Вы тут

Чаму ўсіх дзяцей трэба абараняць ад інфекцый


Прышчэпкі — тэма, якая прымушае бацькоў як мінімум задумацца. Выпадкі з ускладненнямі пасля вакцынацыі ўвогуле выклікаюць разгубленасць: наколькі прышчэпкі бяспечныя для дзіцяці? Пра гэта мы пагутарылі з кандыдатам медыцынскіх навук, дацэнтам кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалаем Галабародзькам.


«Эўпента»: за і супраць

— Мікалай Уладзіміравіч, давайце пачнём з вакцыны «Эўпента», якая нарабіла шмат шуму: і закуплялі яе быццам бы не так, і танная яна ў параўнанні з еўрапейскімі... Што не так з гэтай вакцынай?

— Кажучы пра анафілактычны шок у хлопчыка з Ганцавіцкага раёна, ад якога той загінуў, трэба памятаць, што ён развіўся пасля ўвядзення дзвюх вакцын: гэта французская «Імавакс Поліа» і паўднёвакарэйская «Эўпента». На кампанент якой з іх зрэагаваў арганізм, мы дакладна не ведаем. Анафілактычны шок — гэта індывідуальная алергічная рэакцыя, і тое, што ён здарыўся, хутчэй залежыць не ад антыгену, які ўводзіцца, а ад таго, што ў чалавека існуе прыроджаная павышаная рэактыўнасць да гэтага антыгену. Ён можа ўзнікнуць незалежна ад таго, еўрапейская гэта вакцына ці паўднёвакарэйская, з большай ці з меншай ступенню ачысткі. Усё гэта не ўплывае на рызыку развіцця анафілактычнага шоку. Але здараецца ён рэдка — 1-2 выпадкі на мільён прышчэпленых. Прычым ён можа развіцца ад кантакту з рознымі антыгенамі — не толькі з прышчэпкавымі, але, напрыклад, і з лекавымі. У СМІ шырока асвятляўся выпадак з анафілактычным шокам на цэфтрыаксон некалькі гадоў таму. Такая рэакцыя можа ўзнікаць і на ўкусы вос — некалькі тыдняў таму загінула жанчына.

Што датычыцца пытання закупак, то ў большасці краін свету існуе практыка пазбягаць дублюючых працэдур ліцэнзавання. Калі лекавы сродак ці вакцына атрымалі ліцэнзію ў адной з краін з моцным рэгулятарным органам (гэта краіны ІСH — ЗША, Канада, Японія, Швейцарыя і краіны Еўрапейскага Саюза) ці ёсць сертыфікат міжнароднай арганізацыі, напрыклад прэкваліфікацыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, як гэта было ў выпадку з «Эўпентай», то ў большасці краін не патрабуецца дублюючай нацыянальнай рэгістрацыі.

У свеце вакцыны каштуюць вельмі па-рознаму. І гэта залежыць не толькі ад таго, якая вакцына, але і хто яе закупляе. Тыя ж еўрапейскія вытворцы прадаюць свае вакцыны па адной цане заможным краінам, па другой — краінам з даходам сярэднім і ніжэйшым, і па трэцяй — міжнародным арганізацыям, якія пастаўляюць вакцыны ў бедныя краіны.

Замена расійскай вакцыны АКДС на «Эўпенту» мела на мэце два станоўчыя моманты. На сайце Беларускай таварнай біржы можна ўбачыць, што за апошні час многія партыі АКДС былі забракаваныя нашай лабараторыяй кантролю якасці імунабіялагічных прэпаратаў. Расійскі вытворца не мог забяспечыць пастаянную прысутнасць вакцыны. Кампанія LG Сhеm, якая вырабляе «Эўпенту», — вядомы ў свеце вытворца імунабіялагічных прэпаратаў. Трэба разумець, што вакцыны вырабляць нашмат складаней, чым лекі. Такую вытворчасць не створыш за пару месяцаў з чыстага ліста. Усе кампаніі ў свеце вядомыя. З LG Сhеm наша краіна мае даўняе супрацоўніцтва, яны шмат гадоў пастаўляюць нам вакцыну «Эўвакс В» ад гепатыту В.

