Вы тут

ТЭАРТ: лепшыя спектаклі Беларусі і замежжа


Сёлета VIII Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» сабраў калектывы з Беларусі, Паўднёвай Карэі, Францыі, Фінляндыі, В’етнама, Літвы, Латвіі, Польшчы, Бельгіі і Расіі. Аматары форуму ўжо добра засвоілі традыцыйнае падзяленне на секцыі: лепшыя беларускія спектаклі чакаюць у шоукейсе Belarus Open, дасягненні сучаснага тэатральнага мастацтва іншых краін пакажуць у межах міжнароднай праграмы, а «Школа ТЭАРТа» традыцыйна дапамагае тэатралам наладжваць камунікацыі і займацца ўзаемаадукацыяй. Гэтым разам паглядзець спектаклі форуму можна з 20 верасня па 16 кастрычніка.


ТЭАРТ: актыўнае

VIII Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пройдзе пад слоганам «Разгерметызацыя». Гэты тэрмін найлепш пасуе канцэпцыі «ТЭАРТа»: ва ўсе гады свайго існавання фестываль імкнуўся разбураць межы — не толькі паміж краінамі, але і ўнутраныя размежаванні паміж беларускімі тэатрамі. Форум — гэта пляцоўка для ўзаемадзеяння, магчымасць далучыцца як да сусветнага тэатральнага руху, так і да айчыннага, убачыць дасягненні калег і паказаць уласныя набыткі. Разгерметызацыя запланаваная па ўсіх напрамках, у тым ліку і на шляху «тэатр — глядач».

Для адкрыцця прафесійнай заслоны дзейнічае адукацыйная платформа «Школа ТЭАРТа». Яна ладзіць сустрэчы для людзей, якія цікавяцца тэатрам, арганізуе дыялог паміж экспертамі і гледачамі, уздымае надзённыя пытанні. Арганізатары сцвярджаюць, што ў 2018 годзе акцэнт праекта — на пераадоленні нацыянальных, моўных, культурных і сацыяльных межаў. «Школа ТЭАРТа» нездарма абрала ў якасці дэвіза словы «Чуць. Бачыць. Казаць»: тут пануе спрыяльнае для самарэалізацыі асяроддзе, якое можа не толькі падштурхнуць прыходзіць на спектаклі ў якасці гледача, але і абудзіць жаданне выказвацца на правах паўнавартаснага ўдзельніка імпрэзы. Натуральна, пачынаць працу ў гэтым кірунку трэба як мага раней. Напэўна, менавіта таму ў фокусе «Школы ТЭАРТа» гэтым разам — моладзь: палова мерапрыемстваў скіравана на падлеткаў. Вучыць школьнікаў будуць у межах праекта «“Ў”» майстэрні. Детские творческие мастерские» ад Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», дзе над развіццём майстэрняў працуюць Сафія Садоўская, Вольга Мжэльская, Ірына Лукашэнка і мастак Bazinato. Майстар-клас па ценявым тэатры правядзе актрыса і рэжысёр, тэатральны педагог (рыхтавала воркшопы ў розных гарадах Беларусі і Польшчы), былы кіраўнік тэатра ценяў «Светильник» Алена Штык. Яе адукацыйная праграма — гэта ценявы тэатр для дзяцей па матывах казак пра беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя. Па выніках майстар-класаў удзельнікі курса прыдумаюць і падрыхтуюць уласны спектакль. Для старэйшых школьнікаў запланаваны інтэнсіў па сучасным танцы (5 заняткаў па 4 гадзіны) ад актрысы і галоўнага харэографа Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, заснавальніка SKVO’S DANCE COMPANY Вольгі Скварцовай, чые работы з’яўляюцца як на сцэне тэатра, так і на незалежных культурных пляцоўках Мінска.

Для дарослых аматараў тэатра прапануюць сустрэчу з беларускім драматургам і сцэнарыстам Паўлам Пражко і калектывам спектакля «Тры сястры» (Расія). Сустрэча «Пражко аб Пражко. Дыялогі», якая ладзіцца ў будынку «ОК16», пазнаёміць усіх ахвотных з беларускім драматургам, што ўздымае вострыя пытанні, дасць магчымасць убачыць развіццё тэатра з пункту гледжання чалавека, чые п’есы ставяцца ў тэатрах постсавецкай прасторы і Заходняй Еўропы, перакладаюцца на замежныя мовы, адзначаюцца тэатральнымі крытыкамі з розных краін. Новыя тэатральныя павевы прадставіць і творчая група спектакля «Тры сястры». Расійскі калектыў раскажа пра магчымасці стварэння спектакляў у безбар’ерным асяроддзі, універсальнасці мовы пастановак і сваёй інтэрпрэтацыі класічнага чэхаўскага сюжэта.

