Вы тут

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі


«У жыцці вашых дзяцей, на жаль, будзе вельмі шмат людзей, якія паспрабуюць ім яго сапсаваць. І будзе вельмі шмат тых, у каго гэта атрымаецца: сярод іх будуць настаўнікі, выпадковыя знаёмыя, мужы, жонкі, сябры і гэтак далей. Таму прапаную вам стаць адзінымі людзьмі, якія не будуць псаваць дзецям жыццё, падумайце — адзінымі, хто апрыёры будзе на іх баку. Вы можаце з імі пасварыцца, паканфліктаваць, але сядзеце разам, абмяркуеце прычыну і застаняцеся на іх баку ў любой сітуацыі», — падвёў вынікі інтэрактыўнай лекцыі «Свабода ад выхавання. Глыбокая асабістая размова» Дзіма ЗІЦЕР, вядомы педагог-практык з Санкт-Пецярбурга, дырэктар Інстытута нефармальнай адукацыі ІNО, заснавальнік школы «Апельсін» (школы, дзе няма адзнак), аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па педагогіцы «Свабода ад выхавання», «Любіць нельга выхоўваць», «Аб бессэнсоўнасці выхавання падлеткаў» і іншых, спікер TЕDх, папулярны блогер і аўтар канала на YоuTubе.


Дзіма ЗІЦЕР: «Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…»

Прычына істэрыкі — булачка

У прадмове да адной са сваіх апошніх кніг ён напісаў: «Педагогіка — штука вельмі практычная. Часта мы нават не задумваемся пра тую ці іншую тэму, пакуль у нашым жыцці не ўзнікне нейкая канкрэтная сітуацыя, якая патрабуе ад нас імгненнай рэакцыі або па меншай меры асэнсавання». Тое, чым ён займаецца, Дзіма называе «педагагічнай творчасцю». А вось да слова «выхаванне» ставіцца з вялікай асцярожнасцю, кажа, што яно прыціскае як прэсам да зямлі і не дае падняцца. А насамрэч нічога не трэба рабіць — толькі любіць дзіця.

Дзяцей лічаць самай вялікай групай людзей, якая падвяргаецца дыскрымінацыі (па ўзросце), таму што іх меркаванне бацькоў мала цікавіць. «Вы не заўважалі, што дарослыя часта ставяцца да дзяцей, як да нязручнага аб'екта, які моцна ўскладняе іх бацькоўскае існаванне? — кажа педагог. — Як да назойлівай мухі, ад якой неабходна адбіцца, як да маленькага нягодніка, з якім трэба справіцца любой цаной, і які, у сваю чаргу, толькі і думае, як зрабіць наша жыццё невыносным... Як быццам бы мы — анёлы, якія ўсё разумеюць, а яны — нікчэмныя недаробкі, якіх трэба зрабіць зручнымі для ўласнага карыстання. Ды, зрэшты, і не дзеля карыстання. Так... абы не заміналі».

Нестандартных ці нават правакацыйных думак у Дзімы шмат, асабліва тады, калі разважае пра школу і настаўнікаў. Ён вельмі яркі, харызматычны лектар плюс вопытны псіхолаг, які віртуозна кіруе аўдыторыяй.

— Калі вы тут, значыць, у вас ёсць пытанні. Кажыце шчыра, навошта прыйшлі? Якія адказы жадаеце пачуць? — звярнуўся Дзіма Зіцер да бацькоў, якія суботнім вечарам завіталі на яго лекцыю. І фактычна адразу лекцыя-маналог перайшла ў дыялог.

«Майму адзінаму сыну дзевяць гадоў. І ў мяне ёсць праблемы. Я кантралюю кожны яго крок: ці з'еў ён суп, чым займаецца і гэтак далей. Я не даю дзіцяці ключы, таму што баюся, што ён іх згубіць...»

— Як правіла, бацькі якія прыходзяць на сустрэчу, разумеюць, што праблема не ў дзіцяці, а ў іх саміх, і вы з іх ліку, — канстатаваў педагог.

