Вы тут

Хэлоўін і Дзяды: падумаць пра сакральнае


Часам хочацца зазіраць у сутнасць рэчаў і спрабаваць разабрацца, што ж яны насамрэч значаць. Думаю, гэта правільнае імкненне. Давайце паспрабуем папрактыкавацца.


Хэ­лоў­ін лі­чыц­ца са­мым «жу­дас­ным свя­там».

Хэлоўін — даволі моднае свята. У нашай культуры яно згадваецца гадоў з дваццаць. А вось у амерыканцаў даўным-даўно паспела трывала заняць сваю нішу і нават прыносіць добрыя грошы:

«Важнай традыцыяй святкавання Хэлоўіна з'яўляецца арганізацыя «атракцыёнаў, населеных зданямі», галоўная мэта якіх — прыемна напалохаць наведвальнікаў. Найстарэйшым падобным атракцыёнам лічыцца «Населены прывідамі дом Ортана і Спунера», адкрыты ў 1915 годзе. У большасці выпадкаў гэты бізнес мае выразныя сезонныя рамкі. Ад звычайных «дамоў з прывідамі» атракцыёны адрозніваюцца выкарыстаннем стагоў сена і кукурузных лабірынтаў у сімволіцы. Падобныя мерапрыемствы прыносяць ЗША прыкладна 300—500 мільёнаў долараў у год і прыцягвалі да 400 000 кліентаў... Да такіх атракцыёнаў прад'яўляецца шэраг патрабаванняў. Акрамя стандартнага выканання правілаў бяспекі, яны павінны быць абсталяваны знакамі, якія папярэджваюць аб густым тумане, гучным гуку і іншым. Звычайна наведванне гэтых атракцыёнаў закрыта для цяжарных жанчын і людзей са слабым сэрцам...»

«Прыемна напалохаць наведвальнікаў» — такая фармулёўка падаецца даволі спрэчнай. Наколькі сполах можа быць прыемны? Дзесьці даводзілася чытаць, што нават моцна разыгрываць чалавека не варта. Бо пэўныя непраўдзівыя звесткі ці падзеі выдаюцца за сапраўдныя, арганізм таго, на каго яны скіраваныя, перажывае шок — ён успрымае тое, што толькі што адбылося, за чыстую манету, атрымлівае пэўны ўдар. І тут хтосьці скажа: «А мы пажартавалі!» Знаўцы таго, як устроены чалавек, кажуць, што нанесены такой сітуацыяй адмоўны эфект ужо не выправіць. Чалавек, з якога пакпілі, паспеў «засвоіць» тое, што адбылося. Таму новыя звесткі пра жарт хоць і прыносяць палёгку, але толькі частковую. Чалавек ужо спалоханы, расчараваны, засмучаны... Хоць хтосьці і сігналіць потым: «Не бяры гэта ні да галавы, ні да сэрца». Ужо ж узяў!

А што адбываецца, калі людзі на Хэлоўін апранаюць чорныя мантыі, на галаву чапляюць рожкі, могуць яшчэ і хвосцік невялічкі павесіць (быццам чортаў, а чый жа?). На тварах малююць выразы жуды і страху. Самымі чалавечымі ў такім вобразе застаюцца вочы, — але яны ў такіх выпадках часта сапраўды спалоханыя, на мяжы адчаю. Паспрабуйце прыгледзецца самі.

Дык у каго ж гуляюць маладыя людзі, падпісваючыся на такі маскарад? Гэта выявы нячыстай сілы — яе вобраз чалавек прымярае. Помніцца, у падлеткавым узросце я часам думала пра некаторых сваіх сяброў, што яны вылузваюцца са скуры, спрабуючы падавацца больш начытанымі, творчымі, чым ёсць насамрэч, — але ж яны не такія, думала я. А пасля зразумела простую ісціну, што кім чалавек сябе выстаўляе, вобраз каго прымае, тым ён і ёсць... Чытае кнігі часцей за іншых — і сапраўды робіцца кнігалюбам. Увесь час эксперыментуе з вопраткай — з часам насамрэч робіцца моднікам. Да каго ж рызыкуюць наблізіцца людзі, якія прымяраюць на сябе вобразы, прапанаваныя Хэлоўінам?..

