Вы тут

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў


Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне» і ўжо ў лістападзе прадставіць нашу краіну на міжнародным конкурсе. А да таго перамог у рэспубліканскім конкурсе юных выканаўцаў «Маладзічок», выступаў ад Беларусі на «Дзіцячай Новай хвалі», праходзіў кастынгі ў тэлешоу «Украіна мае талент» і «Голас. Дзеці», вучыўся ў эстраднай акадэміі Ігара Крутога... Але на «зорную» хваробу ў хлопца проста няма часу — хоць і прыемна камунікаваць са шматлікімі прыхільнікамі (будзем шчырымі — прыхільніцамі), але кожны дзень у Даніэля Ястрэмскага распісаны літаральна па гадзінах: заняткі вакалам у Studіо Plау з педагогам Вольгай Драздовай, харэаграфія, дадатковыя ўрокі англійскай, фотасесіі, інтэрв'ю, канцэрты... І школа.


Фота Ганны Занкавіч

— Як ты наогул усё гэта паспяваеш?

— Пасля нацыянальнага адбору ў мяне і каманды быў тыдзень ці два адпачынку, а потым неяк адразу стала шмат спраў: дамовы на інтэрв'ю, распрацоўка новага конкурснага нумара, работа над песняй (дарэчы, мы літаральна на мінулым тыдні прадставілі канчатковую версію, яе ўжо можна паслухаць на радыё, у сацсетках і на папулярных медыясервісах — «Яндэкс.Музыка», іTunes). Які ў мяне прыкладны расклад на тыдзень? Штодня езджу на заняткі па харэаграфіі і па вакале, у выхадныя — на акцёрскае майстэрства, і яшчэ застаецца час на інтэрв'ю. Ну і, натуральна, у школу хаджу. Бывае, што нейкія дні даводзіцца прапускаць, і ўрокі я паспяваю рабіць далёка не заўжды, але настаўнікі і адміністрацыя ставяцца да гэтага з разуменнем, нават дапамагаюць і дазваляюць пэўныя паслабленні ў вучобе.

Калі я перамог на нацыянальным адборы, гэта якраз супала з пачаткам навучальнага года, і ў школе атрымаў вельмі шмат віншаванняў ад аднакласнікаў і педагогаў. Потым усё крыху сцішылася, бо я мала хадзіў на ўрокі і амаль ні з кім не меў часу пагутарыць. Але цяпер, мабыць, прызвычаіўся да такога графіка і больш актыўна камунікую з сябрамі — усе падтрымліваюць.

— Плануеш крыху адпачыць перад фіналам конкурсу ці канікулы зноў пройдуць міма?

— Канікулы? Я нават не ведаю, калі яны будуць, — смяецца Даніэль. — Насамрэч у мяне застаецца вольны час, каб пайсці пагуляць на выхадных, каб з сябрамі хоць на ўроках фізкультуры пагуляць у баскетбол, таму нейкай асаблівай стомленасці няма.

— «Еўрабачанне» — мара ці шчаслівы выпадак? Ведаеш, многія шмат гадоў штурмуюць нацыянальны адбор, а ў цябе ўсё атрымалася так лёгка: прыйшоў, праспяваў, перамог...

— Насамрэч мы вельмі доўга ішлі да гэтага. «Дзіцячая Новая хваля», «Голас. Дзеці» — тое былі этапы, спробы і карысны вопыт, а «Еўрабачанне» — самая вялікая мэта і мая дзіцячая мара, тут нельга было рызыкаваць «а раптам пашанцуе», трэба было адразу настройвацца перамагаць. У мяне за плячыма ўжо даволі многа конкурсаў, музычная школа па класе фартэпіяна, пяць гадоў заняткаў вакалам. Інакш кажучы, я стаўлюся да гэтай справы вельмі сур'ёзна.

— Значыць, і дарослае жыццё плануеш звязаць з музыкай?

— Так, бо гэта тое, што мне вельмі падабаецца, што атрымліваецца рабіць і, веру, тое, што ўдала складзецца ў будучыні. А калі не музыка, то... Па шчырасці, нават уявіць падобны расклад не магу.

— Вяртаючыся зноў да конкурсаў — што яны табе далі, чаму навучылі?

