Вы тут

Інвазійныя расліны. Як з імі змагацца?


Інвазійныя расліны наносяць шкоду прыродзе, здароўю людзей і эканоміцы краіны. Якім чынам можна гэтаму супрацьстаяць?

Папаўненне беларускай флоры новымі раслінамі, мэтанакіравана ці выпадкова прывезенымі з іншых краін, на жаль, не заўсёды праходзіць бяскрыўдна. Некаторыя з «чужаземцаў» выходзяць з-пад кантролю і пачынаюць захопліваць усё большыя тэрыторыі. Спецыялісты называюць такія расліны інвазійнымі.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Паводле даных Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча, у краіне зарэгістравана 348 відаў чужародных раслін, якія займаюць плошчу больш за 64 тысячы гектараў. Найбольш агрэсіўнымі прызнаныя звыш 54 відаў, а 30 з іх адносяцца да так званых трансформераў — раслін, здольных прыводзіць да карэннай трансфармацыі экасістэм на значных тэрыторыях.

Каб той ці іншы від раслін назваць інвазійным, спецыялісты правяраюць, ці адпавядае ён пэўным крытэрыям: як хутка распаўсюджваецца, як уплывае на абарыгенныя віды, ці можа наносіць — цяпер і ў перспектыве — значную эканамічную шкоду (у 1 тыс. і больш базавых велічынь).

Да найбольш небяспечных інвазійных раслін на тэрыторыі Беларусі аднесены гіганцкія баршчэўнікі (Сасноўскага і Мантэгаці), сумнікі канадскі і гіганцкі, эхінацысціс лопасцевы, клён ясенялісты і рабінія лжэакацыя. Усе яны ўключаны ў пералік відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягаюць рэгуляванню.

Гіганцкія парасонікі

Самую вялікую пагрозу нясуць два віды баршчэўніку — Сасноўскага і Вільгельмса старая назва — Мантэгаці). Гэтыя расліны нездарма адносяць да групы гіганцкіх: акрамя масіўнага сцябла, велізарных лісця і суквеццяў, яны маюць і магутную каранёвую сістэму, якая можа пранікаць на глыбіню да двух метраў.

— Гэтыя расліны ўтвараюць вялікую колькасць насення, якое захоўвае ўсходжасць ад некалькіх гадоў да дзесяцігоддзяў, — расказвае Уладзімір ЛЯБЕДЗЬКА, навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча. — Калі своечасова не абкасіць баршчэўнік і даць яму сфарміраваць парасонікі, гэта прывядзе да «забруджвання» наваколля на вельмі доўгі час.

Баршчэўнік, як вядома, выцясняе абарыгенныя віды раслін і жывёл, значна трансфармуе асяроддзе іх пражывання. Абодва віды ў сонечнае надвор'е выдзяляюць фуранакумарыны — рэчывы, якія, трапіўшы на скуру чалавека, пад уздзеяннем сонечных промняў выклікаюць моцныя хімічныя апёкі. Гэтыя расліны зніжаюць эстэтычную прывабнасць ландшафтаў, робяць немагчымым выкарыстанне зон адпачынку.

Сваё шэсце па Беларусі баршчэўнік Сасноўскага пачаў у 1955 годзе з... Цэнтральнага батанічнага сада Акадэміі навук. Так далёка ад сваёй радзімы (Каўказа) ён апынуўся дзякуючы насеннаму матэрыялу, які паступіў вучоным з Санкт-Пецярбурга. Першыя яго вытворчыя пасевы былі закладзены ў саўгасах Мінскага раёна, а потым і ў іншых рэгіёнах цэнтральнай часткі краіны. Менавіта таму сёння Мінская вобласць — адна з лідараў па распаўсюджанасці баршчэўніку.

Увогуле ж на тэрыторыі краіны выяўлена 4754 месцы росту гіганцкіх баршчэўнікаў агульнай плошчай звыш 3078 гектараў. 74 % іх размешчаны ў Віцебскай вобласці.

Шукаць агрэсараў дапамогуць... квадракоптары

Як расказалі ў прыродаахоўным ведамстве, гэтыя лятальныя апараты плануецца выкарыстоўваць пры абследаванні тэрыторый на прадмет росту інвазійных відаў раслін — баршчэўнікаў, сумнікаў і іншых. Іх вынікі дапамогуць тэрытарыяльным органам Мінпрыроды больш эфектыўна працаваць з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці гэтых відаў раслін.

