Вы тут

Алена Русакевіч. Фантастыка ў сучасным мастацтве Беларусі


У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь праходзіць выстаўка «Ірэальнае ў сучасным беларускім мастацтве», дзе прадстаўлены творы з музейнай калекцыі НЦСМ РБ. Экспазіцыя складаецца з работ знакамітых сучасных беларускіх аўтараў. Арганізатары прапануюць пазнаёміцца з фантастычным светам, які адлюстроўваюць у сваіх творах айчынныя мастакі. На выстаўцы прадстаўлены жывапіс, графіка і скульптура, у якіх візуалізуюцца самыя нетрывіяльныя вобразы, што ўзнікаюць у галаве творчай асобы, пераказваюцца або пераасэнсоўваюцца сюжэты з беларускага народнага фальклору, хрысціянскай і антычнай міфалогіі.


Нягледзячы на вузкую тэматычную накіраванасць, выстаўка дае магчымасць пазнаёміцца з цэлым пластом сучаснага мастацтва Беларусі. Прадстаўлены творы аўтараў, творчасць якіх фарміруе сучаснае культурнае асяроддзе і мае ролю своеасаблівага камертона, які ўплывае на развіццё мастацтва ў краіне.

У эксплікацыі да выстаўкі гаворыцца пра фантастыку ў візуальным мастацтве як пра нацыянальны брэнд. Сапраўды, практычна на любой выстаўцы твораў беларускіх аўтараў канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя можна сустрэць розныя сімвалы, знакі і сюжэты, якія адсылаюць да старажытнай міфалогіі і фальклору. З аднаго боку, стварэнне нацыянальнага брэнда ў мастацтве — гэта плюс. Але з іншага — гэта фарміруе зацыкленасць аўтараў на некаторых выяўленчых сродках.

Даволі часта глядач, які прыходзіць на выстаўку сучаснага беларускага мастацтва, сярод шматлікіх дамавікоў, вавілонскіх вежаў і ладзей толькі зрэдку можа сустрэць творы, якія размаўляюць з ім новай мастацкай мовай. У такіх відах сучаснага мастацтва Беларусі, як жывапіс, графіка і скульптура, развіццё аўтарскай канцэпцыі нярэдка замыкаецца на адных і тых жа персанажах, аб’ектах і метафарах. Натуральна, існуе мноства ўніверсальных ісцін, якія будуць папулярныя ва ўсе часы. Аднак сучасны свет дыктуе новыя тэмы і сюжэты, і трэба адзначыць, што многія аўтары звяртаюцца ў сваёй творчасці да іх адлюстравання. Але, на жаль, спосабы выкладання ідэі часта застаюцца такімі ж, як і сорак гадоў назад. Папулярнасць этнічных матываў у мастацтве канца ХХ стагоддзя было апраўдана сацыяльна-палітычнымі фактарамі. Зразумела, не трэба забываць пра персанажаў з нацыянальнага фальклору. Але чаму б маладым мастакам пераасэнсоўваць не толькі класічныя для беларускага мастацтва сюжэты, але і формы іх выкладання?

У выніку атрымліваецца: як пра нацыянальны брэнд сёння можна гаварыць не пра фантастыку, а пра метады, якімі многія аўтары ўжо якое дзесяцігоддзе карыстаюцца ў сваёй творчасці. Аднастайнасць і беднасць мастацкіх сродкаў могуць прывесці да абясцэньвання гэтых твораў. Бо за сценамі выставачнай залы, якую наведвае публіка, аб’яднаная любоўю да такіх сюжэтаў, падобныя творы рызыкуюць застацца нецікавымі. І варта ўлічваць той факт, што гэта не толькі пытанне актуалізацыі і папулярызацыі сучаснага мастацтва Беларусі. Гэта яшчэ і пытанне вызначэння статусу такіх відаў мастацтва, як жывапіс, графіка і скульптура, у сучасным творчым асяроддзі краіны.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.