Вы тут

Дзённік памяці


Сустрэла ў нядзелю ля свайго дома былога калегу. Жывём на суседніх вуліцах, але не бачыліся ўжо гады тры. Так што — не хочаш, дык мусіш — спынілася, дзеля ветлівасці запыталася, як справы. Ён, зухавата пераступаючы з нагі на нагу, пачаў расказваць, што ўжо на пенсіі, што не працуе нідзе, дый не хоча асабліва, што займаецца ўласным здароўем — ходзіць у паліклініку на працэдуры. Расказаў і пра тое, чым, напэўна, дагэтуль узрушаны і чым хочацца падзяліцца з усімі, нават проста са знаёмай, з якой усяго толькі калісьці разам працаваў.


Ён нядаўна ездзіў у іншы горад, на вечар сустрэчы ў сваю альма-матар. Іх сабралася там даволі шмат — аднакурснікаў, якім за шэсцьдзясят. Што само па сабе даволі цікава і ўразліва: столькі гадоў прайшло, раскідала іх па ўсім былым Саюзе. Многія змяніліся да непазнавальнасці. «А вось мяне ўсе пазналі, — хваліўся мой раптоўны суразмоўца. — Прозвішча не ўсе, праўда, памяталі, а вось па імені называлі ўсе. Адна кабета нават падышла і кажа: памятаеш, маўляў, Віця, як ты мне на трэцім курсе ў каханні прызнаваўся? А я стаю — і не тое што пра гэта ўспомніць не магу, а нават як яе завуць, не ведаю. І памятаю, што была ў мяне на трэцім курсе зазноба, але хто?.. Стаў у галаве перабіраць — а, кажу, канешне, гэта ж ты, Таня! А яна ніякая не Таня аказалася. І так пакрыўдзілася! Слёзы на вачах — бабуля ўжо, а як дзіця малое. І на банкет з нагоды сустрэчы не пайшла, хаця што тут такога — падумаеш, імя забыўся, дык колькі гадоў ужо прайшло. І, што характэрна, я так і не ўспомніў, як жа яе звалі, уяўляеш?»

Гаварыў ён гэта з такім непрыхаваным самалюбаваннем, што слухаць было няёмка. І шкада было тую невядомую пажылую ўжо жанчыну, якая праз гады пранесла ўспамін аб гэтым «прынцы», якая чакала гэтай сустрэчы, рыхтавалася да яе... А ён — пастарэлы, аблыселы, але ўсё роўна «прынц», не пазнаў, нават імя не ўспомніў. Крыўдна, і сталы ўзрост тут не паратунак ад гэтай крыўды. Наадварот — усведамленне, што столькі гадоў марыла ці проста думала пра нешта, як выявілася, абсалютна таго не вартае і з-за гэтага, можа, прапусціла, не заўважыла нечага вельмі важнага, таго, што было зусім побач...

Зрэшты, сюжэт вельмі нават тыповы, аснова для банальнай меладрамы. Але, мне здаецца, у ім няма «нягодніка» і «ахвяры». Хутчэй тут дарэчы еўтушэнкаўскае:
«У каждого — свой тайный личный мир. // Есть в мире этом самый лучший миг. // Есть в мире этом самый страшный час, // но это все неведомо для нас». У зухаватага пенсіянера Віці, несумненна, жыве ў душы і ў памяці адно ці некалькі жаночых імён і вобразаў, якія ён пранёс праз усю сваю біяграфію... Але што з гэтага той пакрыўджанай неТані, якая павезла з сабой з той сустрэчы вялізнае расчараванне і стрэмку ў сэрцы?..

Нядаўна мне падобную гісторыю расказала прыяцелька. Скардзілася на «мужчыну сваёй мары», з якім ужо колькі гадоў збліжаюцца-аддаляюцца і ні да чаго канкрэтнага не прыйшлі. «Уяўляеш, ён нядаўна стаў пра сваю цікавую камандзіроўку ўспамінаць, якая шмат гадоў назад была. А я нібыта слухаю ўважліва, усміхаюся, а сама слёзы глытаю. Бо ён забыўся, што, вярнуўшыся з гэтай камандзіроўкі, не павіншаваў мяне з днём нараджэння, хоць у той дзень мы і бачыліся. Для мяне гэта па маладосці такое гора было, што, здавалася, увесь свет абрушыцца, я дагэтуль як прыгадаю, што тады адчувала — душа ледзянее. А яму — як з гусі вада, толькі прыемныя ўспаміны аб плённай паездцы, за якую яго тады ўсе пахвалілі. І да мяне цяпер звяртаецца: скажы, маўляў, гэта было крута! Крута, мілы, крута, думаю. Так крута, што ледзь з жыццём не развіталася. Можа, варта было б сказаць яму пра гэта хаця б цяпер, каб ведаў?»

Кожны з нас піша свой «Дзённік памяці». І, на жаль, рэдка, вельмі рэдка, бывае так, як у аднайменным галівудскім фільме — калі ўспаміны ўсяго жыцця аднолькавыя на дваіх, калі «жылі шчасліва і памерлі ў адзін дзень». У рэальным жыцці ўсё больш жорстка, складана, заблытана — раптоўна аказваецца, што пакрыўдзіць, параніць ці нават абразіць вельмі блізкага або амаль незнаёмага чалавека (ці самому аказацца пакрыўджаным, параненым, абражаным) нашмат лягчэй, чым здаецца, — проста выцягнуўшы з гэтага «дзённіка» сваю інтэрпрэтацыю вашай агульнай гісторыі ці яе асобнага эпізоду.

Можа, у такім выпадку проста не чытаць свае «запісы» ўголас? З асабістымі дзённікамі, дарэчы, так рабіць і не прынята.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як перазімаваць без праблем?

Як перазімаваць без праблем?

У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». 

Культура

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Шчаслівыя людзі рэдка пахваляюцца на ўвесь свет сваімі пачуццямі. 

Грамадства

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Ён стаў кі­раў­ні­ком рэс­пуб­лі­кі ў 28 га­доў. Праз дзе­ся­ці­год­дзе "ла­пат­ная Бе­ла­русь" ужо ме­ла на­цы­я­наль­ны ўні­вер­сі­тэт, Ака­дэ­мію на­вук і раз­ві­тую гас­па­дар­ку.