Вы тут

Чыстае захапленне. Ізраілем Басавым


Падаецца, мы вельмі моцна прызвычаіліся параўноўваць сябе з некім іншым. Замежным, быццам бы лепшым. Аднак лепшыя яны ці не, пытанне спрэчнае. Як мінімум, адрозніваецца каларыт, таму ўсе папросту розныя. Беларуская Швейцарыя, беларускія Альпы, беларускія мастакі парыжскай школы. Можа быць, такая адсылка сапраўды дае некаторую агульную інфармацыю пра тое, што маецца на ўвазе. Аднак губляецца вельмі шмат нюансаў. А ў іх уся соль.


Учора, між іншым, быў дзень нараджэння аднаго з цэнтральных беларускіх мастакоў — Язэпа Драздовіча (130 гадоў). І вось я вельмі хацела напісаць, што хоць яго ні з кім не параўноўваюць, што ён адзін такі непаўторны — наш Язэп Драздовіч! Але высветлілася, што з такімі высновамі я паспяшалася. Толькі знайшла пару артыкулаў пра мастака ў сеціве — і адразу ж давялося прачытаць «беларускі Чурлёніс»... Скажыце шчыра, шаноўныя чытачы, хто з вас знаёмы з творамі Чурлёніса? Безумоўна, гэтага літоўскага творцу выдатна ведаюць людзі ў мастакоўскім асяроддзі проста ў сілу сваёй агульнай абазнанасці ў гэтай сферы. Але няма сумневаў, што імя Язэпа Драздовіча ў нас вядомае нашмат больш! Дык навошта гэтыя параўнанні?

Таксама думалася, што гэта калонка будзе цалкам пра Язэпа Драздовіча. Пра тое, што Драздовіч — гэта космас. І не толькі ў тым сэнсе, што ён распрацоўваў касмічную тэматыку, лічыў сябе празорліўцам і час ад часу пісаў прыдуманыя ўрбаністычныя пейзажы з Марса і іншых планет. Ён ствараў таксама і космас нашай гісторыі. На яго карцінах фігуруюць Усяслаў Чарадзей (некалькі карцін), Францыск Скарына (некалькі карцін), Францішак Багушэвіч. Па-мастацку ён увасабляў і гербы, іншыя сімвалы даўняй эпохі. Яшчэ адзін напрамак яго творчасці — маляваныя дываны, — такі кірунак мастацтва прынята называць наіўным. Такое яно — гранічна шчырае, калярова-спрошчанае, але ад таго не менш каштоўнае. Пагадзіцеся, вельмі цікавае суседства тэм: космас, наіўнасць, гісторыя... Тут ёсць над чым паразважаць.

Падаецца, пры ўсёй велічы творчай асобы Язэп Драздовіч яшчэ не да канца намі засвоены, усвядомлены, палюблены. Але відавочна, што працэс у гэтым кірунку распачаты. Напрыклад, па нядзелях у кастрычніку (і першую нядзелю лістапада) у Нацыянальным мастацкім музеі а 16-й гадзіне будуць ладзіцца розныя лекцыі пра Язэпа Драздовіча. І штосьці мне падказвае, што ахвотных іх паслухаць прыйдзе даволі шмат. Бо час настаў зірнуць нам на саміх сябе. І палюбіць.

На жаль, тыя, хто прыйдзе на Язэпа Драздовіча, ужо не пабачаць карцін Ізраіля Басава, якія віселі на іншым паверсе. З апошнім днём верасня выстаўка скончыла сваю работу — а было б вельмі добра яе працягнуць!

Вось што можна прачытаць пра гэтага мастака, яшчэ менш вядомага нам, у часопісе «pARTisan» за 2014 год: «Персанальная выстава беларускага мастака Ізраіля Басава адбылася ўжо пасля ягонай смерці. Творца, якога сёння называюць «другім Шагалам», «з'явай савецкага і постсавецкага мастацтва Беларусі», «звычайным геніем», на працягу 40 гадоў у савецкі перыяд не атрымліваў афіцыйнага прызнання. Двойчы ён звяртаўся ў Міністэрства культуры СССР з просьбай дазволіць яму паказаць людзям свае карціны.

У другім лісце, у 1987 годзе, за некалькі гадоў да сваёй смерці, мастак пісаў: «Я стары і за ўсё сваё жыццё ні разу не ўдзельнічаў ва ўсесаюзных выставах. Я лічу гэта несправядлівым і прашу вашага садзеяння для паказу ў Маскве хоць бы адной ці больш карцін...»

У тым жа часопісе давялося прачытаць яшчэ шмат нечаканых і крыўдных да слёз фактаў. Проста пералічу іх. Тагачаснае мастакоўскае асяроддзе не дазваляла Ізраілю Басаву выстаўляцца нідзе. Але аднойчы яны згадзіліся, каб ён зладзіў асабістую выстаўку. Закрытую, без прэсы і гледачоў! Гэта значыць, яны самі хацелі пабачыць яго карціны, але імкнуліся не дапусціць, каб іх убачылі іншыя! Неяк у Саюз мастакоў БССР прыйшоў ліст з Вільні — там хацелі арганізаваць выстаўку Басава (дзесьці ўсё-такі ўбачылі адну карціну). Але ліст папросту выкінулі, мастаку нічога не сказалі (гэта гісторыя стала вядомая значна пазней). Кажуць, што калі б Басаў жыў у той час у Маскве, то карціны яго маштабу там бы паказалі і пра іх нарэшце стала б вядома публіцы.

Я пра Ізраіля Басава даведалася з сеціва. То тыя, то гэтыя сябры ў сваіх стужках публікавалі некалькі карцін з выстаўкі і... заўсёды захопленыя водгукі! Пагадзіцеся, сарафаннае радыё ніколі не хлусіць. Тым больш размова не пра пэўны новы фільм, а пра выяўленчае мастацтва.

Асабіста я пазаўчора ўвечары забегла ў музей за сорак хвілін да закрыцця — хацела зірнуць на Драздовіча, перад тым як пісаць (яго выстаўляюць на другім паверсе). А Ізраіля Басава выстаўлялі на першым, я зайшла туды таксама. Ведаеце што, Басаў мяне проста скарыў. Пабыўшы побач з яго карцінамі ўсяго дзесяць хвілін, я адчула, што вось яно, сапраўднае мастацтва, — і ад яго я атрымліваю асалоду. У карцін неверагодная яркая, але пяшчотная колеравая гама. І ад саміх палоцен сыходзіць... пяшчота, любоў, дух творчасці, лёгкасць — так проста і не акрэсліць. На жаль, гэта быў апошні дзень, а дакладней вечар, работы выстаўкі.

Таму, рэзюмуючы, хочацца зрабіць дзве высновы. Па-першае, выбраць якую-небудзь нядзелю і пасля абеду завітаць на лекцыю пра Язэпа Драздовіча варта. Па-другое, тыя, хто мае такія паўнамоцтвы, працягніце работу выстаўкі Ізраіля Басава. Калі ласка. Бо мы хочам нарэшце пазнаёміцца з самімі сабой такімі, якіх не ведалі раней.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

Мінздароўя зацвердзіла канцэпцыю маніторынгу псіхалагічных рызык медработнікаў.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.