Вы тут

Уладзімір Цвірка. Хойнікі


Хваінка, хвойка, хваёвы гай, хвойнік... Нешта нагадвае? Так! Горад ёсць такі — Хойнікі, што ў Гомельскай вобласці. Невядома, па якой прычыне, аднак сёння літары «в» у назве няма. Магчыма, вы будзеце здзіўленыя, але ў пачатку XVI стагоддзя на гэтым месцы існавала вёска Хвойнікі, якая ўваходзіла ў склад Брагінскай воласці Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Цяпер ужо цяжка сказаць, чаму назва паселішча з цягам часу скарацілася на адну літару. Ды і ці ў гонар гэтага дрэва вёска пачала насіць такую назву?


Дакладна вядома, што гэтымі тутэйшымі валодалі шляхецкія роды Любецкіх, Бжазоўскіх, Вішнявецкіх ды Прозараў. З 1546 года Хойнікі ўжо мястэчка, якое хутка развівалася і пашырала гандлёвыя сувязі з суседзямі. Паўстала задача ўзвесці абарончыя збудаванні для аховы. На пачатку XVII стагоддзя Вішнявецкія пачалі будаваць на невысокім узвышшы на беразе рэчкі Квэсі драўляны замак — абарончую цытадэль, акружаную глыбокім ровам з вадой. У новым Хойніцкім замку мелася ўязная вежа з варотамі, да якіх з мястэчка, па дамбе праз пад’ёмны мост, вяла дарога. У двары замка мясціліся гаспадарчыя пабудовы, майстэрні па вырабе зброі, пякарня, жыллё. Драўляны абаронца неаднаразова аднаўляўся і рамантаваўся пасля шматлікіх войнаў. Канчаткова быў знішчаны ў канцы XVIII стагоддзя.

Што яшчэ існавала некалі ў Хойніках? Першы драўляны храм узвялі ў пачатку XVIII стагоддзя, а ў 1763 годзе на месцы струхлелай святыні збудавалі новую.

Адзін з уладальнікаў мястэчка, Караль Прозар, займаючы пасаду вялікага абознага ВКЛ, пабудаваў непадалёк ад былога замчышча вялізны драўляны палац, у якім меліся архіў, бібліятэка, розныя мастацкія каштоўнасці: пачынаючы карцінамі і заканчваючы калекцыяй зброі і рыцарскіх даспехаў. У свой час Караль быў вядомы як дзяржаўны і вайсковы дзеяч, ён браў актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні ў 1794 годзе пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. У 1812 годзе ўваходзіў у склад часовага ўраду ВКЛ, створанага па загадзе імператара Напалеона.

Каменны касцёл і капліца-пахавальня Прозараў пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў перадалі праваслаўным вернікам. Цяпер толькі старыя здымкі ды пісьмовыя звесткі захавалі былую прыгажосць ды непаўторнасць архітэктурных пабудоў.

Абавязкова трэба згадаць майстроў, якімі здаўна ганарыліся Хойнікі. На дзіва суседнім і замежным гандлярам тут была наладжана вытворчасць розных тканін. Цяжка было адарваць вочы ад вышыванак, выцінанак ды карунак ручной працы. Выраблялі тут і посуд з лыка, бяросты, лазы ды саломы.

Але пойдзем да старадаўняй архітэктурнай каштоўнасці былога мястэчка. У горадзе мяне сустрэла ўязная брама былой сядзібы. Тут нядаўна папрацавалі рэстаўратары, таму яна выглядае адначасова ўрачыста і гасцінна, запрашаючы прайсці ў глыбіню сядзібнага двара.

Адразу здзівіла, што ў дома другі колер — ён меў больш цёплыя адценні. Цяпер жа яго блакітныя сцены ў спалучэнні з цёмнай зелянінай старога парку за домам выглядаюць больш узнёсла і нават рамантычна на фоне шэрага неба.

У 1882 годзе і шматлікія ўладанні Караля Прозара, і само мястэчка набылі ў маёмасць заможныя купцы. Адзін з іх — Андрэй Аўраамаў — стаў гаспадаром Хойнікаў. І вось на падмурках Прозараўскага палаца, які быў ці то разбураны, ці то спалены падчас французскай кампаніі, новы гаспадар пабудаваў цагляны дом у два паверхі з кутняй вежай, якая ўзнеслася над пабудовай яшчэ на адзін паверх вышэй. Будоўлю, хутчэй за ўсё, завяршылі ў 1912 годзе. Адначасова за палацам, ізноў жа на аснове Прозараўскага парку, быў запланаваны новы парк пейзажнага тыпу.

Падчас майго шпацыру па парку і вакол сядзібнага дома пайшоў дробны дожджык. Горад сцішыўся. Прытуліўшыся адзін да аднаго, заблішчэлі асветленымі вокнамі дамы. Непрыкметна набліжаўся падвячорак, і я паспяшаўся да ўязной брамы, каля якой стаяла мая машына. Мяне чакаў родны дом, у якім я з прыемнасцю запалю святло, вярнуўшыся з далёкай дарогі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.