Другі момант: у адрозненне ад расійскай трохвалентнай АКДС у «Эўпенце» ёсць яшчэ два кампаненты: Хіб-інфекцыя (або гемафільная інфекцыя) і гепатыт В. Дагэтуль у нас ад Хіб-інфекцыі прышчапляліся ўсе дзеці толькі ў Мінску, а рэгіёны яе не мелі. «Эўпента» дазволіла вакцынаваць ад яе ўсіх дзяцей у краіне. Хіб-інфекцыя — вельмі цяжкая хвароба. З той пары, як у Мінску з'явіліся ад яе прышчэпкі, я амаль перастаў бачыць у нашай клініцы дзяцей з гемафільнымі менінгітамі, з такімі цяжкімі ўскладненнямі, як эпіглатыт — гэта запаленне надгартанніка, якое можа выклікаць спыненне дыхання і смерць. Гемафільная палачка — адзін з узбуджальнікаў (разам з пнеўмакокам) асноўных бактэрыяльных інфекцый у дзяцей: пнеўманій, вострых сярэдніх атытаў, сінусітаў. Увядзенне ў руцінную практыку вакцыны супраць гемафільнай інфекцыі — гэта крок наперад для нашага прышчэпачнага календара.

Сёння ўвесь свет рухаецца да таго, каб вакцыны сталі камбінаванымі. Мы стараемся знізіць колькасць візітаў дзіцяці да ўрача і колькасць уколаў.

— Наколькі гэта бяспечна для імунітэту? Тая ж трохвалентная АКДС (супраць адру, дыфтэрыі і слупняку) і так няпроста пераносіцца — часта выклікае, напрыклад, тэмпературу. А калі кампанентаў пяць, як у «Эўпенты»?

— Трэба дакладна падзяляць рэакцыю і ўскладненне. Рэакцыя — гэта павышэнне тэмпературы, пачырваненне ў месцы ўколу, і гэта даволі бяспечныя рэчы. Напрыклад, пасля вакцыны АКДС можа здарацца часовы неспакой дзіцяці — гэта рэакцыя, і яна бяспечная. Павышэнне тэмпературы — знак таго, што імунітэт уключыўся ў развіццё імуннай рэакцыі, ён выпрацоўвае абарону. А вось ускладненні, заканчваючы самым цяжкім — анафілактычным шокам, — небяспечныя рэчы. І яны сустракаюцца вельмі рэдка. Рэакцыі ж бываюць часта. У АКДС і «Эўпенце» найбольш рэактыўным з'яўляецца коклюшны кампанент. У вакцынах ён бывае ў двух варыянтах: цэльнаклетачны коклюш і бясклетачны. У складзе тых жа французскіх «Тэтраксім», «Гексаксім», бельгійскай «Інфанрыкс Гекса» бясклетачны коклюш. І гэтыя вакцыны сапраўды менш рэактагенныя, у дзяцей радзей павышаецца тэмпература. А ў расійскай АКДС ці паўднёвакарэйскай «Эўпенце» знаходзіцца цэльнаклетачны коклюшны кампанент, на які крыху часцей бывае рэакцыя. Але і тыя, і другія вакцыны бяспечныя, ускладненні на іх сустракаюцца аднолькава рэдка. Адметна, што больш за палову краін у свеце вакцынуецца цэльнаклетачнымі коклюшнымі вакцынамі, бо яны значна таннейшыя.

А што датычыцца камбінаваных вакцын і іх нагрузкі на імунную сістэму, то гэта распаўсюджаны ў постсавецкіх краінах міф. На самай справе колькасць антыгенаў, якая ўваходзіць у сучасную вакцыну, значна меншая, чым у цэльнага мікроба. І адна справа — перанесеная інфекцыя, дзе сапраўды імунная сістэма ўключаецца вельмі моцна. І іншая — прышчэпка з невялікай колькасцю антыгену. Для імуннай сістэмы гэта не з'яўляецца ўдарам. Калі дзіця нараджаецца, у першыя ж суткі яно сустракаецца з такой колькасцю чужародных антыгенаў, з якой не сутыкнецца за ўсе прышчэпкі, атрыманыя ў жыцці. І імунная сістэма ад гэтага не пакутуе. Сучасныя вакцыны становяцца больш ачышчанымі. Вы, напрыклад, у савецкія часы атрымалі ад прышчэпак куды большую колькасць атыгенаў, чым цяперашнія дзеці.

