Вы тут

Калі цябе любяць


У вестыбюлі школы, дзе вучыцца старэйшая дачка, традыцыйна зладзілі выстаўку работ вучняў малодшых класаў, якія намалявалі сваіх матуль. Настаўніцы, медсёстры і ўрачы, бухгалтаркі, прадавачкі... Ёсць нават супрацоўніца Выдавецкага дома «Звязда» — і гэта нават не я, бо дачка ўсё ніяк не вырашыцца перадаць алоўкамі і фарбамі мой светлы вобраз ды вынесці карціну на публіку. (Затое дома захоўваюцца пачкі кардонак, аркушаў, папер і паперачак, размаляваных часам з абодвух бакоў самымі рознымі партрэтамі, ад крамзоляў «палка, палка, агурок» да незнаёмых прынцэс у каронах і пышных сукенках, якіх аб'ядноўвае толькі подпіс «мама».)


Зразумела, у школьнай партрэтнай галерэі ніхто не ацэньвае мастацкую вартасць работ, тут галоўнае — эмацыянальны пасыл. Час ад часу бачу, як бацькі з першаклашкамі спыняюцца каля сцяны і ўважліва разглядаюць выстаўку: нехта раўніва заўважае «а я лепш магу!», нехта просіць сфатаграфавацца на фоне, нехта натхняецца ўбачаным і абяцае вось сёння, хоць проста зараз, таксама намаляваць любімую мамачку ды бабулечку. А як прыемна і радасна да вільгаці ў вачах напярэдадні Дня маці бачыць малых, якія беражліва прыціскаюць да грудзей партрэты ці пластылінавыя букеты, ці самаробныя паштоўкі, ці букеты з восеньскіх кветак ды каляровай лістоты і гатовыя падзяліцца нават з незнаёмай дарослай цёткай: «Гэта я ма-а-аме нясу!»

Мая мама дагэтуль захоўвае ў шуфлядзе ў спецыяльным пакеціку частку нашых з сёстрамі падарункаў, сярод якіх і раддомаўскія рудыя біркі, і першыя малюнкі з дзіцячага садка, і выпалены на фанерцы, а потым старанна, хоць і не надта акуратна, расфарбаваны букет, і нейкія граматы ды падзякі, пра якія мы самі думаць забыліся, і бранзалет з пацерак, для вырабу якога давялося ўпотай распусціць некалькі нітак маміных жа пацеркавых караляў... Яшчэ гадоў 10—15 таму мы спрачаліся, ці варта ўсё гэта захоўваць, але мама цвёрда адказвае, што — так, варта, бо ўсе мы, незалежна ад узросту, застаёмся яе дзецьмі. «Вось свае з'явяцца — зразумееце», — з усмешкай пакідала яна за сабой апошняе слова. І, як вельмі часта бывае ў размовах бацькоў і дзяцей, мела рацыю. Цяпер ужо я сама старанна складаю ў шафу паперы і паперкі, бо гэта не макулатура, гэта — падарункі для мамы. І вельмі карысна часам, асабліва калі насварышся на дзіця і ў глыбіні душы разумееш уласную неправату, перабраць гэты запаветны стос, разабраць крывабокія літары... І наноў усвядоміць, што калі цябе так любяць, то трэба, хоць часам і складана, быць гэтага вартай і ў сваю чаргу паказваць дзецям, што ты іх — таксама, заўжды, не за штосьці, а па факту існавання...

Таму няхай сабе мама тэлефануе проста так, без справы і паўгадзіны расказвае рэцэпт нейкіх цуда-закатак з кабачкоў або суседскія навіны або нагадвае, што трэба надзець шапку — незалежна ад таго, 14 вам гадоў ці 44. Няхай сабе дзіця па пяць разоў на дзень задае ў тэлефон адно і тое ж пытанне: «Прывітанне, мама, як твае справы?» Усё добра. Усё будзе добра, пакуль вы ёсць і любіце адно аднаго.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

А калі і падрасце, то не больш чым на 0,5-1 працэнт.

Грамадства

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Неяк ранкам я знайшла ў сябе на кухні некалькі вос. 

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.