Вы тут

Сёння стартуюць ІІІ Юнацкія Алімпійскія гульні


Наша каманда адправілася ў Аргенціну яшчэ ў сераду, у яе склад увайшлі 37 спартсменаў і 18 трэнераў. Беларускія атлеты выступяць у 16 відах спорту: акрабатыка, барацьба, спартыўная гімнастыка, мастацкая гімнастыка, веславанне на байдарках і каноэ, акадэмічнае веславанне, дзюдо, лёгкая атлетыка, сучаснае пяцібор'е, стральба з лука, кулявая стральба, тэніс, настольны тэніс, парусны спорт, плаванне і скачкі на батуце.


Сярод галоўных прэтэндэнтаў на медалі ў Буэнас-Айрэсе плыўчыха Анастасія Шкурдай, якая ўжо не раз падымалася на п'едэсталы міжнародных спаборніцтваў, гімнастка Ганна Каменшчыкава, скакун на батуце Іван Літвіновіч, лёгкаатлеты Аляксей Александровіч і Ганна Зубкова.

На провадах каманды першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Андрэй Асташэвіч зачытаў удзельнікам спаборніцтваў пажаданні кіраўніка дзяржавы, прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандра Лукашэнкі. «Памятайце, абараняць спартыўную славу Беларусі — вялікі гонар. Перакананы, што вы пацвердзіце высокі ўзровень айчыннай сістэмы падрыхтоўкі атлетаў і годна прадставіце сваю Радзіму на юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Аргенціне». Прэзідэнт НАК выказаў надзею, што Гульні шырока расчыняць перад маладымі беларускімі атлетамі дзверы ў спорце найвышэйшых дасягненняў і стануць яркім пачаткам кар'еры.

ІІІ летнія юнацкія Алімпійскія гульні пройдуць у Буэнас-Айрэсе, гэта ўсяго другі выпадак пасля Рыа-2016, калі паўднёваамерыканскі горад прымае спаборніцтвы такога маштабу. Адзначым, што ў Аргенціне з'явяцца новаўвядзенні, якіх няма на дарослых Алімпіядах. На-
прыклад, лёгкая атлетыка будзе прадстаўлена ў незвычайным фармаце: за выключэннем кросу на 4000 метраў, у астатніх дысцыплінах не будзе фінальных раўндаў. Пераможцы і прызёры ў бегу, скачках і кіданні будуць вызначаныя па выніках дзвюх спроб.

Пасля працяглага перапынку ў алімпійскую праграму вяртаецца крос. Апошні раз спаборніцтвы па бегу па перасечанай мясцовасці праводзіліся на Алімпійскіх гульнях у 1924 годзе ў Парыжы. Лёгкаатлеты, якія спецыялізуюцца на дыстанцыях 1500, 2000 і 3000 метраў, пасля завяршэння сваёй асноўнай праграмы прабягуць крос, які вызначыць медалістаў.

У гімнастыцы пройдзе новае комплекснае каманднае спаборніцтва, у якім будуць удзельнічаць спартсмены з усіх чатырох гімнастычных дысцыплін: акрабатыкі, спартыўнай і мастацкай гімнастыкі, скачках на батуце.

У парусным спорце дэбютуе кайтсёрфінг. Удзельнікам трэба будзе зрабіць два заплывы, па выніках якіх найлепшыя кваліфікуюцца ў фінал.

Хакей на траве будзе прадстаўлены ў Буэнас-Айрэсе больш кароткай, але дынамічнай версіяй, вядомай як Hockey5s. Аналагічным чынам футбол заменены на футзал. Замест 40-хвілінных таймаў і 11 спартсменаў, якія гулялі на адкрытым паветры, як гэта было ў Сінгапуры і Нанкіне, каманды будуць праводзіць 20-хвілінныя таймы ў камандах з пяці чалавек у закрытым памяшканні. Гандбол, між тым, рухаецца ў іншы бок з увядзеннем пляжнай версіі, усе гульні пройдуць на пяску. Веласіпедысты змогуць выступіць у трох дысцыплінах: крытэрыуме, гонцы на 60 кіламетраў і індывідуальнай гонцы з раздзельным стартам. Гэта дазволіць ім набраць як мага больш ачкоў для сваёй каманды.

Таксама ўпершыню пройдуць спаборніцтвы па BMX-фрыстайле, якія ўжо ўвайшлі ў праграму Гульняў-2020 у Токіа.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

Мінздароўя зацвердзіла канцэпцыю маніторынгу псіхалагічных рызык медработнікаў.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.