Вы тут

Жыццёвінкі


Добра, дзе нас няма

Алег рос адзіным дзіцем у сям'і настаўнікаў. Інтэлігентныя бацькі праяўлялі да яго такі клопат, якому маглі б пазайздросціць у многіх іншых сем'ях. У адрозненне ж ад апошніх яны не забывалі і пра тое, што падлетку, калі ў яго фарміруецца характар, неабходна пастаянная запрэжка — як разумовая, так і фізічная. Гэтага крэда Пётр Сямёнавіч і Алена Паўлаўна цвёрда прытрымліваліся, адначасова не прыгнятаючы яго жаданні і волю. Напэўна, таму ў адрас Алега ніхто не мог сказаць, што ён — мамчын сынок, на якога бацькі баяцца дыхнуць, каб, крый божа, не сапсаваць яго настрой ці выклікаць яго незадавальненне.

Напрыклад, калі хлопец задумаў пайсці спачатку ў спартыўную секцыю па гімнастыцы, не пярэчылі яму. Гэтак жа было, калі ён падаўся ў бокс. Бацька, як былы спартсмен, папярэджваў яго — гэта не тваё, — але адгаворваць не стаў. Маўляў, паспрабуй, памацай усё, паспытай на сабе, зрабі самастойны выбар, каб потым не шкадаваць. Сапраўды, Алег не затрымаўся і там.

А той выбар прыйшоў неўзабаве, сам сабою. У пятым класе хлопец запісаўся ў секцыю па грэка-рымскай барацьбе, а ў дзясятым, выпускным, стаў кандыдатам у майстры спорту. Улічваючы яшчэ і тое, што ў школе ён вучыўся на чацвёркі і пяцёркі, перад ім адкрываліся шляхі-дарогі для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову, у чым яго жаданне супала з жаданнем бацькоў.

Але вось якая ВНУ — трэба было думаць. Таму што ў тыя савецкія часы многія інстытуты ды акадэміі стараліся займець перспектыўных спартсменаў, якім (чаго граху таіць?) дапамагалі здаць іспыты. Дык вось, Алегу нават прапановы паступаць пачалі з некаторых навучальных устаноў, чаму ён не толькі здзівіўся, але і зрабіў выснову: ён, аказваецца, «каштоўны кадр». Куды да яго сябрам-аднакласнікам, якія з цэлай нізкай «траякоў» у атэстатах сталасці будуць дрыжаць пры паступленні ў прафтэхвучылішчы!

Між тым узрослая самаацэнка не перашкаджала Алегу браць вышыню за вышынёй як у вучобе, так і ў спорце: стыпендыя ў педагагічным інстытуце яму была забяспечана па зразумелай прычыне (толькі добрыя і выдатныя ацэнкі). І ў спорце — поспех: яго ўключылі ў склад зборнай вобласці і нават рэспублікі.

Усё ішло добра, калі не лічыць адной стрэмкі, якая пачынала «калоць» яго. Сустрэўшыся са сваімі сябрамі-пэтэвэшнікамі, ён даведаўся, што ў час вытворчай практыкі на «Гомсельмашы», станкабудаўнічым заводзе імя Кірава і хімічным ім плацілі такія сумы, якія пераўзыходзілі месячныя заробкі яго бацькоў. А гэта азначала, што такая аплата пасля заканчэння інстытута будзе чакаць і яго. Дык ці справядліва гэта, каб троечнікі былі ў большай пашане, чым выдатнікі?

Паступова ў галаву хлопца ўпаўзла думка: пасля другога курса кінуць інстытут і пайсці на завод. Там навучаць рабочай спецыяльнасці, там будзе дастойны заробак. Пра што не, не ды і загаворваў з бацькамі. Тыя добра ведалі характар сына: калі што задумае — рана ці позна зробіць. Угаворванні тут не дапамогуць. Таму дамовіліся паміж сабой: няхай пакаштуе рабочага хлеба.

Сказалі ж яму наступнае. Не хапае крыху грошай, каб купіць легкавушку. Каб не залазіць у крэдыт, ці не зможа Алег дапамагчы ім: на адзін месяц скараціць знаходжанне ў летнім спартыўным лагеры і недзе папрацаваць. Той з душой прыняў прапанову бацькоў, паставіўшы такую ўмову: каб быць свабодным у васямнаццаць гадзін, калі сонца яшчэ высока і будзе магчымасць загараць і купацца ў Сожы разам з сябрамі.

Першая і другая прапановы Пятра Сямёнавіча і Алены Пятроўны стаць грузчыкам у магазіне і працаваць на пілараме не падышлі, а вось трэцяя Алегу спадабалася: работа на асфальтабетонным заводзе.