ТЭАРТ: нацыянальнае

Найбуйнейшы тэатральны форум краіны адкрываецца шоукейсам Belarus Open. Шоукейс мае на ўвазе за некалькі дзён паказаць лепшыя нацыянальныя тэатральныя набыткі мінулага сезона. Сёлета Belarus Open складаецца з 10 айчынных спектакляў, якія пакажуць гледачам з 20 па 24 верасня. Дзясятка лепшых фарміравалася тэатральным крытыкам, куратарам праграмы Людмілай Грамыка: яна разгледзела 35 заявак ад тэатральных калектываў з усёй краіны. У выніку атрымалася гарманічнае спалучэнне работ яркіх маладых рэжысёраў (Дзмітрыя Багаслаўскага, Яўгена Карняга, Аляксандра Марчанкі, Юры Дзівакова, Аляксандра Янушкевіча) і прызнаных прафесіяналаў рэжысёрскай справы — Мікалая Пінігіна, Аляксея Ляляўскага, Саўлюса Варнаса, Аляксандра Козака.

Спектаклем адкрыцця Belarus Open абралі запамінальную пастаноўку галоўнага рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалая Пінігіна «Рэвізор», прэм’ера якой стала сапраўднай тэатральнай падзеяй студзеня. Сярод адметнасцей спектакля — тэкст п’есы Мікалая Гогаля, перакладзены на «трасянку» (аўтар перакладу — Марыя Пушкіна), нетыповае месца дзеяння (беларускі раённы цэнтр 70 — 80-х гадоў), а таксама зорны склад з лепшых артыстаў Купалаўскага (сярод іх — заслужаная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік, любімец публікі Павел Харланчук і нядаўні юбіляр народны артыст Беларусі Віктар Манаеў). За пастаноўкай бессмяротнага рамана Мікалая Гогаля — шэдэўр айчыннага Песняра: 21 верасня на мінскай сцэне выступіць Брэсцкі тэатр лялек са спектаклем «Новая зямля» паводле паэмы Якуба Коласа (рэжысёр Аляксандр Янушкевіч). Гэта не адзіная лялечная пастаноўка праграмы: Беларускі дзяржаўны тэатр лялек і лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі рэжысёр Аляксей Ляляўскі прадставяць класічны спектакль Бертольта Брэхта «Mann ist mann», прэм’ера якога адбылася роўна год назад.

Прыедзе ў Мінск і новая пастаноўка літоўскага рэжысёра Саўлюса Варнаса з Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. У жанры монаспектакля: п’есу драматурга Івана Вырыпаева «Ліпень» увасобяць актрыса Юлія Ладзік (тэкст) і Аляксандр Арцем’еў (ударныя). Артыстам давядзецца добра папрацаваць: тых гледачоў, якія памятаюць папярэдні монаспектакль Саўлюса Варнаса «Смех у цемры» (па рамане Уладзіміра Набокава «Камера-абскура») і выключную аддачу акцёра Івана Труса, здзівіць будзе цяжка. Гэты жанр і ў Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы — з аўтарскім монаспектаклем «Дарожка мая», створаным па матэрыялах беларускага фальклору (пастаноўка Аляксандра Козака), выступіць лідар этна-трыа «Троіца» Іван Кірчук.

У адзін дзень, 22 верасня, пакажуць адразу дзве абраныя для ўдзелу ў форуме работы рэжысёра Яўгена Карняга — «Сёстры Граі» (Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка») і «Бетон» (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі). Кожны са спектакляў па-свойму ўнікальны і ў той жа час вылучаецца адмысловым творчым почыркам Яўгена Карняга. Абедзве работы не маюць слоў і адштурхоўваюцца ад міфаў Старажытнай Грэцыі. «Сёстры Граі» абралі гераінямі трох старажытнагрэчаскіх багінь Фаркід, якія слепа вяршаць чалавечыя лёсы; «Бетон» падаецца з пазіцыі міфа пра Арфея і Эўрыдыку: тут рэжысёр звяртаецца да экзістэнцыяльнай адзіноты сучаснага чалавека, дзе бетон — гэта і фон, і метафара, і бяздушны персанаж дзеі. 22 верасня можна ўбачыць і спектакль Дзмітрыя Багаслаўскага «Чалавек з Падольска» (Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр), створаны па п’есе-лаўрэаце Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая Маска» ў катэгорыі «Лепшая праца драматурга».

Апошнія два спектаклі беларускай праграмы — незалежныя праекты ад Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» па творах маладога беларускага драматурга Андрэя Іванова. Спектакль «З вучылішча» (аднайменная п’еса была намінаваная на «Залатую Маску» ў катэгорыі «Лепшая праца драматурга»), дзе перакрыжоўваюцца лёсы людзей з розных сацыяльных пластоў, пастаўлены рэжысёрам Аляксандрам Марчанкам. «Крыжовыпаходдзяцей» увасобіў на сцэне экстравагантны рэжысёр Юра Дзівакоў. У спектаклі рэальная сярэднявечная гісторыя дзіцячага крыжовага паходу пераўтвараецца ў інфернальны аповед, дзе разбураюцца ўсе глядацкія чаканні і кананічныя ўяўленні, а драматычны сюжэт спалучаецца з чорным гумарам і эксцэнтрычнай сцэнаграфіяй.