Як змагацца з баршчэўнікам:

  • некалькі разоў на год праводзіць скошванне раслін, не дапускаючы фарміравання парасонікаў і, адпаведна, насення;
  • прымяняць гербіцыды, якія шкодна ўздзейнічаюць не толькі на расліну, але і на насенне, што трапіла ў глебу, глыбока пераворваць апошнюю некалькі разоў;
  • праводзіць перазалужэнне шматгадовымі злакамі;
  • для прадухілення распаўсюджвання баршчэўніку ў лясах ствараць загушчаныя лесакультуры з мясцовых відаў.

З сумнікам сумна

Упершыню прадстаўнікі гэтых паўночнаамерыканскіх раслін былі адзначаны ў пачатку ХХ стагоддзя ў Навагрудскім раёне. А праз некаторы час пачалі распаўсюджвацца не толькі па кветніках, але і за межамі прысядзібных участкаў.

Сёння пагрозу наваколлю нясуць у асноўным два віды сумнікаў — канадскі і гіганцкі. Яны так падобныя адзін да аднаго, што адрозніць іх можа толькі спецыяліст. Але па сваім адмоўным уплыве расліны прыкладна раўназначныя.

— У 1990-я гады сумнікі былі вельмі папулярныя ў кветкаводстве, — расказвае Уладзімір Лябедзька. — Вырошчваючы сумнікі на сваіх участках, людзі не вельмі клапаціліся пра іх утылізацыю. Так насенне трапляла на пусткі, звалкі, узбочыны дарог, і паступова займала ўсё большыя тэрыторыі.

Па словах вучонага, у Беларусі пакуль не такая складаная сітуацыя, як, напрыклад, ва Украіне, але расслабляцца не трэба — і ў нас гэта расліна так трансфармуе некаторыя ўчасткі, што ў выніку там нічога, акрамя сумніку, не расце. У нашай краіне выяўлена больш за 1950 месцаў росту сумнікаў на плошчы 495 гектараў. Гэтыя расліны распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі, але асабліва шмат іх у Мінскай вобласці (95 % ад усёй іх плошчы). Асноўныя цэнтры рассялення — Мінскі, Смалявіцкі, Пухавіцкі і Маладзечанскі раёны.

Як змагацца з сумнікам:

  • шматразова скошваць расліну на працягу сезона. Пажадана выдаляць нават невялічкія парасткі;
  • узворваць глебу ў месцах, дзе ён расце, а таксама праводзіць залужэнне мясцовымі злакамі;
  • на прысядзібных участках абавязкова зразаць мяцёлкі суквеццяў да таго, як яны пачнуць бурэць. Калі гэтага не рабіць, расліны змогуць сфарміраваць насенне, якое хутка разнясецца па наваколлі. Зрэзаныя часткі расліны неабходна ўтылізаваць у кампоставых ямах. Пры гэтым у кампост нельга выкідаць сырое карэнішча — трэба спачатку яго здрабніць і падсушыць ці спаліць.

Штраф за кветнік

Тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды накіроўваюць землекарыстальнікам патрабаванні правесці на іх тэрыторыі работу — мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці інвазійных раслін. Калі падчас кантрольных мерапрыемстваў выяўляецца, што патрабаванні не выкананы, карыстальнікі зямельных участкаў прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (прадугледжвае папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь).

Па стане на 20 жніўня за невыкананне патрабаванняў па правядзенні работ з інвазійнымі раслінамі на землекарыстальнікаў складзена 242 пратаколы, накладзена штрафных санкцый на суму 28,407 тысячы рублёў.

З пэндзлем супраць клёна

Распаўсюджанне клёна ясенялістага  праблема даўняя. Гэта лістападнае дрэва з'явілася ў нашай краіне дзесьці ў 1830-х гадах. З пачатку 1850-х клён вырошчвалі ў батанічным садзе г. Горкі, а з канца ХІХ — пачатку ХХ ст. ён ужо актыўна выкарыстоўваўся ў дэкаратыўных мэтах, у тым ліку і для азелянення гарадоў.

— Паступова бяскрыўдная расліна стала адной з самых агрэсіўных у флоры Беларусі, — адзначае Уладзімір Лябедзька. — З другой паловы ХХ стагоддзя клён стаў дзічэць і распаўсюджвацца па далінах рэк, пойменных лясах, пустках. За кошт хуткага прыросту ён прыгнятае іншыя віды дрэў, утварае густыя зараснікі, дзе больш нічога не расце.

У краіне налічваецца 4271 папуляцыя клёна ясенялістага на плошчы 350 гектараў. Максімальная колькасць месцазнаходжанняў і максімальная плошча адзначаны ў Мінскай вобласці і Мінску. Часта ён сустракаецца ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях. Вучоны ўпэўнены: неабходна спыніць выкарыстанне гэтага віду ў азеляненні гарадоў і іншых населеных пунктаў. Аднак, на жаль, там да гэтых парад не надта прыслухоўваюцца.