Ёсць і іншыя святы, з якімі не ўсё так адназначна. Думаю, калі вы даведаецеся, пра што я хачу гаварыць, слушна будзе зрабіць прыпіску: «Меркаванне, выказанае ў калонцы, адлюстроўвае пазіцыю аўтара і можа не супадаць з меркаваннем чытачоў»... Варта скіраваць увагу на свята Дзяды. І тут трэба зрабіць адразу некалькі папярэдніх каментарыяў. Па-першае, Дзяды — гэта старажытнае свята, у якім, як і ў многіх традыцыях беларусаў, змяшаліся язычніцкая і хрысціянская абраднасці. Па-другое, у некаторых сем'ях і сёння менавіта на Дзяды ўспамінаюць пра сваіх памерлых продкаў. Па-трэцяе, Дзяды часам вызначаюць як агульнае свята памяці, калі людзі імкнуцца ўспомніць асоб, не блізкіх ім па крыві, затое важных для культурнага кантэксту і гісторыі краіны.

Але калі звярнуцца наўпрост да сеціва, вось якую інфармацыю там можна знайсці пра Дзяды:

«Лічылася, быццам на гэтыя святы душы памерлых прыходзяць да сваіх нашчадкаў і, нябачныя, частуюцца за сямейным сталом... У найболей архаічнай форме святкаванне Дзядоў захавалася толькі ў беларусаў. «Дзядоўская» абраднасць наогул мае старажытнае, язычніцкае паходжанне і сыходзіць каранямі да першабытнага культу продкаў... Найболей шырока святкаваліся Восеньскія Дзяды. У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні, але пакідалі пасля сябе крыху чыстай вады і венік: лічылася, што дзяды (душы памерлых продкаў) таксама павінны прыйсці і памыцца. Звычайна людзі ішлі на могілкі, пакідалі пачастунак (хлеб, печыва). Лічылася, што птушкі, якія з'ядаюць гэтыя ласункі, і ёсць душы продкаў, што прыляцелі з выраю. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. 3 дому з печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт...»

Падаецца, што такая інфармацыя з'яўляецца даволі небяспечнай. Давайце паспрабуем паглядзець у сутнасць тых дзействаў, што апісаны вышэй. На могілкі прыносіцца ежа? Хто яе з'ядае? У найлепшым выпадку сабакі ці людзі без вызначанага месца жыхарства. Але, несучы ежу, людзі разлічваюць не на іх, а на містычнага памерлага. Будзем глядзець праўдзе ў вочы, памерлы чалавек не мае здольнасці есці, — ён знаходзіцца ў іншым, бесцялесным свеце. Але ў выніку такога рытуалу чалавек, сам таго не ведаючы, сапраўды звяртаецца да духаў. Пакінуць у лазні крыху чыстай вады і венік... Нідзе ў Бібліі мы не сустрэнем слоў пра тое, што Богу (які часам дзіўным чынам таксама трапляе ў гэты кантэкст) патрэбна вада ці венік, каб памыцца. Значыць, разлічаны рытуал на пэўных духоўных істотаў. І, калі называць рэчы сваімі імёнамі, то гаворка вядзецца пра анімізм — паганскае вераванне ў духаў.

Я разумею, што нітка адрозненняў паміж традыцыйнай народнай культурай і зваротам да іншага, нябачнага цёмнага свету даволі тонкая — і не ўсе яе бачаць. Але сутнасная рознасць ёсць, і лепей яе не блытаць.

Ці прымяраць на сябе вобраз нячысціка на Хэлоўін, ці адчыняць дзверы сваёй хаты на Дзяды, падрыхтаваўшы ежу і чарку для духаў (Бог у такіх выпадках не прылятае, ён адказвае на простыя малітвы, звернутыя да яго асабіста) — той, хто робіць гэта, часцей за ўсё не задумваецца пра сэнс і думае, што гэта проста гульня ці даніна традыцыі. Але зваротны адказ у такой гульні можа выходзіць за межы чалавечай кампетэнцыі...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.