Вы тут

Ода працоўнаму чалавеку


Калі б я, як Міхайла Ламаносаў ці Гаўрыла Дзяржавін, умела пісаць оды, я прысвяціла б самую лепшую з іх не каранаваным асобам, а... працаўніку. Таму, хто стварае сваімі рукамі ўсе выгоды цывілізацыі, інакш кажучы, робіць тое, чым усе мы паспяхова карыстаемся.


Не раз думала аб гэтым апошнімі днямі, калі перад вачыма штодзень — будаўнікі, якія ўзводзяць Кобрынскі мост у Брэсце. Як кажуць у нас, аб'ект тысячагоддзя. Дык вось, для таго, каб паспець менавіта да юбілею, каб усім было зручна і прыгожа на святкаваннях, сёння людзі працуюць ад зоркі да зоркі. Апошняе — не метафара: еду у адзін з дзён у суботу ў сем раніцы на дачу — будаўнікі ўжо шчыруюць на аб'екце, вяртаюся ў нядзелю ў восем вечара — яшчэ працуюць. А калі ўлічыць, што гэтае лета радавала тэмпературнымі рэкордамі тых, хто ляжаў на пляжы, і зусім не радавала іншых... Не смешкі ж — цэлы дзень не ляжаць, а працаваць пад сонцам, калі ў цяньку тэмпература даходзіць да 32 градусаў. Гэта сапраўды вельмі цяжка нават для маладога арганізма. Але ж шчыруюць мужчыны, спяшаюцца, каб, барані бог, не выбіцца з графіка будаўнічых работ, які карпатліва склалі ў кабінетах. Толькі цяжка сказаць, наколькі добра апошняе. Папярэдні мост прастаяў сто гадоў. І ўзводзілі яго паступова, зусім не ў рэкордныя тэрміны. Калі ж спяшацца, каб увесь час трапляць у графікі, то невядома, якія агрэхі могуць потым вылезці. Але гэта ўжо не паставіш у віну працоўнаму чалавеку, які рабіў сваю справу. Гэта іншая гісторыя, якой лепш не здарацца.

У нас многа чаго робіцца сёння пад будучае свята. Дачакаўся свайго рамонту і Брэсцкі дом друку. Адна з будаўнічых фірмаў абнаўляла фасад будынка. Работы звонку наогул самыя складаныя. Работнікі цэлую змену вісяць у люльках і рамантуюць сцены. Вось так сядзіш, стукаеш па клавішах свайго камп'ютара, а перад акном раптам завісае люлька. Пасля гэтага рабочы пачынае абліцоўваць сцяну, тынкаваць, фармаваць. Работа вядзецца ўручную, кожны квадратны дэцыметр трэба загладзіць і выраўняць, а потым ужо пакрыць свежым слоем фарбы. А да самых аддаленых куткоў фасада бывае складана дацягнуцца. Аднойчы проста насупраць майго акна рабочы выйшаў з люлькі, ступіў на карніз і стаў кельняй раўняць агрэхі, кідаючы раствор туды, куды раней не даставаў. Выйшаў без усялякай страхоўкі, трымаючыся за сцяну на ўзроўні трэцяга паверха. Я аж пісаць перастала, мне стала страшна. Я думала тады: «Добра, што не бачыць маці гэтага хлопца альбо жонка, калі ёсць». Потым, калі ён вярнуўся ў люльку і я з палёгкай выдыхнула, паспрабавала асэнсаваць убачанае.

Вядома, спецыялісты па ахове працы адразу б прыцягнулі гэтага работніка да адказнасці, ды і яго брыгадзіру, інжынеру, начальніку дасталося б. Але ж усё сапраўды не прадугледзіш правіламі. І ён ступіў на той злашчасны карніз, каб зрабіць прыгожа і акуратна. Як па мне, дык хай яно сто гадоў стаяла б з шэрай плямай, чым рызыкаваць жыццём нейчага сына, мужа альбо бацькі. Але ж на вытворчасці, тым больш будаўнічай, кожны дзень здараюцца нейкія неспадзяванкі, цяжка ўсё раскласці па паліцах, падагнаць пад правілы.

Адным словам, не цэнім мы заслугі працоўнага чалавека належным чынам. Цяпер грамадства, дзякуючы ў асноўным мас-медыя, арыентаванае на прыгожага, паспяховага, самадастатковага чалавека, які, шырока ўсміхаючыся, дэманструе сваё глянцавае жыццё — прасторны дом, шыкоўную машыну, дагледжаных жонку і дзяцей. А вось якой працай апошняе здабываецца, гаворыцца меней і неяк не вельмі канкрэтна. Падразумяваецца, што важна ўмець зарабляць. Падобная карцінка ўбіваецца ў свядомасць падрастаючага пакалення і трансфармуецца ў іншы стэрэатып. Для іх важна ўсё мець, але асабліва не напружвацца, пажадана, каб усё гэта нехта прынёс на сподачку з блакітным беражком. А зарабіць самому? Ну хіба заробіш на будоўлі на прыгожае жыццё? У сяброўкі, якая працуе бухгалтарам у адной будаўнічай арганізацыі, цікаўлюся пра сярэдні заробак іх работнікаў. Яна толькі адмахваецца: вой, не наступай на балючае!

Словам, усе мы ў даўгу перад працоўным чалавекам, які стварае матэрыяльныя каштоўнасці, робіць паўсядзённае жыццё прыгожым, зручным, функцыянальным. Не грэх часам успомніць, што масты і дарогі, па якіх кожны дзень праязджаем, дамы, у якіх жывём, узведзены рукамі канкрэтных людзей. Так што давядзецца некалі ў адказ стварыць оду працоўнаму чалавеку ў сучасным яе напаўненні, у тым ліку грашовым. Жыццё прымусіць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.