— «Украіна мае талент» — гэта быў наогул першы вопыт удзелу ў маштабным тэлевізійным праекце. Канешне, вельмі перажываў, даючы першыя інтэрв'ю, назіраючы знутры, як здымаецца тэлешоу. Але разам з тым атмасфера вельмі спадабалася, і нават тое, што давялося чакаць сваёй чаргі каля шасці гадзін, не засмуціла. Суддзі сказалі тры «так», і гэта была самая вялікая перамога на той час. З-за таго, што таленавітых дзяцей было вельмі многа, ішоў вялікі адсеў, і далей я не прайшоў, але, галоўнае, адчуў падтрымку прафесіяналаў і паверыў у свае сілы. Потым мы вырашылі падаць заяўку на «Дзіцячую Новую хвалю», куды ўдалося прайсці, — і гэта зноў жа была вялікая, вельмі карысная школа, урокі якой мне дагэтуль вельмі дапамагаюць. Аляксандр Давідавіч Рэўзін вучыў нас літаральна ўсяму: як глядзець у камеру і не ўпусціць яе, як кантактаваць на адлегласці з публікай, як паводзіць сябе на сцэне — тым тонкасцям, якія спасцігаеш толькі на практыцы, і я вельмі ўдзячны, што прычыніўся да іх. І калі часам здараюцца моманты, што хочацца ўсё кінуць і заняцца нечым іншым, я нагадваю сам сабе, што быць артыстам — няпростая праца, але вынік таго варты.

— Конкурсны шлях — не толькі перамогі, але і расчараванні і няўдачы...

— Калі нешта не атрымліваецца, гэта сапраўды вельмі крыўдна. Але я лічу, што кожную няўдачу трэба ўспрымаць як чарговы этап, вучыцца на іх і ісці далей. Нават цяпер мы з педагогамі па харэаграфіі і вакале вучымся на тых памылках, якія былі падчас адбору. Прыкладна гэтаксама стаўлюся і да крытыкі: калі чалавек тлумачыць, у чым праблема, я прымаю гэта і працую над сабой, а калі гэта проста «хейт», негатыў дзеля негатыву — не звяртаю ўвагі.

— У спісе тваіх музычных герояў — Бруна Марс, Дзіма Білан, Сяргей Лазараў. І чамусьці нікога з беларусаў. Хіба ў нас няма каго паслухаць?

Фота БТРК

— Чаму ж, у Беларусі ёсць вельмі цікавыя артысты. Герман Цітоў вядомы не толькі як спявак, але і як кампазітар, у тым ліку на расійскай сцэне; Кірыл Гуд, адзін з аўтараў маёй конкурснай песні Tіme, — таксама вельмі круты, і я спадзяюся надалей з ім папрацаваць. Падабаецца тое, што робяць Тэа, Юзары, — наогул, у нас шмат таленавітых людзей у гэтай сферы. Яны не мае безумоўныя куміры, але ў кожнага з іх ёсць чаму павучыцца.

— Калі ты з песняй Tіme выйграў адбор, многія казалі: ну вось, зноў на англійскай. Па-беларуску спяваеш?

— Канешне, спяваю! Падчас прома-туру па нашых гарадах часта спяваў «Купалінку», і людзі падыходзілі, падпявалі. І ў перспектыве, калі будзе выбар, хацеў бы спяваць на розных мовах, каб быць цікавым для рознай аўдыторыі.

— Сёлетняе дзіцячае «Еўрабачанне» ўжо ўвайшло ў гісторыю як рэкорднае. Ці чуў ты песні кагосьці з будучых сапернікаў?

— Ужо многіх паслухаў. Вельмі спадабалася Данэлія з Казахстана (мы знаёмыя па «Дзіцячай Новай хвалі») і Дарына з Украіны. Безумоўна, хвалююся, але ад разумення таго, што буду выступаць у родным Мінску, дзе такая моцная падтрымка як сяброў, так і зусім незнаёмых людзей, робіцца нашмат лягчэй.

— То ўдачы табе і да сустрэчы ў лістападзе!

Якім будзе канчатковы сцэнічны нумар Даніэля Ястрэмскага на дзіцячым «Еўрабачанні», гаварыць рана: і сцэнічны вобраз, і харэаграфія яшчэ дапрацоўваюцца. Вядома, што на сцэне разам з ім выступяць чатыры танцоры. «Мы ўжо добра пасябравалі і цяпер як адна каманда», — гаворыць хлопец. Таксама да падрыхтоўкі далучыўся вопытны харэограф Дзмітрый Залескі, які раней ставіў тэлешоу «Танцуюць усе» ва Украіне і «Танцуй» на Першым канале. «Данік не любіў танцаваць, але потым змяніў сваё стаўленне, і на кожным уроку я бачу, як дзякуючы такім заняткам ён прыбаўляе вакальна, лепш раскрываецца як артыст, і гэта вельмі ўсцешвае, — дадае педагог па вакале Вольга Драздова. — Мы працуем у звязцы з урачом-фаніятарам у нармальным, звычайным рытме, бо мутацыя голасу — не хвароба, а перыяд росту арганізма. Даніэль добра спраўляецца з галасавымі нагрузкамі, ён арганічны ў песні, і я ў ім упэўнена».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.