Вы тут

На хвалі ўспамінаў


На хвалі ўспамінаў

Сяджу, утаропіўшыся ў дысплэй тэлефона. Вагаюся, ці выдаляць шаснаццаць трэкаў беларускага гурта (які, па сутнасці, і не існуе ўжо), што паспеў за два месяцы стаць хіба не маім улюбёным. Калі каму цікава, то я пра «Таварыша Маўзэра» — вельмі эмацыйных ню–металістаў, якія былі сапраўднымі зоркамі музычных фестываляў годзе ў 2006–м.

«Сапраўды жадаеце выдаліць назаўсёды?» — удакладняе тэлефон. Назаўсёды... Для мяне гэта гучыць як прысуд, бо пазбавіцца «Маўзэра» я вырашыла праз тое, што надта моцна пачаў ён у мяне асацыявацца з пэўным чалавекам. І вось, націскаючы «Так», я нібы пазбаўляюся такіх цёплых і ў той жа час балючых успамінаў.

Міжволі задумваюся, наколькі музыка ўплывае на мой унутраны стан, суправаджаючы мяне амаль ва ўсіх жыццёвых сітуацыях. Напрыклад, такая вядомая і праспяваная ўжо шмат кім кампазіцыя «The House of the Rising Sun» у мяне цяпер, як ні дзіўна, асацыюецца з заходам сонца. Вельмі прыгожым, палымяным заходам, з якога пачаўся хіба не самы захапляльны перыяд майго жыцця. Якраз той перыяд працягласцю ўсяго ў няпоўныя два месяцы, які падарыў мне настолькі шмат... Шмат новай музыкі хаця б. Так, у маім жыцці зусім непрадказальна з'явіўся дзіўны хлопец. Вельмі яскравая і непадобная да астатніх асоба. І менавіта Ён прынёс у маю рэчаіснасць олдскульнага «Таварыша Маўзэра», аднавіў у памяці старэнькі «Zet» Лявона Артуравіча Вольскага, узрушыў шумным і няўрымслівым «The Offspring»... Калі б можна было параўноваць людзей з прадметамі (не палічыце гэта, калі ласка, за такую папулярную цяпер аб'ектывацыю), то Яго я назвала б радыёлай. Ці нават патэфонам. Бо калі я была з Ім, то з намі ўвесь час была музыка. Пры гэтым яна выклікала нейкую дзіўную і незразумелую настальгію. Што ж казаць пра цяпер, калі Яго няма, а засталася толькі музыка? Колькі разоў я чула нешта кшталту «музыка — гэта лекі», «музыка дапаможа адцягнуць увагу ад праблем» і гэтак далей... А ў мяне цяпер зусім наадварот атрымліваецца. Музыка зацыклівае мяне на ўспамінах. Аднак, ведаеце, я пачынаю разумець, што гэта, пэўна, нешта накшталт замкнёнага кола: не быў бы той чалавек маёй «радыёлай», дык і прывязанасці такой не ўзнікла б. І не было б тых пакут, якія выклікаюць цяпер у мяне гукі якаснага беларускага і сусветнага року.

Пішу Яму: «Я не магу пра цябе не думаць». А Ён, халера, нібы ведае, у адказ дасылае: «Выключы Маўзэра».

Ведаеце, што яшчэ я зразумела? Што хоць мы і былі на адной хвалі, ўзаемаабмену музыкай не адбылося. Калі яго загучала ў мяне не толькі ў вушах, але і адбілася ў сэрцы, то Ён маю асабліва і не ўспрыняў. Колькі разоў я прапаноўвала Яму ўлюбёных «Akute», «Joy Division» і «Агату Крысці», атрымлівала звычайна адказ: «Нешта не заходзіць». Гэтая музыка — кавалачак мяне, майго адчування, маёй рэчаіснасці. Можа, калі–небудзь я буду асацыявацца ў кагосьці менавіта з творчасцю гэтых гуртоў. Аднак як жа радасна ўздрыганулася нешта ўнутры, калі Ён неяк кінуў раптоўнае: «Янка, рэспект табе за “Paint it Black”» (гэтая вядомая песня культавых «Rolling Stones» усталявана ў мяне ў якасці рынгтона на слухаўцы). «Музыка нас аб'яднае», — падумалася мне тады.

Чарговая выснова, да якой я прыйшла: я магу забыцца на рысы знешнасці, але я не забуду, як гучаў чалавек. У моманты стомленасці, калі надвячоркам, едучы ў метро, мы дзяліліся навушнікамі, Ён гучаў як здзеклівыя песні Кулінковіча ці, у больш узнёслыя вечары, як рамантычныя «Океан Ельзи». Падчас узрушанасці і прадуктыўнай занятасці гэта быў хутчэй «Стары Ольса» ці яго больш сучасны аналаг «Litvintroll». Расчараванне і абурэнне — калі ласка, «Таварыш Маўзэр» на хвалі.

Пэўна, таму я без перапынку слухаю гэты гурт цяпер. Бо не магу прымірыцца з тым, што ад Яго засталася толькі музыка. Не засталося здымкаў (у намаганнях забыць усе яны былі выдаленыя амаль без ваганняў), аднак засталіся песні.

Фінальным акордам, так бы мовіць, у нашых стасунках стаўся канцэрт «Neuro Dubel», на якім мы, забыўшыся на ўсё, адрываліся, цалкам аддаючыся музыцы. Ён любіў гэты з'едлівы, жорсткі і запамінальны рок–гурт. Я ж да таго моманту толькі стрымана паважала творчасць, але з Ім давялося палюбіць. Я была гатовая прыняць любую музыку, бо ў ёй я адчувала Яго прысутнасць. Менавіта ў гэтым была мая памылка. Цяпер я зразумела, што асацыяваць людзей, якія могуць знікнуць з твайго жыцця, з чымсьці, што будзе потым настойліва нагадваць табе пра страту, — найгоршае, што можна зрабіць для свайго эмацыйнага стану.

Мяркую, камусьці падалося б дзіўным, што вечар пасля нашага, верагодна, апошняга развітання я правяла, згарнуўшыся ў фатэлі пад... вельмі жыццесцвярджальныя і энергічныя кампазіцыі. Чаго вартая толькі «Крэўская полька». Мала хто глытаў бы слёзы пад падобную музыку. Але калі ў галаве такія пяшчотныя эпізоды жыцця, праведзеныя пад яе, то без «загонаў» не абысціся.

...Парадокс у тым, што Ён нават не ўмеў спяваць як след. Але цяпер я з сумам успамінаю, як Ён падпяваў нашым кампазіцыям, не трапляючы ў ніводную ноту. Бо калі сам чалавек — му́зыка ў тваім жыцці, то якая розніца, умее ён спяваць ці не?

Ведаеце, гэта не споведзь і не прызнанне. Гэта раптоўны парыў, выкліканы акапэльным харавым выкананнем адной беларускай песні. Ізноў музыка... Я амаль адразу кінулася да тэлефона, каб пачаць занатоўваць пачуцці. Каб не забыцца параіць не звязваць думкі пра пэўную асобу з музыкай. Бо потым давядзецца, трасца, адмаўляцца ад праслухоўвання ўлюбёнага, каб не займацца самакатаваннем.

Яна НІКІФАРАВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

А калі і падрасце, то не больш чым на 0,5-1 працэнт.

Грамадства

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Неяк ранкам я знайшла ў сябе на кухні некалькі вос. 

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.