Клён ясенялісты размнажаецца як насеннем, так і парасткамі. Апошняе вельмі ўскладняе барацьбу з ім: пасля звычайнай высечкі ён узнаўляецца ў выглядзе маладых парасткаў. Таму пажадана спілы дрэў апрацоўваць гербіцыдам (з дапамогай пэндзля), а маладыя расліны, парасткі можна выкопваць.

Духмяная захопніца

На тэрыторыю Беларусі рабінія лжэакацыя (ці акацыя белая), відаць, трапіла ў канцы ХVІІІ стагоддзя як дэкаратыўная і меданосная расліна. Пасля чаго паспяхова «ўцякла» ў прыроду. Сёння гэта цеплалюбівая расліна часцей за ўсё сустракаецца ў паўднёвых рэгіёнах краіны: найбольшая плошча распаўсюджвання рабініі адзначана ў Гомельскай вобласці — 245 гектараў — і на Брэстчыне — 161 гектар. Усяго ж зарэгістравана 1683 яе месцазнаходжанні. На некаторых участках рабінія так разраслася, што ўтварыла цэлыя лясы — так званыя акацыевікі.

— Белая акацыя выцясняе не толькі драўняныя пароды — звычайна нічога не расце і пад яе полагам, — адзначае навуковец. — У расліны фарміруецца шмат жыццеўстойлівага насення, акрамя таго, яна, як і клён ясенялісты, інтэнсіўна размнажаецца парасткамі. Нягледзячы на тое што яе выкарыстоўваюць у якасці меданосу, рабінія наносіць больш шкоды, чым карысці. Яна не толькі негатыўна ўплывае на абарыгенныя віды, але і з'яўляецца крыніцай распаўсюджвання шэрагу шкоднікаў і захворванняў іншых раслін. Таму рабінію вырошчваць нельга.

Простае высяканне дрэў без барацьбы з парасткамі нічога не дасць — у хуткім часе рабінія зноў адновіць папуляцыю. Дапамогуць выкопванне парасткаў на ранніх стадыях, кальцаванне дрэў, а таксама выкарыстанне гербіцыдаў (апошнія нельга прымяняць для рабініі, якая расце каля вадаёмаў і вадацёкаў).

Пагроза для поймаў

Эхінацысціс лопасцевы — аднагадовая травяністая расліна, якая селіцца ўздоўж ручаёў, у поймах рэк, а таксама ў кінутых садах, парках і на пустках.

Упершыню на Беларусі ён быў адзначаны ў 1963 годзе на прысядзібных участках у в. Камянюкі ў Белавежскай пушчы. У гэты час расліна пачала актыўна культывавацца насельніцтвам, а потым паступова стала выходзіць у прыродныя экасістэмы.

Масавае яе распаўсюджванне адбылося ў канцы 1990-х гадоў. Сёння гэта паўночнаамерыканская расліна сустракаецца па ўсёй Беларусі, але найбольш часта ва ўсходняй яе частцы — у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Пакутуюць ад інвазіі поймы буйных рэк — Дняпра, Сожа і Бярэзіны. А ўвогуле на тэрыторыі краіны зарэгістравана 1318 яе месцазнаходжанняў на плошчы 135 гектараў.

— Эхінацысціс робіць вялікі цень, у выніку чаго гінуць усе травяністыя расліны, прыгнятаюцца хмызнякі, якія ён абвівае, — расказвае Уладзімір Лябедзька. — Яго слабае месца — цеплалюбівасць. Гэта расліна баіцца ранневясновых замаразкаў і часта гіне. Але дзякуючы вялікай колькасці насення на наступны год лёгка аднаўляе сваю папуляцыю.

На прысядзібных участках з эхінацысцісам справіцца можна — дапамагае звычайная праполка. А вось для поймаў меры барацьбы пакуль не распрацаваны: там немагчыма знішчыць расліну ручным спосабам. Мабыць, там неабходна арганізоўваць экалагічныя суботнікі.

У краінах Еўрасаюза эканамічная шкода ад біялагічных інвазій ацэньваецца прыкладна ў 12,5—20 млрд еўра ў год. Шмат дзе дзейнічаюць спецыяльныя праграмы па абмежаванні распаўсюджвання і вынішчэнні гіганцкіх баршчэўнікаў і іншых чужародных шкодных раслін і жывёл. Але цалкам вынішчыць інвазійныя расліны немагчыма, можна толькі значна паменшыць іх колькасць.

Фота з архіва лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: «Зялёныя» наступаюць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.