«Два браты: аднаму дзевяць гадоў, другому — 12. Яны пастаянна паміж сабой канкурыруюць. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што абодва займаюцца каратэ...»

«Хлопчыку сем гадоў, яго сястрычцы — чатыры. Старэйшы брат падаўляе сястру, прымушае рабіць тое, што яна не хоча. Баімся, што калі дачка вырасце, то заўсёды будзе падпарадкоўвацца больш моцнаму...»

«Як не прымушаць, а натхняць? І як зразумець, чаго насамрэч хоча дзіця? Да чаго яно цягнецца?»

Пытанняў у бацькоў шмат, што лішні раз пацвярджае — у праблемныя сітуацыі, хоць бы аднойчы, траплялі ўсе.

— У які б горад я ні прыехаў, паўсюдна назіраю наступную карціну: ідзе па вуліцы маці з дзіцем, трымае яго за руку. У другой руцэ ў малога булачка. Раптам тая падае на асфальт... і літаральна на вачах матуля ператвараецца ў дэмана. Як вы лічыце, ці нармальна для пяцігадовага чалавека ўпускаць з рук булачку? — цікавіцца ў бацькоўскай аўдыторыі Дзіма Зіцер. — Згодны, вядома, гэта нармальна. А што ў такім разе адбываецца з бацькамі? Вы кажаце, што гэта некантралюемы гнеў? А давайце крыху зменім уводныя даныя. Тая ж мама ідзе падчас абеду па вуліцы з начальнікам, і той упускае з рук булачку. Як вы думаеце, у яе будзе такая ж рэакцыя? Не? А чаму з дарослымі так нельга сябе паводзіць, а з дзецьмі можна? Чаму мы не лічым патрэбным сябе кантраляваць, калі побач з намі дзіця? Звычайна кажуць, што чалавек знаходзіўся ў стане афекту... Нічога падобнага. Мы шукаем рацыянальнае тлумачэнне і прыдумляем самі для сябе (як вы толькі што) усё новыя тлумачэнні ўласным недарэчным паводзінам: у нас мала грошай, гэта была апошняя булачка ў магазіне, не трэба было мяне раздражняць, быў складаны напружаны дзень і іншыя. А трэба проста заўважыць, што мы адчувалі фізічна напярэдадні нашага прыліву гневу: у нас станавіліся ватнымі рукі і ногі, перасыхала ў роце, ныла паясніца... Заўважыць, каб атрымаць ключ доступу да ўласных цялесных рэакцый. Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду. Усяго адзін секундны ўздых можа разбурыць гэтую рэакцыю. Калі хтосьці кажа, што ён не можа спыніцца, то кажа няпраўду — проста ён не спрабаваў гэта зрабіць. За секунду ты паспяваеш прыгадаць, як на цябе калісьці крычалі за тое ж самае. Паспяваеш зразумець, што не варта псаваць такі цудоўны дзець, не варта псаваць жыццё і дзіцяці, і самому сабе. А яшчэ, калі вы гневаецеся, падыдзіце да люстэрка і паглядзіце на сябе збоку. Я вам урачыста абяцаю, што гэта будзе для вас найлепшай тэрапіяй!

Спяваць ці маляваць?

— А вось вам яшчэ адна знаёмая сітуацыя, — кажа педагог. — Вы вяртаецеся з прагулкі па парку з дзіцем, накіроўваецеся на абед да бабулі. На выхадзе з парку дзіця раптам кажа: «Мама ці тата, купі мне марожанае». І ўсё, далей педагагічны калапс! Большасць маіх знаёмых у гэты момант як мінімум «завісаюць». А потым пачынаюць прыдумляць, чаму яны не купяць марожанае: ты страціш апетыт, у цябе горла забаліць і іншыя. І падобная сітуацыя: вы гуляеце па парку з каханым чалавекам. Той прыціскаецца да вас і кажа: «Хачу марожанае...» Што вы зробіце? Скажаце яму, што ты потым абедаць не будзеш? А калі маці ідзе ў супермаркет і бярэ з сабой дзіця, чаго яна ад яго чакае? Вы прыйшлі па пакупкі, а яно? Калі малечы тры-чатыры гады, для яго матуля і бацька — гэта багі. Яны робяць пакупку, і я раблю — кладу ў кошык сваё. І раптам нарываюся на жорсткае «не»!

