Вы тут

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення


На Дзень маці ў Англіі жанчынам дораць спецыяльны торт «мацярынскі», каб атрымаць блаславенне, у Японіі да грудзей прышпільваюць чырвоны гваздзік, у Мексіцы дзеці запрашаюць музыкантаў паспяваць для іх родных, у Беларусі — уручаюць самаробныя падарункі. Папяровыя кветкі, маляўнічыя паштоўкі, песні, танцы і мора праніклівых, ласкавых слоў атрымалі мамы ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення ад сваіх дзетак.


Айбаліт, гарманіст, спявак

— Мне страшна. А раптам я не спадабаюся сваёй маме?

— Ты самы лепшы і самы жаданы.

— А калі я не змагу быць самым лепшым?

— Гэта не важна. Я буду любіць цябе такім, які ты ёсць.

Гэтыя словы з казкі пра анёльчыкаў-дзетак і Фею мацярынства, якой у цэнтры пачалі свята, выклікалі слёзы замілавання ў вачах большасці прысутных. Некаторыя з сем'яў толькі нядаўна і ўпершыню адчулі, што такое бацькоўства і мацярынства, а дзеці проста шчыра радаваліся, бо ў іх больш не было нагоды плакаць.

Малыя віншавалі матуль сваімі ўменнямі. Дзмітрый Козік у касцюме доктара Айбаліта расказаў казку, Даніла Падбярэзкі сыграў на гармоніку, Улад Богаў прачытаў беларускамоўны верш, а пяцёра дзяцей Валковічаў разам з бацькамі спявалі. Самым нечаканым для прысутных стала выступленне імправізаванага ансамбля, у якім гралі адразу ўсе малыя.

Пасля такіх шчыра-ўрачыстых падарункаў дзеці рушылі рыхтаваць іншыя сюрпрызы на майстар-класах, якія правялі студэнты Інстытута псіхалогіі і цэнтра псіхалагічнай дапамогі замяшчальным сем'ям. Бацькоў жа ў гэты час валанцёры ўцягнулі ў вясёлыя гульні-конкурсы.

Мастацтва маленечкіх крокаў

Святочнае мерапрыемства арганізавала ініцыятыўная група праекта «Ментарства для ўсынавіцеляў», які працуе крыху больш за год. Яго ўдзельнікі — бацькі, якім, акрамя дапамогі спецыялістаў, як паветра неабходны парады і вопыт такіх жа сем'яў. Падобная сустрэча — хутчэй выключэнне, каб разам адпачыць, а не абмяркоўваць пытанні выхавання.

«Няма дрэва без каранёў, дома без падмурку і сям'і — без мамы. І гэта свята прысвечана самым лепшым, прыгожым і адважным — нашым мамам», — такімі словамі віншавала прысутных Вольга ГЛІНСКАЯ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. Яна расказала, што беларусы штогод прымаюць у сем'і больш як 500 дзетак, прычым узрост дзяўчатак і хлопчыкаў крыху «падрос». Цяпер ахвотна бяруць не толькі трохгодак, а і 5-6-гадовых малых.

«Выхаванне — гэта не вынік, а працэс, мастацтва маленечкіх крокаў. Трэба радавацца маленькім перамогам і таму, што сёння — не горш, чым учора. Часам гэта дапамагае», — заўважыла, віншуючы мам, Алеся СЦЕПАНЕНКА, ідэйны натхняльнік свята. Яна нагадала бацькам, што яны ёсць адно ў аднаго, і заклікала не заставацца адным пасля ўсынаўлення сам-насам з пытаннямі, якія з'явіліся.

Усё рабіць разам

Сем'і, якія ўсынавілі дзетак, — такія ж, як і звычайныя, дзе ўсе малыя кроўныя, але пры гэтым у кожнай — свой шлях да разумення і прыняцця такога бацькоўства.

Сыну Алены днямі споўнілася 2 гады і 2 месяцы, ёй самой 42. Разам яны год і месяц. Чалавек, які меўся быць татам, сышоў з так званага гасцявога шлюбу адразу, як зразумеў, што жонка ўсё ж стане мамай. Алена кажа, што адной цяжкавата ў плане эмоцый, але ўсё не так крытычна, каб адчайвацца. Яна працуе над сабой, над стасункамі з сынам:

— Дванаццаць з сямнаццаці гадоў, калі я пераехала ў сталіцу, пражыла ў інтэрнаце. Лічыла, што для дзіцяці няма ўмоў. Спадзявалася, што яшчэ нараджу. Але аднойчы, было 4 студзеня, у восем раніцы я збіралася на працу, падышла да люстэрка і сказала сабе: «Сёлета ў мяне будзе дзіця». Цяпер я вучуся яго разумець. Учора ў нас быў вечар шчасця. Паўгода назад я купіла яму алоўкі, але яму было нецікава маляваць. Учора я ўзяла яго ручку ў сваю, і мы сталі нешта крэмзаць на паперы. І раптам ён сам узяў іншы аловак і ўклаў сваю руку ў маю. І я зразумела: мы ўсё павінны рабіць разам.

32 метры на семярых

У сям'і Валковічаў ужо было тры дачкі, калі бацькі ўзялі ім браціка. Мама Алена трапіла ў інфекцыйную бальніцу са старэйшай дачкой і не змагла проста так глядзець на немаўлят, ад якіх адмовіліся, якія ляжалі ў ізаляваных боксах.

— Тады мы вырашылі, што хоць адно дзіця, але ў нас будзе прыёмнае. А паколькі ў нас адны дзяўчаткі — бралі хлопчыка. На нас глядзелі, як на іншапланецян, — смяецца Ігар. — Пасля паспадзяваліся, што яшчэ хлопчык атрымаецца, аднак ізноў нарадзілася дачка. Што зробіш: пастаянства — прыкмета майстэрства.

Цяпер яны ўсемярых дзеляць 32 квадратныя метры ў інтэрнаце. Калі збудуюць уласнае жыллё, вернуцца да пытання павелічэння сям'і, мяркуе тата.

Хвіліна на знаёмства

Чатыры месяцы таму Людміла і Аляксандр сталі бацькамі адразу дваіх дзетак. Біялагічных у іх пакуль няма, кажуць, існуюць пытанні са здароўем. Але губляць момант і гады для бацькоўства яны не хочуць, тым больш што мараць пра вялікую сям'ю.

— На сайце я адразу ўпадабала сваю дзяўчынку. Пазваніла, а мне кажуць: «Іх двое, і мы іх не раз'ядноўваем». Мы без пытанняў вырашылі забраць дваіх. На знаёмства нам спатрэбілася хвіліна. Я ўзяла іх за руку — і нарадзілася наша сувязь. Адразу. Словамі гэта не выказаць. Кантакт узнік адразу, хаця, кажуць, на адаптацыйны перыяд звычайна патрэбны пэўны час. Калі б так адбылося з усімі дзеткамі, я гатова яшчэ пяцярых выгадаваць, — смяецца маладая мама. — Яны поўнасцю мае і падобныя на нас з мужам, і міміку ўжо нашу нават перанялі, жэсты, словы.

Запаўняючы анкету, Людміла напісала, што бачыць сваіх дзяцей вельмі актыўнымі. Так і адбылося. У новай сям'і малыя ўжо займаюцца балетам, футболам, танцамі, вучацца логіцы. Зарабілі ўжо тры кубкі і медаль.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Фея мацярынства жыве ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.