Калі вакцыну даводзіцца мяняць

— А здаецца, што ў савецкія часы прышчэпкі пераносіліся лягчэй і рэакцый было меней...

— Гэта не так. Раней вакцыны былі больш рэактагенныя. Урачы шмат робяць, але мала пра гэта кажуць. Калі б больш расказвалі, было б больш даверу да нашай дзейнасці. Прывяду некалькі прыкладаў, як за апошнія гады мы мянялі вакцыны. Раней ад туберкулёзу, а ён — вялікая праблема для Беларусі і суседніх краін — мы прышчаплялі вакцынай БЦЖ. Цяпер мы памянялі яе на менш рэактагенную БЦЖ-М.

Наступны прыклад — вакцына ад поліяміеліту. Яшчэ некалькі гадоў таму гэта была жывая вакцына ў кропельках (яна змяшчае жывы аслаблены мікроб). Зараз мы цалкам перайшлі на ўнутрымышачнае ўвядзенне нежывой поліяміелітнай вакцыны, якая, у адрозненне ад папярэдняй, не можа выклікаць вакцынаасацыяваных хвароб. Тое самае з прышчэпкай супраць адру, краснухі і паратыту. Некалькі гадоў таму выкарыстоўвалі расійскую вакцыну. І эпідэміёлагі заўважылі, што вырасла колькасць вакцынаасацыяваных паратытаў — свінкі ў лёгкай форме (прыпуханне слінных залоз) пасля прышчэпкі. У сувязі з гэтым расійскую вакцыну замянілі на еўрапейскую «Прыярыкс». Такім чынам, кантроль за пабочнымі рэакцыямі вядзецца, і, калі іх становіцца больш, вакцыну мяняюць.

— Ад якой колькасці інфекцый абараняюць прышчэпкі нашага нацыянальнага календара?

— Ад 12. Ва ўсіх развітых краінах апошнім часам ідзе пашырэнне календара. Я не стамлюся паўтараць, што прышчэпка — просты спосаб абараніць дзіця ад сур'ёзных інфекцый. Як доктар, які бачыць, як хварэюць непрышчэпленыя дзеці на інфекцыі, ад якіх іх мелі магчымасць абараніць бацькі, але не зрабілі гэтага, хачу сказаць, што хваробы гэтыя вельмі сур'ёзныя. Здавалася б, дзе той коклюш? Але кожны дзень у бальніцы, дзе я працую, пару дзяцей з ім знойдзецца. Калі гэта зусім малое дзіця, прыступы начнога закашлівання выбіваюць з жыцця ўсю сям'ю. У дзіцяці першага года жыцця справа можа дайсці да спынення дыхання. Год таму ў нас у клініцы было такое малое, якое, на шчасце, удалося рэаніміраваць, але лячыцца яму давялося доўга.

— Ці не рана рабіць прышчэпкі дзецям да года?

— І ў Беларусі, і ў Еўропе, і ў ЗША прышчэпкі імкнуцца зрабіць максімальна рана. Асноўную большасць пачынаюць пасля двух месяцаў, паколькі абароны ад інфекцый патрабуюць менавіта малыя дзеці, у якіх яны працякаюць найбольш цяжка. Чаму, акрамя гепатыту В і туберкулёзу, іх не робяць у першыя дні жыцця? У першыя пару месяцаў у дзіцяці маюцца антыцелы, якія яно атрымала ад маці. І яны цыркулююць у крыві, абараняюць ад інфекцый. І будуць перашкаджаць развіццю ўласнага імуннага адказу, калі зрабіць у гэты час прышчэпкі. Таму большасць прышчэпак пачынаюць рабіць ў 2-3 месяцы, калі колькасць мацярынскіх антыцелаў пачынае зніжацца. Не трэба адкладваць прышчэпкі да года ці да той пары, пакуль, на думку бацькоў, імунітэт стане лепшы. Нарадзіўшыся, дзіця мае добра сфарміраваныя імунныя рэакцыі.

