Вы тут

Віталь Смірноў: ЖКП павінны быць дакладна і зразумела прапісаны для ўсіх


Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі падрыхтавала некалькі новаўвядзенняў, цікавых з пункту гледжання звычайных грамадзян — спажыўцоў паслуг. Пра тое, як яны рэалізоўваюцца на практыцы, у інтэрв'ю карэспандэнту БелТА расказаў намеснік міністра ЖКГ Віталь Смірноў.


— Віталь Аляксеевіч, жыллёвыя субсідыі па выяўляльным прынцыпе цяпер могуць атрымліваць яшчэ больш грамадзян. Калі адпаведныя сумы з'явяцца ў іх паведамленнях?

— Субсідыі для новых катэгорый грамадзян ужо з'явіліся ў рахунках-паведамленнях у жніўні — за ліпень. Гаворка ідзе пра асоб, якія даглядаюць дзяцей да трох гадоў, інвалідаў да 18 гадоў, інвалідаў І групы і людзей, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту. Прычым ім не
трэба збіраць даведкі, кудысьці хадзіць — субсідыя аўтаматычна налічваецца і падаўжаецца. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны перадало ў АРІП усю неабходную інфармацыю са сваіх актуальных баз.

Асноўныя ўмовы прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый засталіся ранейшымі. Яны налічваюцца, калі на аплату ЖКП без перавышэння нарматываў спажывання ідзе больш чым 20 % даходаў гарадской або 15 % даходаў сельскай сям'і.

— З 29 кастрычніка пачне дзейнічаць адміністрацыйная адказнасць за лішнія сумы ў паведамленнях. Куды звяртацца жыхарам пры іх выяўленні і якім чынам будзе кантралявацца правільнасць налічэння платы?

— Такі кантроль з боку мясцовых выканаўчых органаў быў заўсёды. Аднак да апошняга часу пры выяўленні рахункаў-паведамленняў неадпаведнай формы адказныя службовыя асобы не неслі ніякага пакарання.

Важна ведаць, што ўсе дадатковыя паслугі могуць аказвацца толькі на падставе заключанага са спажыўцом індывідуальнага дагавора, пры гэтым жыхары маюць права адмовіцца ад такіх паслуг. На практыцы ж бывае, што людзей не праінфармавалі, дагавор не заключалі, але плату налічваюць. Гэта незаконна.

Пры выяўленні лішніх сум у паведамленні можна звярнуцца ў мясцовы выканкам або адміністрацыю адпаведнага раёна горада. Калі факт правапарушэння пацвердзіцца, то на вінаватую службовую асобу павінен быць складзены адміністрацыйны пратакол. Справы аб такіх правапарушэннях будуць разглядаць спецыяльна створаныя камісіі. Нельга выключаць, што злога намеру тут не было, у разлікі магла закрасціся памылка. У кожным выпадку неабходна праводзіць расследаванне і прымаць узважанае рашэнне. Санкцыі адпаведнага артыкула 11.83 КаАП Беларусі прадугледжваюць папярэджанне альбо штраф у памеры 2 базавых велічынь пры першым выпадку парушэння і пры паўторным на працягу года — ад 4 да 10 базавых велічынь.

— А які механізм дзейнічае, калі жыллёва-камунальная паслуга аказана няякасна, напрыклад, з крана льецца ржавая вада?

— Падыходы па рэагаванні пры няякасным аказанні жыллёва-камунальных паслуг вызначаны, аднак яны павінны быць дакладна і зразумела прапісаны для ўсіх удзельнікаў працэсу. Міністэрства працуе над заканадаўчым актам, які спросціць працэдуру абароны правоў спажыўца ЖКП і ўзмоцніць адказнасць пастаўшчыкоў за няякаснае аказанне паслуг. Неабходны папраўкі і ў закон аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг, і ў прынятую ў яго развіццё пастанову Савета Міністраў № 99.

Сёння прадугледжваецца магчымасць пераразліку платы за аказаныя паслугі альбо зніжэнне яе кошту. Акрамя таго, заканадаўствам прадугледжаны зніжкі на асобныя віды камунальных паслуг, напрыклад, калі адсутнічае цыркуляцыя гарачага водазабеспячэння ў сушыльніках ручнікоў у летні перыяд. У гэтым віны пастаўшчыка няма, для вырашэння праблемы ў такіх дамах патрабуецца капітальны рамонт, замена сістэмы гарачага водазабеспячэння.

— Наколькі паспяхова арганізацыі ЖКГ працуюць над зніжэннем затрат на аказанне паслуг?

— Гэта пастаянная праца. З 2010 па 2017 год эканомія выдаткаў па сістэме ЖКГ склала Br744,85 млн. Асноўны ўпор робіцца на скарачэнне спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў, пераход на мясцовыя віды паліва, зніжэнне страт цеплавой энергіі і вады. З укараненнем механізму дыферэнцыраванай аплаты насельніцтвам паслуг вода-, электра- і газазабеспячэння ў залежнасці ад аб'ёмаў іх спажывання хатнія гаспадаркі сталі нашмат больш актыўна эканоміць рэсурсы. Толькі за 2017 год спажыванне вады, напрыклад, знізілася
на 8,2 млн куб. м, што раўназначна гадавому спажыванню такога горада, як Мазыр.

