Вы тут

Адказнасць за малую радзіму


Чалавек прыходзіць у свет. Ягоны свет пакуль што невялічкі: людзі, падзеі, краявіды той мясціны, дзе ён нарадзіўся. Чалавек будзе расці, а спачатку такое вялізнае яго атачэнне — згортвацца і малець. Але ж менавіта яно, тое, што ўбачылася першым, застанецца на ўсё жыццё. Гэта яго малая радзіма.


Ідэя малой радзімы складае галоўны сэнс кнігі Івана Лакоткі «Маршруты беларускага турызму: гісторыка-культурныя ландшафты Беларусі», што выйшла ў Выдавецкім доме «Беларуская навука» (Мінск, 2018). Выданне прымеркавана да Года малой радзімы і расказвае пра вандроўкі па малых мястэчках, вёсках нашай краіны. Канцэпцыя яго заснаваная на разглядзе лакальна-рэкрэацыйных зон гістарычных мясцін. У ім апавядаецца пра помнікі гісторыі і культуры, аграсядзібы, прыродацэнныя тэрыторыі і розныя турыстычныя маршруты: водныя, пешыя, экалагічныя. Пазначаны цэнтры народнай творчасці, фальклорныя цэнтры і асяродкі народных абрадавых традыцый.

Зразумела, што госць з замежжа за колькі гадзін экскурсіі можа і не адчуць сапраўдны дух той ці іншай мясціны. Крыху болей шанцаў на спасціжэнне яе глыбіннай сутнасці з’явіцца ў тым выпадку, калі пра ўсё гэта ён прачытае загадзя. Таму аўтар удзяліў асаблівую ўвагу захаванню мясцовай тапанімікі і міфалогіі. Многія з лакальна-рэкрэацыйных зон маюць гістарычныя назвы, да якіх «прывязаны» цікавыя аповеды. Некаторым мясцінам аўтар даў свае назвы, абапіраючыся на ўласцівыя ім яркія рысы.

У кнізе падаецца спіс найбольш каштоўных помнікаў культуры. Іх каля тысячы: гэта помнікі архітэктуры, сядзібна-паркавага мастацтва, народнага аўтэнтычнага дойлідства.

Выданне забяспечана багатым ілюстрацыйным матэрыялам. 27 лакальных раёнаў праілюстраваны картамі, дзе пазначаны гісторыкакультурныя і прыродацэнныя асаблівасці.

Кніга ўяўляе сабой плён дзейнасці аўтара пачынаючы з 1970-х гадоў. Скончыўшы навучанне на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута, папрацаваўшы праекціроўшчыкам у майстэрні народнага архітэктара СССР Георгія Загорскага, Іван Лакотка быў уключаны ў працоўную групу па стварэнні музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. З тых часоў ён пабываў ва ўсіх раёнах Беларусі: рабіў здымкі, запісы, замалёўкі, чарцяжы. Многія з сабраных ім матэрыялаў увайшлі ў кнігу.

З часам робіцца зразумелым, што кожны мусіць прыкласці намаганні, каб месца, дзе ён нарадзіўся, хоць у чымсьці сталася лепшым. Каб чалавек адчуваў асабістую адказнасць за сваю малую радзіму. Вельмі важна, каб гэтыя раёны развіваліся эканамічна, каб не з’язджалі ў гарады іх жыхары, каб у душах людзей захоўвалася любоў да бацькоўскага дома, жаданне працягнуць традыцыі... Задача, пастаўленая аўтарам, маштабная: паказаць глыбіню і змястоўнасць ідэі малой радзімы. І кніга Івана Лакоткі ўдала працуе на гэтую ідэю.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM?