25 Верасень, аўторак

Вы тут

Чаму гараць камбайны?


На гэтым тыдні падчас уборкі кукурузы ў Брэсцкай вобласці згарэлі два збожжаўборачныя камбайны.


Першы выпадак здарыўся 11 верасня ў Столінскім раёне каля вёскі Малыя Арлы. Калі камбайн рухаўся, з маторнага адсека пачуўся трэск, а пасля паваліў дым. Механізатар заглушыў рухавік і паспрабаваў патушыць пажар самастойна, але адолець агонь не змог. У выніку камбайн 2010 года вытворчасці знішчаны цалкам. А 12 верасня ў Бярозаўскім раёне ў полі таксама загарэўся кормаўборачны камбайн. Яго таксама адстаяць у полымя не ўдалося.

Разборам такіх здарэнняў займаюцца судовыя эксперты-пажаратэхнікі. Расказаць аб гэтым карэспандэнту «Звязды» пагадзіўся галоўны эксперт аддзела даследавання механізма гарэння ўпраўлення пажарна-тэхнічных экспертыз, даследавання нафтапрадуктаў і гаруча-змазачных матэрыялаў галоўнага ўпраўлення спецыяльных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Валерый Юнчыц.

— Уборачная кампанія дадае нам шмат работы. Большасць выпадкаў, калі патрабуецца наша заключэнне, звязана з узгараннямі сельскагаспадарчай тэхнікі на палях. Гэта камбайны, трактары, прэс-падборшчыкі... Хапае пажараў і на складскіх, сушыльных устаноўках. Але ў сумных лідарах усё-такі тэхніка. Калегі, у тым ліку з абласных упраўленняў, паведамляюць, што ўборачная тэхніка гарыць ледзь не кожны тыдзень.

Мы сутыкаліся з тым, што тэхніка выходзіла з завода з некаторымі канструкцыйнымі недахопамі. Гэта датычыцца, напрыклад, унутранай праводкі, электраабсталявання. Не заўжды яно выканана ў засцярожаным выглядзе, дзе-нідзе электрасетка пракладзена не зусім канструкцыйна. Вось так і атрымліваецца, што падчас эксплуатацыі адбываецца яе механічнае пашкоджанне. Кароткае замыканне — вось і пажар. Таксама мы сутыкаліся з тым, што на разагрэтыя да высокіх тэмператур канструкцыйныя элементы тэхнікі трапляюць эксплуатацыйныя гаручыя вадкасці, а таксама рэшткі адходаў пшаніцы або жыта пасля праходу камбайна. Гэтага таксама быць не павінна. Перыядычна мы разам з калегамі з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выязджалі на заводы-вытворцы, каб выявіць канструкцыйныя недахопы, якія і прывялі да ўзгарання тэхнікі. Праводзіліся нават сумесныя навукова-даследчыцкія работы.

Спякотнае надвор'е ўскладняе сітуацыю. Тэхніка працуе на гранічных нагрузках, прычым часта — суткамі. Гаручае асяроддзе, у тым ліку збожжавыя культуры, знаходзяцца ў пажаранебяспечным стане. Прычыны з нашай практыкі — трывіяльныя. Хтосьці неасцярожна пакурыў, кінуў недакурак — і пачалося тленне. Ці іскра з выхлапной трубы вылецела...

Неаднойчы мы сутыкаліся з сітуацыямі, калі адзін і той жа камбайн гарэў двойчы. Згадваю выпадак, які трапіў на маё даследаванне. Адбылося ў камбайне лакальнае ўзгаранне. Яго цішком адрамантавалі сваімі сіламі на механізаваным двары. Штосьці заляпілі ізаляцыйнай стужкай, зношаныя праваднікі замянілі «па-даўнейшаму» і выпусцілі тэхніку на поле. Як вынік — пажар.

Паказальны выпадак здарыўся летам у адной з гаспадарак. Там загарэўся камбайн нямецкай вытворчасці. Паліва трапіла з помпы высокага ціску на разагрэты калектар. Прыехалі спецыялісты з завода-вытворцы, паколькі выпадак яўна быў не шараговы. А высветлілася, што прычынай таму зусім не тэхналагічны брак, якога і не было, а... няякаснае абслугоўванне, якое праводзілася не па рэгламенце.

