Вы тут

Як будуць змяняцца бібліятэкі?


15 верасня будзе адзначацца Дзень бібліятэк. Чым не нагода зазірнуць у гэты дзень у бліжэйшыя бібліятэкі, прыемным словам прывітаць іх супрацоўнікаў — і, вядома, узяць добрую кнігу. А напярэдадні свята ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя. Размова атрымалася даволі сур'ёзная: гаварылі пра скарачэнне колькасці сельскіх бібліятэк, пра новыя формы працы, якіх вымагае час інфармацыйных тэхналогій, і пра павелічэнне цікавасці да беларускамоўнай літаратуры.


— У краіне налічваецца 2024 бібліятэкі, якія размяшчаюцца ў сельскай мясцовасці. Гэта каля 78 % ад агульнай колькасці, — адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Беларусі Сяргей БАЦЯН. — Пры гэтым у Беларусі налічваецца больш за 20 тысяч сельскіх населеных пунктаў, дзе пражывае больш за два мільёны насельніцтва — каля 22 % ад агульнай колькасці. Яшчэ з мінулага дзесяцігоддзя прасочваецца тэндэнцыя, якая сведчыць пра скарачэнне колькасці бібліятэк, у першую чаргу ў сельскай мясцовасці. За 2017 год колькасць публічных бібліятэк скарацілася на 3,4 %. Дарэчы, гэта менш, чым у мінулыя два гады, таму можна казаць пра пэўную стабілізацыю.

Спецыялісты кажуць, што скарачэнне колькасці бібліятэк у вёсках — вымушаная мера. Аднак жыхары такіх населеных пунктаў не застаюцца без кніг — раз на некалькі тыдняў да іх прыязджае бібліёбус, які прывозіць за раз каля сотні кніг.

Дырэктар Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі Іна ЮРЫК звярнула ўвагу на новыя формы працы:

— За мяжой сёння добра апраўдвае сябе такая форма працы, як гібрыдная бібліятэка. Яна дае доступ не толькі да кніжнага фонду, але і да электронных рэсурсаў, іншых паслуг. Да таго ж бібліятэка разглядаецца як прастора, так званае трэцяе месца. Трэба сказаць, што лічбавая няроўнасць з кожным годам павялічваецца. Сучасныя тэхналогіі — паўсюль. Валоданне інфармацыйнай адукацыяй, лічбавымі навыкамі — адна з самых важных кампетэнцый. Аднак далёка не ўсе сёння маюць доступ да інтэрнэту, валодаюць камп'ютарамі, гаджэтамі. Таму роля публічных бібліятэк у наш час — адаптацыя і магчымасць рэалізацыі права на доступ да інфармацыі. І нашы ўстановы робяць гэта бясплатна. Бібліятэчная сетка актыўна працуе з мясцовай супольнасцю, мы падтрымліваем розныя віды нефармальнай адукацыі. Да нас могуць прыходзіць працаваць фрылансеры (катэгорыя, якая даволі хутка расце). Бібліятэка адчынена, яна дае магчымасць спакойна папрацаваць, у тым ліку і са сваімі электроннымі прыладамі, у той жа час — скарыстацца кніжным фондам і электроннымі рэсурсамі. Чалавек можа арганізаваць сабе рабочае месца проста ў бібліятэцы, і гэта не кажучы пра задавальненне яго адукацыйных патрэб, культурных у тым ліку.

«Калі мы кажам пра друкаваныя дакументы — гэта не толькі газеты, часопісы, кнігі, — звяртае ўвагу першы намеснік дырэктара па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена ДАЎГАПОЛАВА. — Што датычыцца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, гэта і паштоўкі, плакаты, карты, вінілавыя дыскі. А таксама ўсе электронныя рэсурсы. Усе буйныя бібліятэкі, у прыватнасці нацыянальныя, маюць добра структураваныя сайты».

Пра рост патрыятызму і любові да айчыннай культуры расказала дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Таццяна ШВЕД:

— У бібліятэках праходзіць даволі шмат прэзентацый кніг на беларускай мове. Мы імкнёмся выхаваць у нашых юных наведвальнікаў любоў да свайго роднага краю, мовы, літаратуры. У адной з бібліятэк працуе «Беларуская хатка», дзе мы можам дапамагчы дашкольнікам вывучыць беларускую мову. Хачу заўважыць, што нягледзячы на меркаванне, што на беларускай мове мала размаўляюць, ёсць пэўныя іншыя праблемы. Аднак я звярнуся да лічбаў: кнігавыдача асобнікаў на беларускай мове ў 2017 годзе, у параўнанні з 2016-м, вырасла на 26 тысяч. Бацькі малодшых школьнікаў пачалі больш запытвацца пра літаратуру на беларускай мове.

Па словах Таццяны Швед, усцешна і тое, што пачало выдавацца больш літаратуры на роднай мове для дашкольнікаў, малодшых школьнікаў, таму цяпер бібліятэкарам ёсць што прапанаваць сваім юным чытачам.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: У бібліятэкі — адчыненыя дзверы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...