Пра тое, як прайшоў у Алега першы тыдзень на рабоце, ён расказваў бацькам стрымана. Дым, смурод, шухлі-лапаты і г. д. Цяжкавата, але цярпець можна. Тады ж прывёз такую замурзаную робу, што маці ледзь адшкрэбла яе ад бруду. Пасля другога тыдня расказаў, што ў брыгадзе адзін дзівак ёсць. Паўтараметрам яго клічуць. З-за невялікага росту. У паўтары змены ўкалвае. Худы як шчэпка. Бо дурань: чацвёрты раз ажаніўся. Тром жонкам аліменты на дзяцей выплачвае. Пасля трэцяга тыдня апавядаў, як двое мужыкоў у час абедзенага перапынку недзе ў кустоўі прынялі спіртное і заснулі. А калектыў — на брыгадным падрадзе. Дык ім прэмію ўрэзалі і так прачысцілі на сходзе, што доўга памятаць будуць.

Больш нічога цікавага на заводзе Алег не знайшоў. Па яго настроі было відаць, што ў гэтай рабоце ён расчараваўся, нягледзячы на тое, што заробленая ім за месяц сума сапраўды перавысіла месячную зарплату бацькоў. За гэтыя грошы Алегу купілі японскі магнітафон. Ды гэта не такі важны ўжо факт.

А Пятра Сямёнавіча і Алену Пятроўну ўзрадавала тое, што хлопец, апынуўшыся ў рабочым асяродку, пачаў разумець, што да чаго: рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей.

...Праз тры гады Алег атрымаў чырвоны дыплом.


Самакат

З прыгараднага цягніка Гомель — Клёнкі — Гомель крочу да сваёй дачы. Наперадзе чыкільгае бабуля, у якой заняты дзве рукі, а ў дадатак яшчэ — заплечнік. Побач з ёй весела шыбуе на самакаце гадоў шасці-сямі, відаць па ўсім, даволі дужы для свайго ўзросту хлапчына. Дарога добра ўтаптаная, таму хлопчык без лішніх фізічных высілкаў можа паскараць язду. Але вось дарога ў жаўтапёсак, які некалькі дзён таму патокамі праліўнога дажджу павыбівала з пагорка.

Самакат, натуральна, «забаставаў», і малы адразу спахмурнеў: трэба самому станавіцца конікам, упрагацца ў той вазок. Бо наперадзе, як кінуць вокам, той жа пясок-сыпун, які «раскоўзалі»-размясілі машыны ды матацыклы.

Хлапчына, аднак, не губляецца:

— Вазьмі самакат, баба, — кажа патрабавальным тонам, які мяне вельмі здзівіў.

— Куды, Васёк? Рукі ж, сам бачыш, занятыя.

— Пакеты — у адну руку, самакат — у другую, — выкладвае «рацыяналізатарскую» прапанову ўнучак.

— Мне і без твайго самаката цяжка, — уздыхае жанчына, прыхінуўшыся, каб адпачыць, да дуба. — Узрост сам ведаеш які. А ты...

— А я — малы яшчэ, каб цягаць такі груз, — перабівае яе Васёк і спрабуе «дабіць» бабулю наступным аргументам: — Хіба не ты ўвесь час гаварыла, што вельмі любіш мяне, а зараз што — адмаўляешся?

— Ды не, не адмаўляюся, люблю цябе, дзіцятка, — пачала апраўдвацца бабуля, прымаючы той самакат і, напэўна, прыкідваючы ў думках, як лепш прыладкаваць яго да сваіх рэчаў, каб дагадзіць унуку.

— Ну вось і добра, — адразу павесялеў той. — Толькі не капайся, як курыца.

Быўшы выпадковым сведкам убачанага і пачутага, я хацеў умяшацца ў размову старой і малога. Ды не паспеў, бо апярэдзіў незнаёмы мужык, што таксама крочыў услед за імі.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

— Падстаўляй, баба, горб, — заявіў ён ёй. — Падсаджу на яго твайго Васька, каб вазіла яго. Век пражыла, а не ведаеш, што дзяцей трэба змалку прывучаць да працы і да павагі, каб потым не плакаць ад іх эгаізму. Што нельга патураць ім пры кожным капрызе. А ты, лайдак (гэта ўжо да апошняга), запомні на ўсё жыццё: любіш катацца — любі і саначкі вазіць.

Грозна зірнуўшы на Васька, ён тут жа распарадзіўся:

— Бабулін рукзак — сабе за спіну, самакат — у рукі і марш наперад!

Хлапчына шмаргануў носам і, адразу стаўшы паслухмяным, паплёўся па дарозе. Мужык рушыў за ім.