Натуральна, што ў бацькоў узнікла тут жа мноства пытанняў. А ці трэба заўсёды казаць дзіцяці «Так»? Ці больш правільным было б прывучаць да думкі, што ты не заўсёды атрымліваеш у жыцці тое, што хочаш? Няўжо, калі я не куплю марожанае, у мяне сапсуюцца адносіны з малым? Як растлумачыць дзіцяці, што мама не можа скупіць увесь магазін? «Я хачу, каб у маёй дачкі выхоўваўся густ, каб яна не выбірала зялёныя боцікі пад чырвонае паліто...», — прызналася адна з матуль.

— Для таго каб чалавек навучыўся выбіраць, яму трэба вы-бі-раць! — падкрэслівае Дзіма Зіцер. — І бацькі сваім прыкладам фарміруюць яго густ 24 гадзіны ў суткі. Ёсць такое паняцце, як сямейная культура, і яно да пэўнага моманту — базіснае для дзіцяці. Вашы сын ці дачка кажуць: «Я хачу займацца спевамі...» Бацькі шчаслівыя: іх дзіця будзе спяваць!!! Але праз некалькі заняткаў яны чуюць: «Хачу займацца маляваннем...» Незадаволеныя маці і бацька кажуць: «Мы ўжо заплацілі за твае заняткі». А што насамрэч адбываецца? Дзіця вучыцца вы-бі-раць, яму трэба зразумець самога сябе, да чаго яно імкнецца, што яму бліжэй, што ў яго лепш атрымліваецца. Але вымушана падпарадкоўвацца, і адзіная выснова, якую яно зробіць, — мацнейшы заўсёды мае рацыю. І калі праз некалькі гадоў вы запытаецеся ў яго, а што цікава табе, то можаце пачуць у адказ: «Не ведаю... Калісьці было цікава маляваць, але цяпер я пяю...»

Калі пытаюся ў бацькоў, ці хочуць яны, каб дзіця ўмела адрозніваць голад ад сытасці, усе адказваюць: вядома, хочам. І тут жа прымушаюць яго даядаць суп. «Ці хочаце вы, каб у дзіцяці было ўсё добра з тэрмарэгуляцыяй?» — «Ты што, дурань, вядома, хочам». І тут жа надзяваюць на яго шапку. Ці можна хадзіць зімой без шапкі? Канешне, асабліва калі ты сам разумееш, што табе не холадна...

Жыццё дзіцяці не павінна складацца толькі з адмоў бацькоў. Чалавек, які расце ў парадыгме «можна», здольны бачыць, чуць і разумець. Ён здольны сказаць «магу, але не хачу» і наадварот «хачу, але зараз не варта». І калі вы скажаце дзіцяці «не», то гэта будзе пачута, магчыма, без задавальнення, але і без скандалаў.

На волю!

— Калі я кажу пра свабоду ад выхавання, то ўсе звычайна думаюць, што я маю на ўвазе дзяцей. А я кажу пра дарослых! Гэта мы знаходзімся ў палоне ў выхавання, — падкрэслівае педагог. — Я з'яўляюся бацькам трох дачок. Адной з іх 15 гадоў. Яна паабяцала вярнуцца дамоў аб 11-й гадзіне. Але ў пятнаццаць хвілін дванаццатай, а палове дванаццатай яе няма. Як сапраўдная Папялушка, з'яўляецца апоўначы. Ды яшчэ і ў выдатным настроі. За гэту гадзіну ты паспяваеш пракруціць у сваёй галаве ўсе самыя страшныя варыянты, што з ёй магло здарыцца. Але, увага! Гэта мой страх, і мне з ім разбірацца, а не ёй. Гэта частка майго бацькоўства. Я лічу правільным расказаць дачцэ пра свае страхі, калі яна вяртаецца позна, пра тое, што мне некамфортна ў стане, калі ў мяне а палове дванаццатай трасуцца рукі.