— У Мінску ўведзены дыферэнцыраваныя тарыфы на вываз смецця ў залежнасці ад наяўнасці трубаправода. Калі і ў якіх гарадах плануецца пашырыць гэтае новаўвядзенне?

— Такія тарыфы сёлета ўжо ўведзены рашэннямі ўсіх аблвыканкамаў, за выключэннем Гомельскага. У гэтым рэгіёне ўжо на працягу некалькіх гадоў няма ніводнага дома з дзеючым смеццеправодам.

Для тых, у каго няма смеццеправода, тарыф меншы, чым для тых, хто жыве ў дамах са смеццеправодам. Так, у Мінску субсідуемыя тарыфы складаюць Br6,0055 і Br7,7430 за 1 куб. м адпаведна, у рэгіёнах — Br7,5483 і Br8,8076 за 1 куб. м.

Вопыт паказвае, што пасля таго, як у дамах заварваюць смеццеправоды, хоць не нашмат, але павялічваецца доля здабывання другасных матэрыяльных рэсурсаў. У чалавека з'яўляецца магчымасць паасобнага збору смецця. У гэтым кірунку трэба рухацца далей.

Наогул, выкарыстанне смеццеправодаў не вітаецца ва ўсім свеце. Гэта было прыдумана ў Савецкім Саюзе, калі не надта задумваліся аб асобным зборы цвёрдых камунальных адходаў, выманні другасных матэрыяльных рэсурсаў. Хоць у той час ужо была дэпазітна-закладная сістэма збору шкляной тары. Па сутнасці, на звалках такой тары практычна не было. Зараз у гэтым плане сітуацыя ўскладнілася — з'явілася вялікая колькасць упаковак з розных матэрыялаў. Палігоны заваленыя смеццем, якое можна запусціць у другасны абарот і палепшыць экалагічную абстаноўку.

— У якім стане цяпер укараненне ў Беларусі дэпазітна-закладной сістэмы абыходжання тары?

— Працуе міжведамасная рабочая група, экспертны савет спецыялістаў, бізнес-супольнасці. Ужо падрыхтаваны шэраг нарматыўных дакументаў, распрацавана канцэпцыя, выканана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, якое пацвердзіла магчымасць рэалізацыі такога праекта ў нашай краіне. Плануецца ўкараняць гэтую сістэму з прыцягненнем інвестара, які прапануе аптымальны варыянт. Ён будзе вызначаны па конкурсе.

Дэпазітна-закладная сістэма дапоўніць існуючы раздзельны збор другасных матэрыяльных рэсурсаў. Мяркуецца, што на ўсю тару аб'ёмам да трох літраў будзе ўстаноўлены закладны кошт. Выпіўшы, скажам, сок, спажывец можа выкінуць пустую тару ў кантэйнер і страціць суму закладу або здаць у тарамат, устаноўлены ў магазіне, і вярнуць яе. Такім чынам, сума закладу не павялічвае затраты спажыўца. Стаіць задача арганізаваць гэты працэс так, каб чалавеку з любым узроўнем даходаў было не сорамна прыйсці і здаць тару.

Эканамічнае стымуляванне вярнуць пустую тару дае новай сістэме перавагі, галоўная з якіх — яе высокая эфектыўнасць. У перапрацоўку можа вяртацца да 80 % выкарыстанай упакоўкі, што ў тры разы вышэй за ўжо дасягнуты ў Беларусі паказчык. Чакаецца таксама зніжэнне выдаткаў у сістэме збору цвёрдых камунальных адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў на 15—30 %.

— Яшчэ адзін праект прадугледжвае ўдзел сродкаў грамадзян — цеплавая мадэрнізацыя шматкватэрных дамоў...

— Адпаведны праект указа ў асноўным адобраны рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання. Цяпер дапрацоўваюцца асобныя нормы. Мяркуецца грамадскае абмеркаванне.

У Беларусі ёсць дамы, энергаспажыванне якіх можа знізіцца напалову пасля кваліфікаванага правядзення энергаэфектыўных мерапрыемстваў, і гэта не толькі цеплавая мадэрнізацыя. Сэнс такіх мерапрыемстваў заключаецца ў памяншэнні спажывання ўсіх відаў энергіі. Гаворка ідзе пра выкарыстанне святлодыёдных лямпаў, сістэм рэгулявання падачы цяпла, прыбораў уліку, уцяпленне даху, сценавых канструкцый, замену вокнаў. Пры гэтым уласнікі жылля павінны быць у першую чаргу зацікаўленыя ў паляпшэнні яго спажывецкіх якасцяў і фінансава ўдзельнічаць у рэалізацыі гэтых мерапрыемстваў. Але паколькі яны дастаткова стратныя, разглядаецца магчымасць дзяржпадтрымкі ў выглядзе крэдытавання, магчымасці растэрміноўкі плацяжоў і іншых фінансавых механізмаў.

Акрамя таго, цяпер сумесна з дэпутацкім корпусам вядзецца работа над унясеннем змяненняў у Жыллёвы кодэкс. Сутнасць змяненняў у тым, каб мінімізаваць неабходнасць выкарыстання іншых нарматыўных дакументаў. Жыллёвы кодэкс павінен стаць своеасаблівай канстытуцыяй для сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Загаловак у газеце: «Жыллёва-камунальныя паслугі павінны быць дакладна і зразумела прапісаны для ўсіх»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.