Вы тут

Тона сырнікаў на фоне жоўтай лістоты


Гэтым разам хацела напісаць сумнавата-восеньскія нататкі пра раптоўнае пахаладанне, усплёск прастудных захворванняў, якія зваліліся разам з холадам на нашы галовы пасля такога лагоднага лета, і адпаведны настрой. Але каляжанка, якая толькі здолела «выпаўзці» з бальнічнага, прыслала паведамленне. Цытую дакладна: «Света, напішы, што лета прайшло, а ты так і не з'ездзіла да акіяна. І наогул не паспела ажыццявіць большую частку летніх планаў. Ты іх пакуеш у старыя кардонкі разам з летнімі сукенкамі. І верыш, што ў наступны год табе нішто не перашкодзіць іх ажыццявіць». Хораша напісала, душэўна, стыль крыху нагадаў мне ранняга Хемінгуэя...


І можна было б паразважаць пра няспраўджаныя мары, пра нашы жаданні і магчымасці, але праз месяц пасля кароткага водпуску падаецца, што гаспадарчыя справы, якія даводзілася рабіць у гэты час, сапраўды выглядалі неадкладнымі. А яшчэ не так і дрэнна было правесці, напрыклад, паўтара тыдня на дачы з сям'ёй.

У вясковай хаце, якая ўжо пяць гадоў служыць нам дачай, няма гарадскіх зручнасцяў. Таму нават прыгатаванне ежы, мыццё посуду, бялізны патрабуе больш клопатаў і намаганняў, чым падобны працэс у гарадской кватэры. Але гэтыя турботы з лішкам кампенсуе магчымасць цэлы дзень дыхаць свежым паветрам, любавацца гладыёлусамі ці флёксамі, вырашчанымі сваімі рукамі, а з наступленнем ночы ўбачыць сапраўднае зорнае неба.

Яшчэ ёсць магчымасць адчуць рэальнае вясковае жыццё ва ўсіх яго праяўленнях. Пра тое, што яно віруе і ўчастковы ды старшыня сельвыканкама ў якасці пасярэднікаў пры вырашэнні канфліктаў тут нярэдкія госці, як-небудзь другім разам. Зараз пра іншае. Ну, напрыклад, у горадзе мы даўно забыліся, што значыць па-суседску проста зайсці адно да аднаго без асаблівай прычыны. А тут гэта выглядае цалкам нармальным. Вясковая суседка можа зазірнуць, каб спытаць: «Ну што, пячэш сваю тону сырнікаў?» — «?!»

А яна ў адказ, маўляў, глядзела перадачу, у якой сказалі, што добрая гаспадыня за жыццё прыгатоўвае прыкладна тону сырнікаў. Я толькі ўсміхнулася, шчыра кажучы, спачатку не паверыла ў такую лічбу. А потым, старанна пераварочваючы тварожныя аладкі, стала падлічваць: у годзе 52 тыдні, а раз на тыдзень я абавязкова гатую гэтую страву, і калі ўся сям'я ў зборы, то і выходзіць недзе каля кілаграма. Значыць, за год будзе прыкладна 50 кілаграмаў, за дзесяць гадоў, адпаведна, — 500, ну а за дваццаць — тона. Аж крыху страшна стала ад такой арыфметыкі. Услед за ёй вымалёўваюцца цыстэрна супу, баршчу, катлет з тэфтэлямі, адбіўных, розных салатаў. Усяго па тоне, калі не больш. Вось гэта разлікі! І чаму ніхто не напісаў дысертацыю на тэму вытворчасці адной асобна ўзятай гаспадыняй прадуктаў харчавання? Яно вядома, пасля ўсебаковага аналізу названай тэмы магла б нахабна вылезці выснова наконт таго, ці варта траціць жыццё на вытворчасць і падачу на стол гэтых самых тон прадукцыі. Трэба сказаць, што цяперашнія маладзейшыя гаспадыні не асабліва замарочваюцца кулінарнымі практыкаваннямі. Зараз дастаткова паўфабрыкатаў, заўсёды можна заказаць смачную піцу, і табе прымчаць яе за паўгадзіны. Але той, хто дбае пра здароўе сваёй сям'і, усё ж аддае перавагу дамашняму прыгатаванню. Тым больш што цяпер на гэту тэму створана столькі дапаможнікаў, столькі падказак змешчана ў інтэрнэце! Ды і кожны канал, які сябе паважае, мае кулінарную праграму. Усе, нават самыя палітычна-арыентаваныя, газеты ну хоць бы адну калонку адводзяць рэцэптам. Так што нікуды мы не дзенемся, дзяўчаты, ад сваёй тоны сырнікаў. Ну а калі адну тону агораем — возьмемся за другую. Цяпер жа, калі дакучае восеньская прахалода, найлепш пячы яблычныя пірагі: і пах прыемны па ўсёй кватэры, і ў хаце цяплей ад разагрэтай духоўкі. Яблыкаў гэтым разам нарасло столькі, што нават лянівая гаспадыня мусіць нешта з імі зрабіць.

Ну а калі ўсё гэта надакучыць за доўгую зіму, то дачакаемся лета, і, як раіла каляжанка, дастанем з кардонкі летнія сукенкі з сарафанамі ды паедзем да акіяна. Летам спраўджваюцца нават самыя смелыя мары, асабліва наконт падарожжаў. Праўда, падарожнічаць можна і прыгожай восенню, калі жоўтая лістота, калі лятаюць павуцінкі. Летась давялося быць такой яркай парой у аграсядзібе «Каралінскі фальварак Тызенгаўза» каля Гродна. Асаблівая, скажу вам, атмасфера, думаецца пра ўзнёслае, адыходзяць на другі план праблемы. Так што абавязкова выбірайцеся куды-небудзь хоць на некалькі дзён, трэба ж адпачываць ад сырнікаў, і, як вобразна выказваецца мая аднакласніца, а зараз прафсаюзны лідар, ад вечнага агню пліты.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

А калі і падрасце, то не больш чым на 0,5-1 працэнт.

Грамадства

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Неяк ранкам я знайшла ў сябе на кухні некалькі вос. 

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.