Напрыклад, можна дамовіцца аб sms з двух бакоў. У мяне, як у таты, безумоўна, ёсць права яе чакаць, хвалявацца і баяцца. Толькі з гэтага не вынікае, што калі дзіця прыходзіць дадому ў добрым настроі, першае, што яно атрымлівае, — разбурэнне гэтага настрою. А менавіта так і адбываецца раз за разам у падобных сітуацыях. Мы кідаемся на сваіх дзяцей!

Бацькі пацікавіліся меркаваннем педагога наконт бацькоўскага кантролю за інтэрнэтам і смартфонамі.

— Мая вам парада — ніколі гэтага не рабіце, бо калі дзіця даведаецца пра вашы спробы яго кантраляваць, то вы больш ніколі і нічога пра яго не даведаецеся. Кажу як ёсць: хочаце рызыкаваць — рызыкуйце, але мой абавязак — вас пра гэта папярэдзіць, — шчыра кажа Дзіма. — Гэта тое ж самае, што чытаць асабісты дзённік. Дарослых, як правіла, хвалюе, што ў інтэрнэце іх дзяцей падсцерагае небяспека ў выглядзе груп, накшталт сініх кітоў, педафілаў і парнаграфіі. Дык вось што я вам скажу: на сённяшні дзень няма ніводнага дзіцяці, якое зможа вырасці, не ўбачыўшы парнасайта. Чаму гэта цалкам выключана? А таму, што такі кантэнт лёгка даступны, таму, што падлетку гэта цікава і дае адказы на яго шматлікія пытанні. Нават калі мы з вамі ўвядзем усе бацькоўскія кантролі на свеце, адключым інтэрнэт, перарэжам правады, уберагчы дзяцей усё роўна не зможам. Той жа тэлефон аднакласніка за пару хвілін задаволіць любую цікаўнасць, прычым атрыманая інфармацыя будзе зусім не такой, як бы нам хацелася — і па форме, і па змесце, таму лепш сваё дзіця загадзя падрыхтаваць да такой сустрэчы. І пра секс, і пра парнаграфію, і пра наша стаўленне да іх дзеці павінны даведвацца ад нас.

«Мы часта думаем, што выхаванне — гэта работа, неабходнасць кантраляваць, забараняць, вучыць, выпраўляць, як нам падаецца, — жыць жыццём свайго дзіцяці. А навошта? Давайце паглядзім на дзяцей як на самастойных людзей. Запытаемся, што яны хочуць на сняданак, і ці насамрэч ім холадна? І тады для нас стане неверагоднай радасцю назіраць за тым, як яны растуць, як вучацца, як самі завязваюць шнуркі, як выбіраюць, што ім падабаецца есці, насіць, чытаць, — напісаў у сваёй кнізе «Любіць нельга выхоўваць» Дзіма Зіцер. — Як шкада прапусціць самае цікавае ў жыцці нашых дзяцей з прычыны навязанага нам правіла пастаянна кіраваць. Так шмат праходзіць міма з-за таго, што мы вымушаны іграць ролю выхавацеля замест таго, каб проста любіць. Гадаваць — значыць не адмаўляць сабе ў вялікім задавальненні назіраць за працэсам. Я ўпэўнены: гадаваць — бацькоўская свабода і радасць, выхоўваць — бацькоўская турма. Дык, можа, на волю?»

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Выхоўваць ці любіць?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

Эксперт: Да новага года рост цэн на нерухомасць спыніцца

А калі і падрасце, то не больш чым на 0,5-1 працэнт.

Грамадства

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?

Неяк ранкам я знайшла ў сябе на кухні некалькі вос. 

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.