Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» традыцыйна расказваем пра самыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Беларускі занялі 5-е месца на маладзёжным (U-23) чэмпіянаце свету па баскетболе 3х3 у кітайскім Сіані.

Адзначым, нашы спартсменкі атрымалі тры перамогі ў папярэдняй групе В, а потым саступілі ў чвэрцьфінале аднагодкам з Расіі з лікам 15:19 і аказаліся на пятай выніковай пазіцыі сярод 20 удзельнікаў турніру.

Чэмпіёнкамі планеты сталі расіянкі, «серабро» ў каманды Японіі, бронзу заваявалі ўкраінкі. У мужчын таксама першынствавалі расійскія баскетбалісты, другое месца ў Латвіі, трэцімі фінішавалі венгры.

У дэбютным для беларусак сусветным першынстве за нацыянальную зборную пад кіраўніцтвам трэнера Юрыя Ваўка гулялі Арына Масько, Настасся Сушчык, Ганна Лапо і Сабіра Агаева.

Нагадаем, што баскетбол 3х3 уваходзіць у праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

2. Дзюдаіст Арцём Коласаў заваяваў першую залатую ўзнагароду для беларускай каманды на ІІІ летніх юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Буэнас-Айрэсе.

Спартсмен атрымаў перамогу ў вагавой катэгорыі да 55 кілаграмаў, у фінале беларус быў мацнейшы за прадстаўніка Манголіі Цемуджына Ганбургеда, атрымаўшы чыстую перамогу, — «іпон».

«Перамагчы на юнацкай Алімпіядзе — была мая мэта. Сапернікі годныя, асабліва ў фінале. Мангольскі дзюдаіст выдатна мяне выматаў, але я быў лепш настроены. Часта так адбываецца, што перамагае не той, хто мацнейшы тэхнічна, а той, хто настроіцца лепш», — пракаментаваў Арцём Коласаў.

3. Баксёр Кірыл Рэліх абараніў тытул чэмпіёна свету па версіі WBА.

У паядынку беларус па ачках адолеў расіяніна Эдуарда Траяноўскага ў вагавой катэгорыі 63,5 кілаграма.

Нагадаем, сёлета ў сакавіку Рэліх у Лас-Вегасе перамог кубінца Рансеса Бартэлемі і ўпершыню стаў чэмпіёнам свету.

У Сусветнай серыі бокса Рэліх працягне выступленне ў паўфінале. Яго сапернік вызначыцца 27 кастрычніка ў баі паміж Роджысам Прагрэйсам (ЗША) супраць брытанца Тэры Флэнагана. У гэтым турніры выступіць яшчэ адзін беларус, Іван Баранчык, які 27 кастрычніка ў чвэрцьфінале сустрэнецца ў паядынку за тытул чэмпіёна іншай версіі ІBF са шведам Энтані Ёгітам.

4. Завяршыліся матчы 24-га тура чэмпіянату краіны па футболе.

Мінскае «Дынама» ўпэўнена перайграла «Смалявічы» 2:0, футбалісты «Тарпеда-БелАЗ» разграмілі гродзенскі «Нёман» — 3:0. Вынікі астатніх сустрэч: «Іслач» — БАТЭ — 2:1, «Тарпеда» (Мінск) — «Мінск» — 1:0, «Гарадзея» — «Прамень» — 1:1, «Дняпро» — «Дынама» (Брэст) — 1:4, «Слуцк» — «Віцебск» — 0:2, «Гомель» — «Шахцёр» — 0:3.

Становішча ў групе лідараў: БАТЭ — 57 ачкоў (23 матчы), «Шахцёр» — 48 (23), «Дынама» (Мінск) — 48 (23), «Віцебск» — 47. Матчы 25-га тура адбудуцца 19—22 кастрычніка.

5. Гандбалісты БГК імя Мяшкова прайгралі ў Лізе чэмпіёнаў у дамашнім матчы венгерскаму «Веспрэму» — 28:29.

Наступны матч у самым прэстыжным клубным турніры мяшкоўцы правядуць 13 кастрычніка. На сваёй пляцоўцы яны прымуць іспанскую «Барселону».

Тым часам мінскі СКА пачаў выступленне ў розыгрышы Кубка ЕГФ. У першым матчы з партугальскім «Порту» армейцы былі слабейшыя за апанента 29:34. Сустрэча ў адказ адбудзецца ў суботу, 13 кастрычніка, у сталічным Палацы спорту.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Чэмпіянат свету як рэпетыцыя Гульняў-2019

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

Мінздароўя зацвердзіла канцэпцыю маніторынгу псіхалагічных рызык медработнікаў.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.