Вы тут

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна


Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў расказаў журналістам аб перспектыўных праектах рэгіёна

На пачатку прэс-канферэнцыі, што прайшла ў Бераставіцкім раёне, губернатар зазначыў, што добрая дынаміка развіцця рэгіёна захавалася і сёлета. Тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту — самы высокі па рэспубліцы. Такога ўзроўню ў многім дасягнулі дзякуючы ўпэўненай рабоце прамысловасці, будаўнічага комплексу. Апраўдалі сябе і буйныя інвестыцыйныя праекты, рэалізаваныя на «Мастоўдрэве» і «Кранаспане». Значна вырас экспарт тавараў і паслуг. Да канца года плануецца прыцягнуць замежных інвестыцый на 80 мільёнаў долараў. Рабочых месцаў у рэгіёне ў некалькі разоў больш, чым саіскальнікаў, а сярэдняя зарплата складае за 9 месяцаў 858 рублёў. У Гродне і Астраўцы — больш за тысячу.

Найбольш актыўны напрамак размовы падчас прэс-канферэнцыі датычыў сацыяльнай сферы.


Як забяспечваецца патрэба ў дзіцячых садках

Губернатар адзначыў, што ў гэтым кірунку зроблены значны рывок. Толькі сёлета ўзведзена чатыры сучасныя дзіцячыя садкі з басейнамі — агульнай колькасцю на тысячу месцаў. Гэта дазволіла значна знізіць напружанасць недахопу месцаў у садках у крокавай даступнасці ў Шчучыне, Навагрудку, Астраўцы і мікрараёне Альшанка абласнога цэнтра. Налета плануецца пабудаваць садкі на 230 месцаў у Лідзе і Гродне. За кошт рэспубліканскага бюджэту плануецца будаўніцтва ў наступным годзе дзіцячых ясляў-садкоў ў горадзе атамшчыкаў.

Сур'ёзная рэканструкцыя чакае дашкольную ўстанову ў Ашмянах. У рамках тэхнічнай дапамогі ЕС накіравана 500 тысяч еўра на энергазберагальныя мерапрыемствы. Частка сродкаў паступіць з абласной інвестыцыйнай праграмы ў наступным годзе.

Ці будзе анкалагічны цэнтр у Гродне?

Патрэба ў такой установе даўно наспела, падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. У Гродзенскай вобласці на ўліку стаіць 26 тысяч анкахворых, якія вымушаны ездзіць у Брэст альбо ў Мінск. Захады па стварэнні такога цэнтра ў Гродне прымаліся неаднаразова. На жаль, не спраўдзіліся спадзяванні па ўзаемадзеянні дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Праблема будзе вырашацца паступова. Да канца года плануецца завяршыць падрыхтоўку праекта рэканструкцыі комплексу будынкаў абласной бальніцы пад анкалагічны дыспансер. На наступны год, згодна з інвестыцыйнай праграмай, будзе выдзелена 10 мільёнаў рублёў, каб можна было распачаць работы. Паралельна плануецца адкрыццё крэдытнай лініі з арабскімі інвестарамі. Па падліках аблвыканкама, на ўвядзенне аб'екта патрэбна каля 100 мільёнаў долараў, палова з якіх — гэта кошт абсталявання. Праект падзелены на чатыры чаргі і разлічаны да 2020 года.

Як развіваецца горад-спадарожнік

Новы статус горад Скідзель атрымаў чатыры гады таму. За гэты час зроблена нямала. Па-першае, распрацаваны і зацверджаны генеральны план горада да 2025 года, у якім важнае месца адводзіцца пабудове жылля. За мінулы час уведзена ў эксплуатацыю 30 тысяч жылых «квадратаў». Шматпавярховы дом на 105 кватэр з'явіўся летась, вядзецца будаўніцтва яшчэ двух дамоў на 112 і 84 кватэры. Уладзімір Краўцоў паведаміў, што жыллёвы фонд павінен павялічыцца на 260 тысяч квадратных метраў.

Значная ўвага ўдзяляецца сацыяльнай сферы. Сёлета пачнуцца работы па рэканструкцыі самай вялікай школы ў горадзе, дзе вучацца 500 хлопчыкаў і дзяўчатак. Работа будзе завершана ў наступным годзе. Яшчэ праз год — у 2020-м — будзе пабудаваны дзіцячы садок. Падрыхтаваны праект рэканструкцыі стадыёна.

Новыя ачышчальныя збудаванні цукровага камбіната знялі праблему непрыемнага паху вакол горада. Вядзецца будаўніцтва такога ж гарадскога камунальнага аб'екта. У горадзе-спадарожніку актыўна развіваецца малы і сярэдні бізнес, рэалізуецца шэраг інвестыцыйных праектаў. Напрыклад, сёлета павінен быць завершаны праект з індыйскай кампаніяй па ўвядзенні завода медыцынскіх прэпаратаў.

Вядзецца абгрунтаванне магчымасці пераводу ў Скідзель шэрагу гродзенскіх прадпрыемстваў.

Вызначана «вёска будучыні». Хто на чарзе?

Першай ластаўкай рэспубліканскага праекта стаў аграгарадок Абухава Гродзенскага раёна. Гэта цэнтр адной з самых паспяховых сельскіх гаспадарак рэгіёна. Сёлета прадпрыемства перайменавана ў гонар былога старшыні — Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Ільі Сянько, які амаль паўстагоддзя кіраваў гаспадаркай. Менавіта з дапамогай калгаса змяняўся воблік аграгарадка, які сёння мае ўсю неабходную інфраструктуру для камфортнага пражывання.

Уладзімір Краўцоў паведаміў, што зацверджаны генеральны план развіцця «вёскі будучыні», ён прайшоў грамадскае абмеркаванне, робяцца першыя крокі па яго ажыццяўленні. У найбліжэйшы час будуць абноўлены фасады шматпавярховых будынкаў. Таксама ў планах будаўніцтва стадыёна.

Вызначаны аграгарадкі, якія неабходна давесці да ўзроўню «вёскі будучыні» ў якасці пілотных праектаў. Так, на чарзе на 2019 год — аграгарадок Жыровічы Слонімскага раёна, на 2020-ы — вёска Васілішкі, што на Шчучыншчыне.

Таксама вядзецца работа па праграме добраўпарадкавання пасёлкаў гарадскога тыпу.
У рэгіёне вызначылі населеныя пункты з турыстычным ухілам — гэта Сапоцкін і Мір. У першую чаргу тут вядзецца добраўпарадкаванне дарог.

Аб чым раскажуць абласныя «Дажынкі»?

У лістападзе традыцыйна будуць падведзены вынікі сельскагаспадарчага года і ўшанаваны найлепшыя работнікі і сельгаспрадпрыемствы. Сёлета абласны фестываль «Дажынкі» пройдзе ў Іўі. І хаця кліматычныя ўмовы не дазволілі атрымаць запланаваны ўраджай збожжавых, усе аграрыі спрацавалі ў поўную моц. Атрыманы нядрэнны ўраджай кукурузы і цукровых буракоў. Па сітуацыі з недаборам фуражнага збожжа прымаюцца адпаведныя меры, падкрэсліў Краўцоў. Аблвыканкамам выдзелена пазыка прадпрыемству «Лідахлебапрадукт» у памеры 4 мільёны рублёў для закупкі збожжа і кампенсацыі камбікармоў. На гэтыя мэты будзе ўзяты крэдыт у ААТ «Беларусбанк». Чакаецца падтрымка з боку дзяржаўнага матэрыяльнага рэзерву ў памеры 50 тысяч тон збожжа. Прымаюцца іншыя захады, каб не дапусціць зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі, а таксама іх прадукцыйнасці.

Што датычыцца падрыхтоўкі да «Дажынак», многае зроблена па добраўпарадкаванні Іўя. І хаця кожны райцэнтр і горад марыць прыняць у сябе фестываль, тут ёсць свая чарга. Напрыклад, налета «Дажынкі» пройдуць у Смаргоні, а яшчэ праз год — у горадзе-спадарожніку Скідзелі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.