ТЭАРТ: Безбар’ернае

Краіны — ўдзельніцы міжнароднай праграмы прывезлі ў Мінск 9 па-свойму адметных і цікавых тэатральных пастановак. Першай сярод замежных спектакляў будзе сучасная адаптацыя п’есы Бертольта Брэхта «Вяселле» ад літоўскага рэжысёра Оскара Каршуноваса, які прыязджае на «ТЭАРТ» ужо пяты раз. «Вяселле» мае цікавую адметнасць: у залежнасці ад горада, які прымае пастаноўку, мяняюцца культурныя акцэнты дзеі. Прыкладам, у Пецярбургу гучалі песні ДДТ і жарты пра развадныя масты. Цікава даведацца, як бачыць беларускую культурную прастору Оскар Каршуновас.

Новую інтэрпрэтацыю чэхаўскай п’есы «Тры сястры» прывязе ў Мінск расійскі рэжысёр Цімафей Кулябін (Новасібірскі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр «Чырвоны факел»). Беларускі глядач добра прымае спектаклі Кулябіна: летась квіткі на яго пастаноўку «Іванаў» вельмі хутка разабралі. Спектакль, які рэжысёр пакажа сёлета, вылучаецца сярод іншых сваёй мовай: яго героі размаўляюць пры дапамозе жэстаў, а сцэнічная прастора замест слоў артыстаў поўніцца гукамі наваколля.

Адразу двума спектаклямі прадстаўлена на форуме Фінляндыя. Нацыянальны тэатр Фінляндыі і знакаміты рэжысёр Крысціян Смедс, лаўрэат найбуйнейшай театральнай прэміі «Еўропа — тэатру», прадэманструюць пастаноўку «Проста кіназдымкі» з вядучымі акцёрамі Венгрыі і Эстоніі — Анамарыяй Ланг і Юханам Ульфсакам. Дзякуючы сумеснай працы тэатраў «Клокрыкецэацэрн» ( Хельсінкі, Фінляндыя) і «На вуліцы Гертрудэс» (Рыга, Латвія) гледачы ўбачаць музычнае мак’юментары «Тры мушкецёры. На ўсход ад Вены» аб прыгодах трох мушкецёраў Атоса, Партоса і Араміса, якія прачнуліся ў Вене XXI стагоддзя.

Для прыхільнікаў танцаў праграма «ТЭАРТа» падрыхтавала адразу тры хараэграфічныя спектаклі. Два з іх належаць Польскаму тэатру танца (горад Познань): «CZTERDZIEŚCI (40)» ад найвядомейшага нарвежскага харэографа, рэжысёра і Сябра гільдыі пісьменнікаў Нарвегіі Джо Стрэмгена і заснаваную на традыцыйных рытуалах пастаральную пастаноўку «Жніво» (рэжысёр Ігар Гашкоўскі, харэаграфія Івоны Пасіньскай). Своеасаблівай экзотыкай стане для беларусаў выступленне паўднёвакарэйскага тэатра сучаснага танца «Мадэрн Тэйбл» (Сеул). Спектакль «Даркнес Пумба» распавядзе пра лёс вандроўных музыкаў з элементамі традыцыйнага карэйскага танца, наблізіць да далёкай ад Беларусі культуры Паўднёвай Карэі.

Напрыканцы Міжнароднай праграмы — спектаклі — ўдзельнікі Авіньёнскага тэатральнага фестывалю. Бельгійскі рэжысёр Ан-Сесіль Вандалем прапануе гледачам палітычны трылер «Арктыка» (Дас Фройляйн Компані, Нацыянальны тэатр Бельгіі і Нацыянальны тэатр Адэон (Парыж, Францыя)), сюжэт якога пераносіць аўдыторыю ў 2025 год, дзе ў Паўночным Ледавітым акіяне дзесьці паміж Грэнландыяй і Даніяй дрэйфуюць шасцёра пасажыраў. Спектакль «Сайгон» (рэжысёр Караліна Гуіела Нгуен) ад Тэатральнай кампаніі «Лез ОМЗ Апроксіматыф» пазнаёміць наведвальнікаў з паняццем «замежны в’етнамец», а таксама адлюструе рэжысёрскі погляд на жыццё в’етнамскіх эмігрантаў у Францыі. 16 кастрычніка ў культурным інкубатары «ОК16» усе ўдзельнікі форуму збяруцца на закрыццё фестывалю «ТЭАРТ. Разгерметызацыя», каб абмеркаваць паказаныя спектаклі.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Адкрытасць, еднасць, дыялог

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.