На пазамінулым тыдні ў адной з гаспадарак заклініла падшыпнік у прэс-падборшчыку. Якраз у гэты час ішло цюкаванне саломы. У небяспечнай зоне было шмат сухіх астаткаў, яны тут жа разагрэліся да небяспечнай тэмпературы і пачалі гарэць. Таксама падпаліць салому можа нават камень, які выпадкова трапіў у прэс-падборшчык. Цвёрдыя часцінкі яго адлятаюць на вельмі высокай хуткасці і высякаюць фрыкцыйныя іскры.

— Да таго ж у новай тэхніцы паліўныя бакі зроблены з палімераў, — працягвае Валерый Юнчыц. — Што стала прычынай такога рашэння — імкненне зрабіць больш таннай канструкцыю ці аблегчыць вагу, — сказаць немагчыма. У плане пажарнай бяспекі металічны корпус больш трывалы. Таму што ў выпадку разгерметызацыі паліўнага бака, дзе плешчацца, скажам, 200 літраў паліва, камбайн рызыкуе ўвогуле згарэць дашчэнту.

«Рэкордны аб'ём знішчанага сена на маёй памяці — 50 тон»

У зводкі пажараў падчас уборачнай трапляе не толькі тэхніка, але і ўжо сабраны ўраджай. Нярэдкія выпадкі, калі агонь знішчае з цяжкасцю сабранае збожжа тонамі. І ў попел ператвараецца праца многіх людзей.

— Збожжа і сена схільнае да мікрабіялагічнага самаўзгарання пры няправільных умовах захоўвання, — гаворыць Валерый Юнчыц. — Пры павышанай вільготнасці складваюцца ідэальныя ўмовы для развіцця тэрмафільных бактэрый. Пакуль яны жывуць, то выдзяляюць велізарную колькасць цяпла і могуць разагрэць тое ж сена да 80—90 градусаў. А прычына, як правіла, заключаецца ў тым, што ў сховішча адвезлі непрасушаную прадукцыю. Самы рэкордны знішчаны аб'ём з маёй практыкі — нешта каля 50 тон сена. І за сезон штогод адбываецца некалькі пажараў з падобнай шкодай.

Напрыклад, летась у Гомельскай вобласці запалала сховішча, дзе знаходзілася некалькі дзясяткаў тон сена. Экспертным шляхам разглядаліся дзве версіі — занесеная крыніца агню і самаўзгаранне. Цалкам выключыць магчымасць таго, што там нікога не было, нельга — перад кожным сенасховішчам у нас камеры пакуль не вісяць. Але час закладкі сена, вільготнасць унутры, якія адзначаліся ў журнале, сведчылі на карысць таго, што, хутчэй за ўсё, мог развіцца працэс самаўзгарання. Ачаг пажару знаходзіўся недзе ўнутры сена. Гэта таксама адна з прыкмет самаўзгарання.

Часцей сенасховішчы гараць не толькі з-за парушэння тэхналагічнага працэсу, але і з-за знешняй крыніцы агню. Разам з тым адказаць на пытанне, што ж менавіта там было — наўмысны падпал, кінуты неахайна недакурак — эксперт не можа, паколькі гэта работа следчых органаў.

— Як прыклад можна ўзяць сітуацыю ў адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці, — згадвае Валерый Юнчыц. — У закры-
тым сенасховішчы памерам 50 на 20 метраў захоўвалася сена на зіму. І вось яно загарэлася. Некалькі дзясяткаў тон сена, якія знаходзіліся ўнутры, агонь знішчыў. Будынак электрыфікаваны не быў. Органы следства знайшлі паблізу ачаговай зоны шкляныя бутэлькі. Была прызначана экспертыза, перада мной была пастаўлена задача высветліць ачаг і прычыну ўзгарання.

Я разглядаў тры найбольш праўдападобныя версіі. Гэта мікрабіялагічнае ўзгаранне, занесеная крыніца агню і, паколькі непадалёк былі знойдзены шкляныя бутэлькі, факусіроўка сонечных прамянёў. Я прыйшоў да высновы, што мікрабіялагічнае ўзгаранне выключаецца, паколькі пасля закладкі прайшоў даволі значны час, калі гэты працэс даўно б развіўся. Версія факусіроўкі сонечных прамянёў была таксама адкінута. Эксперыментальна даказана, што гэта магчыма толькі ў напоўненых вадой сасудах. Пустая тара, разбітыя шкельцы не могуць сфакусіраваць прамень так, каб у адной кропцы была сканцэнтравана энергія, якая магла б прывесці да ўзгарання сена. Метадам выключэння прычынай пажару засталася толькі занесеная крыніца ўзгарання.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.