Рабіць ці не

— Праціўнікі прышчэпак часта прыводзяць свае "доказы": яны, быццам бы, ламаюць імунітэт, выклікаюць аўтызм...

— Пра антыпрышчэпачнікаў можна сказаць дзве рэчы: іх мала, але яны вельмі гучныя. Я перыядычна вяду амбулаторны прыём, кожны дзень у клініцы размаўляю з бацькамі. Праціўнікаў прышчэпак мала, ёсць людзі, якія сумняваюцца і просяць дадатковую інфармацыю, каб прыняць уласнае рашэнне. І гэта правільна. Бацькі адказваюць за здароўе дзіцяці. Таму яны павінны разумець рызыкі таго, што зробяць і чаго не зробяць. Чым меншае дзіця, тым складаней праходзяць усе інфекцыі. Калі бацькі вырашаюць адкласці прышчэпку і дачакацца, што нешта памяняецца, то павінны ўсведамляць рызыку: яны пакідаюць дзіця неабароненым у тым узросце, калі хваробы праходзяць вельмі цяжка. Задача доктара — даць бацькам інфармацыю для разважання: аб бяспецы прышчэпак, ад чаго яны абараняюць, а вырашаць бацькам. Тое, што мы адыходзім ад савецкага патэрналісцкага падыходу «Доктар сказаў — пацыент зрабіў», на мой погляд, правільна. Я вітаю, калі бацькі задаюць пытанні.

— Ці трэба праходзіць дадатковыя абследаванні перад прышчэпкай?

— Для большасці прышчэпак дадатковых абследаванняў не патрабуецца, бо яны сёння дастаткова бяспечныя. Дарэчы, я заўсёды параўноўваю частату пабочных рэакцый на прышчэпку і гарачкапаніжальнае — ібупрафен ці парацэтамол. Бацькі, як правіла, не ведаюць, што прышчэпкі нашмат больш бяспечныя, чым названыя сродкі. Важнае не столькі тое, што мы робім да прышчэпкі, колькі тое, што пасля. Абавязкова трэба пасядзець пад кабінетам урача паўгадзіны. Бо такое ўскладненне, як анафілактычны шок, здараецца ў першыя хвіліны пасля прышчэпкі. У кожнага доктара ў кабінеце ёсць укладка неабходных медыкаментаў для такіх рэакцый, і ён ведае, як іх правільна ўвесці.

— Ці варта рабіць прышчэпку ад грыпу?

— Прышчэпка ад грыпу абараняе менавіта ад грыпу, а не ад іншых прастудных інфекцый. Часта бацькі чакаюць, што дзіця не будзе хварэць ні на якія прастудныя інфекцыі. Гэта не так. Але чаму важна абараніць дзіця ад грыпу? Гэта самая цяжкая прастудная інфекцыя, ад якой штогод у развітых краінах паміраюць і дзеці, і дарослыя. Акрамя таго, грып у дзяцей нашмат часцей, чым іншыя прастудныя інфекцыі, прыводзіць да бактэрыяльных ускладненняў. 40 % дзяцей да трох гадоў пасля перанесенага грыпу захварэюць вострым сярэднім атытам.

— Магчыма, у найбліжэйшыя гады ў нашым календары з'явяцца новыя прышчэпкі?

— Абмяркоўваецца для ўключэння ў нацыянальны каляндар пнеўмакокавая вакцына. Пакуль яе робяць толькі дзецям з груп рызыкі. Ёсць яшчэ некалькі вакцын з календароў тых краін, на якія арыентуецца ўвесь свет, напрыклад ЗША ці Вялікабрытанія. У іх ёсць прышчэпкі ад ротавіруснай інфекцыі, ветраной воспы, папіломавіруса, які можа выклікаць рак шыйкі маткі. У нашым календары іх пакуль няма, але медыцынская грамадскасць абмяркоўвае магчымасць іх уключэння.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Я прышчэпкі не баюся?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

А калі і падрасце, то не больш чым на 0,5-1 працэнт.

Грамадства

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Неяк ранкам я знайшла ў сябе на кухні некалькі вос. 

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.