Можна па-рознаму каментаваць апісаную сітуацыю, разглядаць плюсы і мінусы гэтага выхаваўчага «працэсу», калі б не наступны момант. Здарылася так, што, вяртаючыся пад вечар да прыпынку дызеля, я зноў убачыў у сябе наперадзе бабулю і яе ўнука. Яна несла два пакеты з агурочкамі і памідорчыкамі, а Васёк з туга набітым заплечнікам то борздка імчаў на самакаце, то перакідваў яго з рукі ў руку, калі ехаць было немагчыма. Таго незнаёмага мужыка побач з імі не было. А ў іхніх думках, напэўна, ён усё ж застаўся...


Канадзец Валерка прыехаў у госці...

Во радасці было ў Сцяпана Мікітавіча і Марыі Канстанцінаўны, калі ў госці да іх прыехала Святлана. Ды не адна, а з сынам Валеркам. З Канады, у якой яна пасялілася пятнаццаць гадоў таму разам з мужам Іванам. Раней жылі яны ў Гомелі, дзе нарадзілі дачку Люду, а Валерку прыдбалі ўжо там, у Манрэалі. Маладая сям'я чатыры разы наведвалася да родных, а вось сёлета Святлана з'явілася да іх з Валеркам. Нагодай для гэтага стала сустрэча з аднакласнікамі.

Калі суседзі па дзевяціпавярховіку не, не ды цікавіліся ў Пятровых (прозвішчы ўсе зменены), як там за акіянам жывецца сям'і Сінягрыбавых, адказ быў адзін: добра. Святлана працуе настаўніцай у школе з месячным заробкам у тры тысячы канадскіх долараў, а Іван — механікам у нейкай фірме з яшчэ нашмат большай зарплатай. Люда вучыцца ва ўніверсітэце, а Валерка ходзіць у школу. Сям'я будуе ў прыгарадзе катэдж на дзесяць пакояў, узяўшы ў дзяржавы крэдыт пад чатыры працэнты гадавых.

Адны суседзі па-добраму радаваліся за Пятровых і Сінягрыбавых, другія — употайкі зайздросцілі ім. Ды на здароўечка гэта, калі б не адзін выпадак, які сапсаваў настрой Сцяпану Мікітавічу і Марыі Канстанцінаўне. А пачалося ўсё з таго, што сусед Пятровых па лесвічнай пляцоўцы Павел Макаравіч у прызначаным згодна з праектам памяшканні для збору смецця прыхоўваў ад сварлівай жонкі пляшку пладова-ягаднага віна. Нырнуўшы туды, глыне таго «чарніла» — і ходу назад. А тут што атрымалася? Тое месца, дзе знаходзілася пляшка, аказалася пад двума вялікімі мяшкамі, загружанымі пустымі пластмасавымі бутэлькамі. І вось — на табе! Трэці мяшок прыпёр сюды на вачах Паўла Макаравіча, хто б вы думалі, — Валерка!

— Навошта? — пацікавіўся ў яго Сабулдыжкін.

— Як навошта? — здзівіўся хлапчук. — Каб здаць і атрымаць грошы. На кіно ці марожанае.

Эге, пульсанула думка ў галаве выпівохі: брахнёй займаюцца Сцяпан Мікітавіч і Марыя Канстанцінаўна. Не салодка жыць іхнім канадцам у чужой краіне. Калі не жабракі, дык бядотнікі! Не могуць выдзеліць хлапцу пяцёрку якую на білет у кіно.

Такая вось пагалоска і пайшла гуляць спачатку па тым пад'ездзе, у якім жывуць Пятровы і Сабулдыжкіны, а затым і па ўсіх астатніх чатырох. Калі дакацілася яна да Сцяпана Мікітавіча і Марыі Канстанцінаўны, яны сталі прасіць Святлану, каб яна забараніла Валерку збіраць тыя бутэлькі. Але дачка заўпарцілася і сказала, што, як і ў Канадзе, яе сын займаецца карыснай справай, бо прывучаецца да працы. Як і Люда, якая ў час летніх канікулаў наймаецца ў рэстаран ці кафэ мыць посуд. Там, за акіянам, дзецям на лета знаходзяць занятак, каб яны не швэндаліся без справы, не білі шкляную тару, не пісалі нецэнзуршчыну на сценах дамоў, як гэта часцяком назіраецца ў нас.

Не магу сказаць, правільна ці няправільна зрабіла Святлана, калі ўпотайкі ад бацькоў з паўлітэркай гарэлкі завітала да Паўла Макаравіча, калі яго жонкі не было, і, не прыгадваючы, што два ягоныя сыны пры патуранні бацькоў ударыліся ў гультайства і дакаціліся да турмы, паставіла яму гэту пляшку. Дамовіўшыся, што той пагалосцы, якую ён пусціў, дасць зваротны ход, чэсна расказаўшы насельнікам дома, чаму яе Валерка так рабіў.

І што вы думаеце: спрацавала! Сабулдыжкін, трэба аддаць тут яму належнае, стрымаў дадзенае слова і нават знайшоў у сабе сілы папрасіць прабачэння ў сваіх суседзяў.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.