кірыла, у якіх было шасцёра дзяцей, два сыны і чатыры дачкі. Дочкам далі моцныя імёны хрысціянскіх святых — Марыя, Надзея, а калі нарадзіліся малодшыя двайняткі, іх назвалі Вера і Любоў. Але, калі дзяўчаткам было крыху больш за год, Люба раптоўна памерла. Бацькі гаравалі па-вясковаму: Бог даў, Бог узяў. Але бабуля дзяўчатак, Алеся, тады роспачна сказала: Любоў у сям'і памерла, усе дзяўчаты будуць нешчаслівыя, некалькі пакаленняў...

Знахарка, пэўна, сапраўды ведала крыху больш, чым астатнія. Бо ва ўсіх дзяўчат сапраўды не склалася. Надзея, наша з Наташай бабуля, выскачыла замуж у шаснаццаць па вялікім першым каханні. У няпоўныя васямнаццаць у яе было ўжо двое дзетак. Але ў 39-м мужа забралі ў армію, адтуль — на вайну. З вайны дзед не вярнуўся — не загінуў, да жонкі з дзецьмі не вярнуўся, бо сустрэў на фронце іншую. Зрабіў ваенную кар'еру, атабарыўся пасля ў Запарожжы, загладжваючы віну, запрасіў да сябе старэйшага сына, паклапаціўся аб яго будучыні, але фактычна адбіў яго ад сям'і і забраў у сваіх унукаў адчуванне радзімы і вялікую радню. Бабуля выйшла замуж другі раз за нашмат старэйшага, нарадзіла яшчэ аднаго сына, але дзеду, свайму першаму і адзінаму каханаму, так і не даравала. І не забылася.

І ў бабуліных сясцёр шчасця не было. Вера таксама зусім маладзенькай выйшла замуж за татарына — побач з вёскай была вайсковая часць, салдаты служылі з усяго Саюза. Паехала з ім некуды ў Паволжа, у глухую вёску (на пачатку 50-х). Два гады зусім нічога чуваць не было, потым прыйшло пісьмо: татка, ратуй. Яе, хрысціянку, бацькі мужа не прынялі, прымусілі яго ажаніцца з мясцовай дзяўчынай, а Веру трымалі за парабчанку, дый то толькі таму, што нарадзіла сына — нашчадка... Прадзед з сынамі паехаў за блізкі свет яе забіраць. Адбілі ў мясцовых і Веру, і малога. На радзіме яна хутка сустрэла добрага чалавека, які ўзяў яе з «татарчыкам», але ў вачах у нашай самай маладзейшай бабулі заўсёды, нават у старасці, была нейкая невымоўная, незразумелая туга... Марыя пражыла менш за ўсіх сясцёр, крыху больш за пяцьдзясят. Муж у яе быў адзін, але была яна ўсё жыццё бітая, дый хавалі яе, мама ўспамінала, усю пакрытую сінякамі...

І ў наступнага пакалення нашых жанчын, і ў іх дачок шчасця вялікага няма. Каго ні прыгадаеш — радня ў нас вялікая — тая маладая ўдава, тая ў разводзе, у той зусім з замужжам не склалася... Пэўна, мела рацыю тая невядомая прапрабабка з далёкага ўжо мінулага. Хаця, калі паглядзець цвяроза, — тыповыя лёсы тыповых беларускіх жанчын — на гэтай зямлі ў кожнай сям'і не адзін падобны.

Але гэта не галоўнае, пра што я хацела стрыечніцы сказаць.  

Галоўнае — іншае. Ніхто з нашых жанчын ніколі не апускаў рукі, ніколі не шукаў паратунку ў алкаголі, ніколі ні ў кога нічога не прасіў. Ішлі па жыцці з высока паднятай галавой, усе як адна бойкія, вясёлыя, людзі іх любілі і паважалі. Вось што найперш трэба ведаць нам усім і расказаць тым, хто прыйдзе пасля нас.

Наташка адказала мне коратка: «Дзякуй, цяпер я ведаю. І я ўсё перажыву, я ж таксама ваша». А я сёння пайду ў царкву і напішу на гэту памінальную суботу імёны іх усіх — і Алесі, і Серафімы, і Марыі, і Надзеі, і Веры, і Любові, і іншых моцных жанчын гэтай сям'і, якіх ужо няма з намі, і іхніх мужчын...

Сёння, дарэчы, якраз трыццаць шэсць гадоў, як няма нашай Надзеі. Але яна заўжды з намі, як і Вера. І Любоў. І астатнія, якія з Вечнасці дапамагаюць нам жыць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Унучкі Надзеі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.