Вы тут

Як дзяржава падтрымлівае сем'і, што ўсынавілі дзяцей


Бывае, сям'я падумвае аб усынаўленні, але баіцца магчымых цяжкасцяў, што могуць абрынуцца, як толькі прыме на сябе ўсю паўнату адказнасці за выхаванне і матэрыяльнае ўтрыманне дзіцяці. Але варта мець на ўвазе, што сям'я, якая ўсынавіла дзіця, мае роўныя правы з сям'ёй, што выхоўвае крэўных дзяцей. Гэта значыць у тым ліку, што яна мае права на ўсе дзяржаўныя дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей.


— Напэўна, самай шырока распаўсюджанай выплатай, якой карыстаецца каля 70 % сем'яў, што ўсынавілі дзяцей, з'яўляецца выплата на ўтрыманне ўсыноўленага дзіцяці, — кажа дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Вольга Глінская. — У нашай краіне атрыманне такой выплаты гарантуецца дзяржавай да дасягнення дзіцем шаснаццацігадовага ўзросту.

А якімі яшчэ дапамогамі можна скарыстацца пасля ўсынаўлення або ўдачарэння дзіцяці?

Калі вы ўсынавілі дзіця ва ўзросце да трох месяцаў

У адпаведнасці з артыкулам 7 Закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей», жанчынам, што ўсынавілі дзяцей ва ўзросце да трох месяцаў, прызначаецца дапамога па цяжарнасці і родах. Дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца на 70 каляндарных дзён з дня ўсынаўлення.

Калі вы ўсынавілі дзіця ва ўзросце да шасці месяцаў

Згодна з артыкулам 11 Закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей», права на дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці маюць маці ці бацька дзіцяці, а таксама асоба, якая ўсынавіла дзіця ва ўзросце да 6 месяцаў. Гэта дапамога прызначаецца і выплачваецца на кожнае дзіця аднаразова пры нараджэнні альбо ўсынаўленні.

Выплаты прызначаюцца ў выпадку, калі дзіця на момант усынаўлення не дасягнула шасцімесячнага ўзросту. Калі пры ўсынаўленні рашэннем суда дзіцяці зменена дата нараджэння, але на момант усынаўлення яму было больш за шэсць месяцаў, такая дапамога не назначаецца.

Калі ўсыноўленае вамі дзіця малодшае за тры гады

Згодна з артыкулам 185 Працоўнага кодэкса Беларусі пры ўсынаўленні дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў усынавіцелю ці іншаму члену сям'і, які фактычна ажыццяўляе догляд за ўсыноўленым дзіцем, даецца водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў з захаваннем права на атрыманне штомесячнай дзяржаўнай дапамогі.

З 1 студзеня 2015 года ўстаноўлена штомесячная дапамога сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў — у памеры 50 % найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы.

Дата нараджэння дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў (да 1 студзеня 2015 года або пасля гэтай даты), а таксама занятасць альбо незанятасць бацькоў на права атрымання гэтай дапамогі не ўплываюць.

Калі ўсыноўленае вамі дзіця малодшае за 16 гадоў

Згодна з Указам Прэзідэнта № 330 ад 30.06.2014 года «Аб дзяржаўнай падтрымцы сем'яў, якія ўсынавілі (удачарылі) дзяцей» устаноўлены штомесячныя грашовыя выплаты на дзяцей, усыноўленых асобамі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

Такія выплаты ажыццяўляюцца са згоды ўсынавіцеляў з дня ўступлення ў сілу рашэння аб усынаўленні дзіцяці і да дасягнення ім узросту 16 гадоў, на падставе рашэння мясцовага выканкама. Для прызначэння выплат трэба звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган (аддзел адукацыі, спорту і турызму па месцы жыхарства).

Такія выплаты робяцца выключна па заяве ўсынавіцеляў. Пры гэтым Вольга Глінская рэкамендуе не зацягваць з падачай заявы і звяртацца па прызначэнне выплаты адразу пасля атрымання рашэння суда аб усынаўленні, новага пасведчання аб нараджэнні і рэгістрацыі дзіцяці па месцы жыхарства.
У гэтым выпадку выплата будзе прызначаная з моманту ўступлення ў сілу рашэння суда аб усынаўленні. Калі заява будзе пададзена нашмат пазней, выплаты прызначаць з моманту падачы такой заявы. Таксама варта мець на ўвазе, што паказаная выплата прызначаецца незалежна ад іншых выплат, на якія маюць права сем'і, што выхоўваюць дзяцей.

Таксама асобы, якія ўсынавілі дзіця ва ўзросце ад трох да 16 гадоў, маюць права на кароткачасовы водпуск без захавання заработнай платы тэрмінам да 90 каляндарных дзён на працягу шасці месяцаў з дня ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб усынаўленні. У выпадку выкарыстання ўсынавіцелем кароткачасовага водпуску без захавання зарплаты працягласцю не менш за 30 каляндарных дзён — штомесячныя грашовыя выплаты за першы месяц, што прыпадае на такі адпачынак, выплачваюцца ў падвойным памеры пры падачы ўсынавіцелем у мясцовы выканкам копіі загада аб адпачынку.

Калі ўсыноўленае вамі дзіця было біялагічным сіратой, гэта значыць, яго адзіны або абодва бацькі памерлі, у такім выпадку яно мела права на пенсію з прычыны страты карміцеля ці ўжо атрымлівала такую пенсію.

Пасля ўсынаўлення права на атрыманне пенсіі па страце карміцеля ў дзіцяці захоўваецца. Па пытанні пераафармлення (афармлення) такой пенсіі вам неабходна звярнуцца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне выканкама.

Права на сямейны капітал

Згодна з Указам Прэзідэнта № 572 ад 09.02.2015 года пры ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей, дата нараджэння якіх не раней чым 1 студзеня 2015 года, сям'і выдзяляюцца безнаяўныя грашовыя сродкі ў памеры 10 тысяч долараў ЗША — сямейны капітал. Майце на ўвазе, што сям'я можа рэалізаваць права на прызначэнне сямейнага капіталу адзін раз.

Святлана БУСЬКО

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як перазімаваць без праблем?

Як перазімаваць без праблем?

У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». 

Культура

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Шчаслівыя людзі рэдка пахваляюцца на ўвесь свет сваімі пачуццямі. 

Грамадства

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Ён стаў кі­раў­ні­ком рэс­пуб­лі­кі ў 28 га­доў. Праз дзе­ся­ці­год­дзе "ла­пат­ная Бе­ла­русь" ужо ме­ла на­цы­я­наль­ны ўні­вер­сі­тэт, Ака­дэ­мію на­вук і раз­ві­тую гас­па­дар­ку.